Беларусам закрылі мяжу на выезд: COVID-19 ці палітыка?

З 21 снежня з-за COVID-19 Беларусь закрывае выезд з краіны. Апытаныя DW эксперты лічаць, што ўлады такім чынам толькі спрабуюць пагасіць пратэсты і спыніць адток працоўнай сілы.



Пункт пропуску Брэст. З 21 снежня беларусы не змогуць пакінуць краіну праз наземныя пункты перасячэння мяжы

Пункт пропуску Брэст. З 21 снежня беларусы не змогуць пакінуць краіну праз наземныя пункты перасячэння мяжы


Для беларусаў адправіцца за мяжу хутка стане вялікай праблемай — у чацвер, 10 снежня, улады Беларусі ўвялі часовую забарону на выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску. Як сказана ў пастанове Савета Міністраў, гэтая мера пачне дзейнічаць з 21 снежня і прымаецца ў мэтах прадухілення распаўсюджвання COVID-19.

Закрыццё мяжы (прычым менавіта на выезд, а не на ўезд) супярэчыць першапачатковай палітыцы Мінска ў дачыненні да каронавіруса, якую эксперты называлі ковід-дысідэнцкай. Увесну гэтага года, у пачатку першай хвалі пандэміі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў, што "нам не трэба закрывацца ні ад палякаў, ні ад расія, ні ад украінцаў".

Што кажуць аб будучым закрыцці мяжы назіральнікі і прычым тут акцыі пратэсту — высвятляла DW.

 

Сітуацыя з COVID-19 у Беларусі пагоршылася

Згодна з новай рэдакцыяй пастановы Саўміна "Аб мерах па прадухіленні распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання", з 21 снежня часова прыпыняецца перасячэнне дзяржмяжы на выезд з Беларусі грамадзянамі Рэспублікі, а таксама замежнікамі, якія маюць дазволу на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі краіны. Гэтыя абмежаванні датычацца толькі наземных пунктаў пропуску, але не закранаюць аэрапорты.

Афіцыйная прычына прынятых мер — барацьба з пандэміяй COVID-19. Праўда, яшчэ нядаўна беларускія ўлады зусім інакш рэагавалі на каронавірусную інфекцыю — у разгар першай хвалі ў Мінску праходзілі Парад Перамогі і рэспубліканскі суботнік, а пра лакдаўн і гаворкі не ішло.

"Нам не трэба зачыняцца ні ад палякаў, ні ад расіян, ад украінцаў. Калі яны хочуць — хай зачыняюцца. Нам не трэба гэта рабіць, таму што гэта пустое", — запэўніваў Аляксандр Лукашэнка ў сакавіку. І раіў усім лячыцца ад ковіду "лазняй, гарэлкай і трактарам".

Зрэшты, апошнім часам нават паводле афіцыйнай статыстыкі, якой шмат хто ў краіне не давярае, сітуацыя з COVID-19 у Беларусі значна пагоршылася — у першую хвалю колькасць выяўленых выпадкаў інфікавання не дасягала і тысячы за суткі, а цяпер стабільна трымаецца ў раёне 1600–1800. У такіх умовах улады спачатку пачалі паступова ўводзіць абавязковы масачны рэжым, а з 1 лістапада закрылі межы для ўезду замежнікаў і асоб без грамадзянства праз наземныя пункты пропуску.

 

Для барацьбы з COVID-19 закрываць мяжу на выезд не трэба

Аналітыкі сумняваюцца ў тым, што меры, якія ўводзяцца, сапраўды закліканыя змагацца з каронавірусам. "Няма ніякіх дадзеных, што эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне дрэнная з-за таго, што вірус у Беларусь завозяць. Акрамя таго, гэтыя меры трэба было ўжываць у самым пачатку эпідэміі, каб не дапусціць распаўсюджвання ковіду. Цяпер ужо позна", — лічыць дырэктар Цэнтра "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч. Паводле яго слоў, людзі, якія выязджаюць з краіны, на эпідэміялагічную сітуацыю ў ёй ужо не ўплываюць.

Меркаванне Казакевіча падзяляе і лекар-інфекцыяніст Мікіта Салавей. "Закрываюць межы звычайна на ўезд, а не на выезд. Выезд ад нас пацыентаў з COVID-19 — гэта праблема іншых краін, а не Беларусі. Мне здаецца, прычыны павінны быць іншыя", — растлумачыў Салавей у інтэрв'ю DW.

Апытаныя DW эксперты галоўнай прычынай у дадзеным выпадку называюць палітычны крызіс у краіне, а ніяк не сітуацыю з каонавірусам. "За афіцыйным тлумачэннем крыюцца канкрэтныя палітычныя крокі, накіраваныя на ўзмацненне ўнутранага тэрору і ізаляцыі Беларусі ад знешняга свету", — адзначае кіраўнік Варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозаў Павел Усаў.

На палітычную падаплёку закрыцця межаў паказвае і палітолаг Андрэй Казакевіч: "уяўляецца, што закрываюць межы на выезд для таго, каб збіць пратэстны рух і ўсталяваць больш шчыльны кантроль над людзьмі ў Беларусі". Магчымасць з'ехаць, па выразе палітолага, заўсёды была запасным варыянтам, давала пэўныя псіхалагічныя гарантыі пратэстоўцам.

 

Збіць пратэст, прапанаваць з'ехаць яго актывістам і спыніць адток насельніцтва

Казакевіч таксама звяртае ўвагу на тую частку пастановы Саўміна, якая дазваляе выезд з краіны пэўнай катэгорыі грамадзян (на працу, вучобу і лячэнне) не больш за адзін раз на працягу шасці месяцаў. "Магчыма, гэта імкненне абмежаваць менавіта прыватныя перасячэнні мяжы, каб людзі не маглі выехаць і, як кажуць улады, "атрымаць грошы і інструкцыі для рэвалюцыі", а затым вярнуцца з гэтым у Беларусь", — разважае палітолаг.

Адказваючы на заўвагу аб тым, што самалётам беларусам усё яшчэ можна адправіцца за мяжу, Павел Усаў удакладняе, што ў пастанове гаворка ідзе пра масавы выезд грамадзян: "Калі трэба хутка ўцячы з краіны, то прасцей за ўсё гэта зрабіць праз Украіну, Польшчу ці Літву і там папрасіць прытулак". Павел Усаў таксама нагадаў, што былі выпадкі, калі беларускія ўлады разгортвалі і вярталі самалёт назад у краіну — як пры нядаўнім арышце дырэктараў цукровых заводаў.

Дырэктар Мінскага Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі Юрый Шаўцоў таксама ўбачыў у пастанове Саўміна своеасаблівае адлюстраванне палітычнай сітуацыі ў краіне. "Я б на месцы пратэстных актывістаў так і зразумеў: да 20 снежня ім пакінуты гуманітарны калідор на тэрміновы выезд на захад. На Захадзе дзейнічае асаблівы рэжым прыёму мігрантаў з Беларусі, якія могуць даказаць, што яны палітычна пераследуюцца (на радзіме. — Рэд.): фота ўдзелу ў акцыях, даведкі аб сутках (адміністрацыйнага арышту. І затрыманнях і гэтак далей", — напісаў Шаўцоў на сваёй старонцы ў Facebook.

А Павел Усаў прыгадаў нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці выпрацаваць механізмы прадухілення адтоку насельніцтва з краіны: "Мы бачым вяртанне практык часоў СССР, калі ўлады выкідваюць за мяжу інтэлектуальную эліту, здольную ўплываць на грамадскую думку. З іншага боку, ідзе ціск на асноўную масу насельніцтва з тым, каб грамадзяне не асмельваліся актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці, паколькі няма надзеі, што яны змогуць з'ехаць у выпадку пагрозы". На думку палітолага, чым больш жорсткія рэпрэсіі, тым мацней адток працоўнай сілы з краіны і ўзмацненне яе палітычнай і эканамічнай дэградацыі.

Паводле www.dw.com, пераклад НЧ