Азбука паліталогіі: Ядзерны шантаж і «дзіцячая» аналітыка
Згодна з прускім ваенным тэарэтыкам Карлам фон Клаўзевіцам, разуменне прыроды якога-небудзь пачынання з'яўляецца першым, самым асноўным і найбольш рашучым актам у мастацтве кіравання дзяржавай.
Прыемна ўсведамляць, што ў Клаўзевіца на вяршыні беларускай уладнай вертыкалі з’явіўся паслядоўнік. Да такой высновы прыходзіш пасля таго, як пазнаёмішся з прэс-рэлізам саміту АДКБ у Ерэване.
У сувязі з маючым распачацца старшынствам рэспублікі-партызанкі ў арганізацыі, Мінскам былі вызначаны прыярытэтныя кірункі, у адным з якіх зроблены «акцэнт на нарошчванне інстытуцыйнага патэнцыялу АДКБ у інфармацыйна-аналітычнай сферы».
Каб перайсці ад слоў да справы, «беларускі бок прапануе правесці ў Мінску ў 2023 годзе сустрэчу кіраўнікоў нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў-чальцоў АДКБ для арганізацыі сістэмнай работы ў гэтым кірунку».
Здавалася б, прынцып «сем разоў адмерай, адзін раз адрэж» аўтаматычна мае на ўвазе актыўны ўдзел нацыянальных аналітычных інстытутаў пры прыняцці стратэгічных рашэнняў. Але, на жаль, гэта не так. На практыцы рашэнні, як правіла, прымаюцца «ад жыцця», прычым прымаюцца людзьмі, што не здольныя «думаць і адчуваць за межамі бягучага моманту» (Клаўзевіц).
«Спецыяльная ваенная аперацыя Расіі ва Украіне» — класічны прыклад рашэння, прынятага неадэкватнымі людзьмі, — да таго ж на падставе неадэкватнай інфармацыі. Такі вось палітычны шампунь, зроблены па прынцыпе «два ў адным флаконе».
Гэта ў «нашай Расіі», але ж мы жывем у Беларусі. Нагадаю фрагмент з інтэрв'ю расійскаму тэлевядучаму Уладзіміру Салаўёву: «...Гэтая вайна працягнецца, Валодзя, ну, максімум тры-чатыры дні. Там няма каму будзе супраць нас ваяваць. Тыя, каго там паказваюць з гэтымі драўлянымі аўтаматамі, як яны трэніруюцца... Дык мы зараз выйдзем з табой у суседнюю залу, здымем на мабільны тэлефон трэніроўку гэтую — і пакажам. І як толькі ледзь-ледзь запахла, Валодзя Зяленскі адразу трухнуў»…
Гляджу дату. Пра гэта казалі 4 лютага 2022 года. Вось такі ўзровень разумення таго, што адбываецца, — і не дзе-небудзь у Афрыцы, а ў краіне, з якой у Беларусі агульная мяжа.
У чый агарод камень?
Пра колькасць нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў, што фінансуюцца падаткаплацельшчыкамі, меркаваць не бяруся. Але з ацэнкай якасці іх працы праблем не ўзнікае. Казус трох-чатырох дзён, нібы шыла ў мяшку, — яго не схаваеш, колькі намаганняў пасля таго не прыкладай.
Пытанне ад абывацеля: «Якія меры прынятыя да кіраўнікоў інстытутаў, што выдаюць на-гара такую няякасную аналітыку?» Калі яны па-ранейшаму пры пасадах, то дзе гарантыя, што ў чарговых іх тэчках на галоўны стол краіны не кладзецца такая ж дзіцячая «аналітыка», на падставе якой не толькі робяцца заявы, але і прымаюцца канкрэтныя кіраўнічыя рашэнні?
Пытанне не выпадковае. Пакуль «дзяржава для народа» не паведаміць народу высновы, зробленыя наконт казусу «трох-чатырох дзён», ні адну з афіцыйных заяў немагчыма разглядаць усур'ёз. А заявы сыплюцца, нібы з рогу багацця.
Толькі прэс-рэліз, прысвечаны саміту АДКБ у Ерэване, іх змяшчае не менш за тузін. Абмяжуюся самай адметнай заявай.
«Наша цвёрдае перакананне — ядзернаму шантажу не павінна быць месца ў міжнароднай палітыцы!»
У чый агарод камень? У агарод «нашай Расіі», зразумела. Якія могуць быць варыянты пасля заявы кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, што была зробленая 2 кастрычніка 2022 года? Нагадаю яе чытачам: «Я не ведаю, што дакладвае Мінабароны РФ вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, але, на маю асабістую думку, трэба прымаць больш кардынальныя меры, аж да абвяшчэння ваеннага становішча на прыгранічных тэрыторыях і выкарыстання маламагутнага ядзернага ўзбраення».
Аднак дакладчык, які атрымлівае інфармацыю з тэчак аналітыкаў і дзяржаўных СМІ, відавочна, не знаёмы з заклікам прымяніць ядзерную зброю супраць адной з частак адзінага народа.
Адсюль чарговы казус: «Тое, што нельга было ўявіць яшчэ 2–3 гады таму. Ядзерная рыторыка асобных заходніх лідараў зашкальвае».
У чым жа палягае зашкальванне рыторыкі? Яно — у дэклараванні польскім кіраўніцтвам гатоўнасці размясціць у сябе ядзерную зброю!
Такім чынам, з аднаго боку — заклік размясціць ядзерную зброю, з другога — прымяніць яе. Які шантаж зашкальвае мацней? Правільны адказ залежыць ад крыніцы інфармацыі, якой карыстаецца чалавек. Калі ў якасці такога выступаюць тэчкі з аналітычнымі нататкамі, падрыхтаванымі ў аналітычных інстытутах, то — першы, калі сайты, даступныя праз VPN, то — другі.
Згодна з прынцыпам лаяльнасці
Чарговы афарызм ад Клаўзевіца: «Дзяржаўны дзеяч, які бачыць, што вайна непазбежная і не можа рашыцца нанесці ўдар першым, вінаваты ў злачынстве супраць сваёй краіны».
Пагодзімся з ваенным тэарэтыкам, чыя кампетэнтнасць вось ужо два стагоддзі нікім не ставіцца пад сумнеў. Аднак адкуль вынікала непазбежнасць вайны паміж Расіяй і Украінай? На падставе якой інфармацыі была зроблена наступная заява ў інтэрв'ю агенцтву «Франс-Прэс» 21 ліпеня 2022 года: «Я падтрымліваю Расію ў тым, што яны вас апярэдзілі. Калі б ваенныя Расіі праглядзелі гэты момант, яны вымушаныя былі б сустрэць масіраваны ўдар з боку войскаў NАТO — не Украіны».
Вунь яно як! Аказваецца, NАТO рыхтавала масіраваны ўдар. Але яго апярэдзілі. Нізкі паклон тым, хто апярэдзіў. Незразумела толькі, чаму пасля таго, як план па захопу Кіева за 3–4 дні Расія праваліла — і прадэманстравала тым самым сапраўдную баяздольнасць «другой арміі свету» — NАТO не распачало рашучых дзеянняў?
Расійскі бліцкрыг украінская армія сарвала яшчэ да пачатку масавых паставак абарончага ўзбраення і зброі кансалідаваным Захадам. Пастаўкі ж наступальных узбраенняў, калі хто не ў курсе, і па гэты дзень не пачаліся.
Прыгадаем гісторыю. Гітлер падпісаў план нападу на СССР пасля азнаямлення са статыстыкай страт Чырвонай арміі падчас савецка-фінскай вайны. Няўжо натаўскім стратэгам гэты факт не вядомы?
Мяркую, ён вядомы і аўтарам аналітычных нататак. Але, на жаль, гістарычна склалася так, што адным з наступстваў функцыянавання моцнай (аўтарытарнай) улады з'яўляецца негатыўны адбор. У выніку яго ўладная вертыкаль фарміруецца згодна з прынцыпам лаяльнасці, а не прафесійнасці і кампетэнтнасці.