Ябацькі нашага двара. Чаму Лукашэнка сфармаваў партыю «Белая Русь» з другарадных персанажаў

Вы таксама звярнулі ўвагу, што на так званым устаноўчым з'ездзе так званай праўладнай партыі ці не самым статусным супергероем аказаўся пацешны Рыгор Азаронак? І гэта не проста так.

Устаноўчы з'езд «Беларуская партыя "Белая Русь"». Фота minsknews.by

Устаноўчы з'езд «Беларуская партыя "Белая Русь"». Фота minsknews.by

У суботу грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» урачыста пераўтварылася ў аднайменную палітычную партыю. Каля тысячы дэлегатаў сабраліся і правялі ўстаноўчы сход, нагаварылі шмат усяго пра падтрымку Лукашэнкі, вечначырвоназялёную стабільнасць, абралі кіраўніцтва. Аднагалоснымі галасаваннямі ды бурлівымі працяглымі апладысментамі мерапрыемства вельмі нагадвала тыповыя з'езды КПСС, але, выглядае, гэты праект створаны паводле іншай мадэлі і з іншымі мэтамі.
Галоўнае, бадай, што на гэта ўказвае, — падкрэсленая няўвага да сходу праўладнай партыі самой улады. Улада яго фактычна «не заўважыла».
Як слушна заўважыла «Салідарнасць», у той самы час, калі дэлегаты з мандатамі ў цэнтры Мінска перажывалі «лёсавызначальны момант для ўсёй краіны», Лукашэнка гуляў хакей у мікрараёне Лебядзіны. Ні ён, ні яго прэс-служба аніяк не згадалі пра сход «Белай Русі». Хаця, здавалася б, мог і наведаць мерапрыемства, шчыра блаславіць яго адданых удзельнікаў. А тут не тое што дэманстратыўна ігнараваў — не даслаў нават віншавальнай тэлеграмы.
Блаславіць «белых русаў»была пасланая кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Безумоўна, чыноўніца з першага шэрагу і з вялікім уплывам. Яе цырымонна пасадзілі ў прэзідыум, праўда, гэта была менавіта іншародная роля — падобна, яна прыехала проста, каб пракантраляваць хаду дзейства.
Яна і пракантралявала. Заадно выступіла з прамовай, у якой, акрамя звыклай, амаль рэлігійнай, ліслівасці да Лукашэнкі, звярнулася да партыйцаў ад імя трэцяй асобы — «вы ўпісалі старонку…», «вы сапраўдныя патрыёты…».


У склад партыі, як можна меркаваць, Качанава не ўвайшла. І ўвогуле ў гэтыя шэрагі (прынамсі, пакуль) не ўступіў ніхто з бліжэйшага атачэння Лукашэнкі. Самыя набліжаныя — два кіраўнікі другарадных міністэрстваў Ігар Брыло (Мінсельгасхарч) і Аляксей Багданаў (МАРГ). Відаць, трэба было надаць хоць якую наменклатурную вагу новаму аб'екту партыйнага будаўніцтва, то адправілі туды двух цывільных міністраў.
Брыло і Багданаў увайшлі ў так званы Найвышэйшы палітычны савет «Белай Русі». Агулам туды абралі 71 чалавека, але поўнага пераліку імён і прозвішчаў не знойдзеш нават на афіцыйным сайце створанай партыі. Паведамляецца толькі, што, акрамя пары міністраў, у склад уключылі парламентарыяў, кіраўнікоў мясцовых органаў улады, прадстаўнікоў грамадскасці і СМІ, лекараў і нават неназванага кіроўцу аднаго з аўтапаркаў.
СМІ — дакладней, прапаганду — у кіроўных колах «Белай Русі» будуць прадстаўляць адыёзныя Рыгор Азаронак і Андрэй Крывашэеў. Так бы мовіць, партыя, якую мы заслужылі.
Ну і старшынёй «партыі ўлады» аднагалосна ўхвалілі кіраўніка таго ж самага грамадскага аб'яднання Алега Раманава. Так, ён «сенатар», але па службовай лесвіцы не падняўся вышэй за пасаду рэктара Полацкага ўніверсітэта.
Што атрымліваецца ў сухім астатку? А тое, што ўвесь гэты «амбітны» праект — проста кангламерат другарадных ябацек. Без уплыву, без рэсурсу, без рэальнай улады. Каманда з другой лігі.
А чаканні, памятаеце, якія былі? Што «Белая Русь» стане паўнавартасным аналагам «Адзінай Расіі» з адпаведным прадстаўніцтвам і функцыяналам. Што сяброўствам у партыі будуць валодаць лукашэнкаўскія топ-чыноўнікі і службоўцы ў пагонах. А ў рэальнасці выйшаў пшык.
Канешне, у «Адзіную Расію» таксама ўваходзяць не ўсе пуцінскія топы. І сам Пуцін членам партыі, як вядома, не з'яўляецца. І ўсё ж у шэрагах «адзінаросаў» можна знайсці і міністра абароны Сяргея Шайгу, і дырэктара Службы знешняй выведкі Сяргея Нарышкіна, і піцерскага цяжкавагавіка Валянціну Матвіенка, і мэра Масквы Сяргея Сабяніна, і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.
Дый на чале расійскай праўладнай партыі стаіць Дзмітрый Мядзведзеў. З яго, вядома, можна кпіць, бо забывае «прыняць пігулкі», перш чым рабіць допісы ў тэлеграме. І ўсё ж гэты былы прэзідэнт краіны і цяперашні намеснік старшыні Рады бяспекі РФ.
А кіраўніком Вышэйшага савета «Адзінай Расіі» з'яўляецца ні хто іншы, як Барыс Грызлоў — цяперашні расійскі амбасадар у Беларусі. І што характэрна, у суботу ён браў удзел ва ўстановачным сходзе беларускай партыі — фармальна ў якасці ганаровага госця.
Быў там і яшчэ адзін прадстаўнік РФ — заўважны «адзінарос» Андрэй Турчак, якога часам называюць імаверным пераемнікам Пуціна на пасадзе расійскага прэзідэнта.
Турчак сядзеў у прэзідыуме, поруч з Качанавай. І нават выходзіў да трыбуны, адкуль прамаўляў пра важнасць пераўтварэння «Белай Русі» ў партыю і пра яе будучае цеснае партнёрства з «Адзінай Расіяй».
Пра тое ж самае крыху пазней заявіў і Мядзведзеў, і, бадай, гэта падсвечвае сапраўдную сутнасць таго, што адбываецца з некалі бессэнсоўным аб’яднаннем «Белая Русь».
У лютым у беларускай інфапрасторы нарабіў вэрхалу дакумент, нібыта распрацаваны ў Крамлі і зліты ў медыя. Ён змяшчае паэтапны план поўнага падпарадкавання Беларусі Крамлём да 2030 года. Розгалас быў такі, што Лукашэнку прыйшлося адкрываць рот і выказвацца на гэты конт. І хаця «нязменны правадыр» паспрабаваў запэўніць, што «мы — незалежная суверэнная дзяржава», але ўсё ж зрабіў красамоўную агаворку. Расія, маўляў, «буйная ядзерная дзяржава», і яна мае «сваю стратэгію ў дачыненні да Беларусі».
Калі згадваць канкрэтыку з той нібыта крамлёўскай паперы, то, натуральна, звяртае на сябе ўвагу наяўнасць там сярод іншага планаў на фармаванне ў Беларусі ўстойлівых прарасійскіх групаў уплыву ў палітычнай сферы, а таксама «аказанне формаўтваральнага ўздзеяння на беларускую партыйна-палітычную сістэму».
То сумуючы два плюс два, атрымліваем, што «Белая Русь» можа якраз і разглядацца Масквой у якасці такой групы ўплыву. У якасці траянскага каня, які будзе біць капытам у такт з расійскімі інтарэсамі.


Вядома, Лукашэнку гэта не падабаецца. Але што ён можа зрабіць у сітуацыі, у якую загнаў сябе сам?
У 2020 годзе, чарговы раз скраўшы выбары, ён уратаваў сваю ўладу выключна з дапамогай Расіі. Без яе сістэма не вытрымала б пад ціскам народных пратэстаў і проста б развалілася. За амаль трыццаць гадоў ён так і не стварыў самадастатковай эканомікі, калі не лічыць такой стратэгію пастаянных візітаў у Маскву з працягнутай рукой. Кінуўшы ў турмы тысячы беларусаў, ён ушчэнт пасварыўся з Захадам і адрэзаў для сябе шлях адступлення ў гэтым кірунку.
Не жадаючы дзяліцца ўладай, Лукашэнка патрапіў у крытычную залежнасць ад Крамля, і рахунак за аказаныя паслугі проста не мог не прыйсці.
Адзінае, што ён можа, гэта абясцэніць беларуска-расійскую «Белую Русь» максімальна легкаважным складам удзельнікаў. Бо няма аніякага сумневу, што гэты склад зацвярджаўся ім асабіста. Ну і потым дэманстратыўна адправіцца гуляць у хакей, паказаўшы тым самым сваё грэблівае стаўленне да створанай партыі.
І калі выказаная версія слушная, то, дарэчы, і канстытуцыйную большасць на будучых «парламенцкіх выбарах» «Белая Русь» не атрымае. Не давядзецца здзіўляцца, калі ёй намалююць нават менш галасоў, чым «ліберальным дэмакратам» Гайдукевіча.
Іншая справа, што залежнасць ад Расіі з гэтым нікуды не дзенецца, а ў Масквы ёсць і іншыя інструменты ўздзеяння на «малодшага брата».