Азбука паліталогіі: Палітыка як аналаг гульні «Што? Дзе? Калі?»
Ёсць такая партыя! Нарэшце! Адбылося! У суботу, 18 сакавіка, на ўстаноўчым з'ездзе ў Мінску была створаная і аднагалосна падтрыманая новая палітычная партыя краіны — «Белая Русь».
Партыя сфарміраваная на базе Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь», заснаванага 17 лістапада 2007 года. Пра пераемнасць структур сведчыць абранне цяпер ужо былога старшыні РГА Алега Раманава на пасаду партыйнага лідара. Натуральна, аднагалосна. А як жа інакш, калі ўсё сацыяльна значнае ў Рэспубліцы Беларусь прымаецца, сцвярджаецца і ўхваляецца без чорных шароў — гэта значыць, салідарна.
«Стварэнне партыі, — растлумачыў Алег Раманаў, — выспела ўнутры нашага грамадства. Людзі захацелі стварыць партыю — і стварылі яе. Людзі разумеюць, што з уладай можна і трэба весці дыялог, можна пазначаць перад ёй праблемы і атрымліваць дзейсныя, узважаныя, сталыя адказы на пытанні».
Вось яно як! Без спецыяльнай падрыхтоўкі зразумець, што канкрэтна выспела «ўнутры нашага грамадства» няпроста, таму давядзецца зрабіць прыстаўны крок у бок ад штодзённасці і нагадаць, што няма нічога больш практычнага за добрую тэорыю.
Не паскардзішся — не атрымаеш
У ходзе эвалюцыі сярод родных бяроз і асін не без дапамогі «нашай Расіі» была сфарміраваная самарэгулявальная эканоміка, якая адрозніваецца ад рынкавай. Яе сутнасць выяўляецца ў механізмах «здачаў-раздачаў», у адрозненне ад механізмаў «куплі-продажу».
Відаць, толькі нешматлікія шчаслівыя ўладальнікі выдзеленых за горадам участкаў зямлі, — гэта значыць дачаў — задумваліся над этымалогіяй такога мілага для іх слыху слова. Тым не менш сувязь яго з дзеясловам «даць» відавочная. У гэтым дзеяслове — сутнасць раздатачнай эканомікі. У такой парадыгме на працягу стагоддзяў маёмасці грамадзян магла ўтварацца толькі шляхам дарэння (раздачы) яе дзяржавай.
Адначасова з выпрацоўкай правілаў раздачаў фарміраваліся спосабы папаўнення даходаў за кошт зваротнага патоку здачаў (даніны, падаткі, чынш). У ходзе спантаннай эвалюцыі выпрацаваўся базавы прынцып здатачна-раздатачных адносін: «от каждого — по-дати, каждому — по-чину».
Ад здольнасці кіруючага класа балансаваць сустрэчныя патокі здачаў-раздачаў у канчатковым выніку залежала стабільнасць у грамадстве і ў дзяржаве. Без зваротнай сувязі з эканамічнымі аб'ектамі падтрыманне балансу было немагчымым, і такі механізм у выглядзе інстытута скаргаў метадам спроб і памылак сфарміраваўся.
Першы чалабітны загад у Маскоўскай Русі быў сфарміраваны пры Іване IV у 1571 годзе. Да нашых дзён ён дажыў у выглядзе структур, якія кормяцца ад закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Памылкова звязваць скаргі з інфантылізмам савецкага і постсавецкага чалавека, бо ў сістэме, якая размяркоўвае рэсурсы на падставе даравання, атрымаць што-небудзь можна толькі шляхам падачы скаргаў.
Пасля такога экскурсу ў гісторыю самы час вярнуцца да адкрыцця Алега Раманава, згодна з якім «людзі разумеюць, што з уладай можна і трэба весці дыялог, можна пазначаць перад ёй праблемы і атрымліваць дзейсныя, узважаныя, сталыя адказы на пытанні».
Дыялог у выглядзе аналага гульні «Што? Дзе? Калі?»: людзі задаюць пытанні (пазначаюць перад уладай праблемы), а ўлада дае на іх узважаныя адказы. Але чым такая форма дыялогу адрозніваецца ад традыцыйнай? Такая форма — нічым, аднак ёсць нюанс, і ролю гэтага нюансу гатовая ўзваліць на сябе партыя новага тыпу, імя якой — «Белая Русь».
Цюнінг як мяжа
Колькасць пісьмовых зваротаў, што накіроўваюцца толькі ў галоўную адміністрацыю краіны, вымяраецца тысячамі на год. Натуральна, для разграбання гэтага патоку даводзіцца ўтрымліваць цэлы аддзел спецыялістаў. Наколькі ён эфектыўны — не мне меркаваць.
У структураванні ўваходнага патоку скаргаў і палягае найважнейшая задача партыі «Белая Русь». Яна замацаваная ў пункце 2.1.4. праекта Статута: «фарміраванне палітычнай свядомасці і грамадскай думкі ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі праграмы партыі і давядзенне кансалідаванага волевыяўлення грамадзян да дзяржаўных і палітычных інстытутаў».
Тут варта патлумачыць, што, згодна з пунктам 1.1, «Беларуская партыя «Белая Русь» з'яўляецца грамадскім аб'яднаннем, якое мае палітычныя мэты...».
Аднак жа палітычныя мэты — палітычным мэтам розніца. Варыянтаў тут, як кажуць, нібы ў сучкі блох: ад абароны інтарэсаў асобных сацыяльных груп да фарміравання з дапамогай прапаганды ў галовах людзей правільных інтарэсаў з наступным давядзеннем іх да «дзяржаўных і палітычных інстытутаў».
Яшчэ на досвітку савецкай улады бальшавікі трансфармавалі прафсаюзы з добраахвотных аб'яднанняў, якія абаранялі правы і свабоды работнікаў, у прывадныя рамяні ад партыі да масаў. Іх нашчадкі па партыйнай лініі на ролю прывадных рамянёў не прэтэндуюць — і не таму, што кішка тонкая, а таму што «дзяржава для народа» ў такіх рамянях і не мае асаблівай патрэбы. Добра гэта ці дрэнна, але цюнінг чалабітнага загаду часоў Івана IV — гэта тая мяжа, на якую сёння могуць разлічваць апантаныя партыйным будаўніцтвам.
Чаканне не будзе доўгім
У публікацыі «Наша ідэалогія — яраснае стварэнне», прысвечанай устаноўчаму з'езду, на сайце zavtra.ru маецца цікавы фрагмент: «Пытанне аб стварэнні «Белай Русі» не тое што наспела, яно пераспела. Магчымая трансфармацыя РГА «Белая Русь» у магутную пралукашэнкаўскую палітычную партыю шырока абмяркоўвалася яшчэ 11–12 гадоў таму, аднак празаходне-«беларусізатарская» пятая калона ў органах улады тады зрабіла ўсё, каб гэтага не адбылося».
Хто падзяліўся з расійскім выданнем такім інсайдам, меркаваць не бяруся, бо нічога канкрэтнага пра наяўнасць празаходне-«беларусізатарскай» пятай калоны ў органах улады мне ні чытаць, ні чуць раней не даводзілася. Аднак у маёй камп'ютарнай бібліятэцы захоўвацца інтэрв'ю старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава, датаванае студзенем 2012 года.
Прыводжу яго фрагмент: «Вось тое, што сказаў прэзідэнт: «Мне партыя не патрэбна як прэзідэнту. Я не хачу». Ён вельмі баіцца гэтага. Ён баіцца гэтай наменклатурнай партыі».
Ці пойдзе Белая Русь «па шляху бюракратызацыі», і з якой хуткасцю? Пажывём-пабачым. Але калі ўлічыць, што, на думку Алега Раманава, «адна з найважнейшых функцый партыі — стаць сацыяльным ліфтам і вылучыць са сваіх шэрагаў кіраўнікоў...», чаканне не будзе доўгім.