Губарэвіч: Забарона на выезд не змусіць беларусаў перастаць пратэставаць

«Падобных ініцыятыў за апошнія месяцы было шмат, гэта хутчэй ад безвыходнасці, стрэсу, бо сістэма трашчыць».



Марш вызвалення палітвязняў у сталіцы. 4 кастрычніка. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Марш вызвалення палітвязняў у сталіцы. 4 кастрычніка. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Праз 10 дзён пачне дзейнічаць забарона на выезд з Беларусі праз наземныя пункты пропуску для грамадзян краіны і асоб, якія маюць тут права на жыхарства. Фармальная прычына — барацьба з каранавірусам. Выязджаць за межы Беларусі змогуць толькі акрэсленыя катэгорыі грамадзян і не часцей, чым два разы ў год.

«Польскае Радыё» запытала палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча, чым на самой справе прадыктаваныя такія крокі ўладаў. На яго думку, гэта зусім не пандэмія каронавіруснай інфекцыі, паколькі дзеля барацьбы з ёй трэба было б зачыніць уезд у краіну, а палітычныя прычыны, якіх як мінімум дзве.

Гэта палітычнае рашэнне, якое абумоўлена двума чыннікамі. Першы — гэта помста тым людзям, якія хочуць шукаць прытулак за мяжою па палітычных матывах, а другі — перашкода бізнесу, які хоча пераехаць працаваць у іншае месца. Цяпер ідзе пераслед бізнесу па палітычных прычынах, ён шукае магчымасці ўцячы.

За апошнія чатыры месяцы, а столькі працягваецца пратэст у Беларусі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў у адносінах мірных дэманстрантаў, назіраецца імклівая страта іміджу за мяжой не толькі беларускіх уладаў, але таксама беларускай эканомікі, якая нясе вялізныя страты — не толькі сваёй рэпутацыі, але і канкрэтныя матэрыяльныя страты, шмат паспяховых кампаній пераехала за мяжу, між іншым ІТ-сектару. Зачыненыя межы для грамадзян Беларусі і асоб з правам на жыхарства ў Беларусі — гэта яшчэ адзін балючы ўдар па эканоміцы Беларусі. Ці ўлады гэтага не разумеюць? Адказвае Валер Карбалевіч.

Там жа ёсць нейкія выключэнні, між іншым для перавозкі грузаў. А калі казаць у больш шырокім кантэксце, то так, сёння ўлады не хвалюе, што застанецца пасля іх. Сёння галоўнае — падавіць пратэсты, адпомсціць тым, хто пратэставаў, усё іншае адыходзіць на другі план.

На думку аднаго з лідараў Руху «За Свабоду», беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча Юрый Губарэвіча, такія адчайныя меры хутчэй не стрымаюць пратэстаў, яны прымаюцца з-за разгубленасці рэжыму, які ўжо не ведае, як змусіць людзей перастаць пратэставаць.

Рэжым штодзень ідзе на антызаконныя крокі. Гэта парушэнне права чалавека на перамяшчэнне, на свабоднае пакіданне Беларусі, яно зафіксаванае ў нашай канстытуцыі. Фармальна эпідэмія кавіда не можа патлумачыць такія захады, бо гаворка вядзецца менавіта пра выезд. Гэта значыць, людзі не прывозяць вірус, а выязджаюць па сваіх справах. Я не перакананы, што мера будзе дзейнічаць, падобных ініцыятыў за апошнія месяцы было шмат, гэта хутчэй ад безвыходнасці, стрэсу, бо сістэма трашчыць. У вачах сусветнай супольнасці рэжым чарговы раз паказвае сваю неадэкватнасць. Кожнае абсурднае рашэнне дадае людзям упэўненасці, што трэба пратэставаць далей. Наступным крокам можа быць увядзенне каменданцкай гадзіны, забарона пакідаць месца жыхарства і іншыя абсурды.

У сваю чаргу, забарона на ўезд іншаземцаў наземным шляхам у Беларусь з-за пандэміі каронавіруса афіцыйна была ўведзеная яшчэ 1 лістапада. А яшчэ ў сакавіку Лукашэнка, крытыкуючы рашэнне Расіі закрыць мяжу з Беларуссю з-за пандэміі, заявіў:

«Нам не трэба закрывацца ні ад палякаў, ні ад расіян, ні ад украінцаў... Нам не трэба гэтага рабіць, таму што гэта пустое. Закрывацца ўсё роўна мы не зможам, гэта немагчыма. Асабліва там, дзе няма мяжы з Расіяй: там людзі стагоддзямі хадзілі і будуць хадзіць, і калі, не дай бог, ужо нейкая чума, то мы яе тэрытарыяльна не пераможам. Трэба дзейнічаць так, як мы дзейнічаем цяпер: найменшае падазрэнне — мы правяраем чалавека, трэба на каранцін — калі ласка, давайце на каранцін. Менавіта кропкава, прафесійна трэба дзейнічаць, а не тэрытарыяльна: перакрылі, закрылі».

www.polskieradio.pl