Віктар Карамазаў: «Імкнуся паказаць, як выяўляецца творчая асоба»

Адзін з вядомых пісьменнікаў пакалення шасцідзясятнікаў, Віктар Філімонавіч Карамазаў прысвяціў шэраг кніг адлюстраванню жыцця і творчасці беларускіх мастакоў: Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Антона Бархаткова, Гаўрыіла Вашчанкі, Фердынанда Рушчыца, Анатоля Бараноўскага.

Віктар Карамазаў каля сваіх карцін. Фота Элы Дзвінскай

Віктар Карамазаў каля сваіх карцін. Фота Элы Дзвінскай

Новая — восьмая па ліку — кніга пісьменніка пра мастакоў «Пад крыжам» уключае аповесць «Зямля Фердынанда», прысвечаная Рушчыцу, навэлы «Ван Гог», «Бабіна лета», «Макі» (пра сучасных пейзажыстаў — Міколу і Марыю Ісаёнкаў, Антона Вырву), і развітальнае апавяданне з дарагой сэрцу пісьменніка вёскай Лімень на Магілёўшчыне.

У час навагодніх святаў было прыемна ўбачыць 83-гадовага літаратара ў добрым настроі, з новымі ўражаннямі ад пабачанага вернісажа маладых мастакоў, за працай над новымі персаналіямі. Аўтар аповесцяў і эсэ, апавяданняў і нарысаў распавёў, як прыйшла да яго цікавасць да мастацкай тэмы. Здаецца, яшчэ ніхто не перадаваў так выразна словамі колеры і фарбы прыроды, за якімі назірае мастак:

«Сад атуляўся залацістай вохрай і цяплеў. Ружовыя пялёсткі макаў, яшчэ ў бутонах, былі абвешаныя кроплямі расы, у якіх таіліся зямныя ізумруды, блакітны туманок».

«Ён днямі шукаў на палатне патрэбны тон, ловячы сваё натхненне на ўзыходзе сонца, калі першая хваля святла пачынала саграваць лясныя ваколіцы, лугавую раскошу траў, абуджаючы ад начной спячкі кожную кветку, званочкі і парасончыкі, зрывала з азёрнага люстра белую начную коўдру, пасіненую ўльтрамарынавым золакам, разводзіла па бяскрайнім люстры бірузовую паводку, на якой пачынаў разгарацца дзень»…

— Аналагаў у нашай літаратуры не было, — кажа Віктар Карамазаў. — Ніводзін пісьменнік у беларускай літаратуры не напісаў пра мастакоў — хоць бы навэлу, не кажучы пра аповесць ці раман! Многія пісьменнікі сябравалі з мастакамі — і са Шчамялёвым, і з Вашчанкам, і з Савіцкім, але ніхто пра іх не пісаў. Я адчуў душу мастака, увайшоў у яго псіхалогію. Для нас вобраз мастака вельмі павучальны, гэта цэлая школа выхавання. У мастакоў кандэнсуецца высокая духоўнасць, прыгажосць жыцця чалавека і прыроды. Мастак чытае прыроду знутры. Ён раскрывае духоўны патэнцыял прыроды, і мы павінны вучыцца ў яго разуменню прыроды. Маючы немалы вопыт работы ў гэтым жанры, я ведаю, што мастакі не адкрываюцца да канца, унутраны свет іх складаны і схаваны ад вачэй. Ён увесь выліваецца ў карціну, а не ў слова. У Паўстоўскага ёсць удалыя аповесці пра Ісаака Левітана і пра Арэста Кіпрэнскага, але ён карыстаўся вядомымі фактамі. Я ж шукаю факты абсалютна невядомыя.

— Віктар Філімонавіч, нядаўна ў Магілёве адзначалася 145-годдзе з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Як Вы зацікавіліся яго творчасцю?

— Рэдактар часопіса «Нёман» Анатоль Кудравец папрасіў напісаць эсэ пра пейзажыста. Я пайшоў у архіў і знайшоў цікавыя старонкі пісьменніка Войніча, які пасля вайны збіраўся пісаць кнігу пра мастака, меў яго рукапісы. Там былі ўспаміны Бірулі пра дзяцінства. Гэтыя яго старонкі паказалі мне шлях да Бялыніцкага-Бірулі. Тады я знайшоў вёсачку Крынкі на беразе Друці, знайшоў падмурак дома бацькі, бэз пад вакном. Потым паехаў на Віцебшчыну, на возера Няшчэрда, дзе калісьці жылі бацькі Бірулі, перагледзеў работы мастака ў Нацыянальным і ў Магілёўскім музеях, захапіўся яго жыццём, і яно вывела мяне да аповесці «Крыж на зямлі і поўня ў небе». Бялыніцкі жыў у прыродзе, быў выдатным паляўнічым, і для мяне ён аказаўся не толькі творцам, а блізкім па душы і думках «лясным» чалавекам.

…Раней у мяне была Лімень, вёсачка пад Чэрыкавам. У 1918–1924 гадах там знахо­дзілася школа-камуна, якую ўзначальваў Мадэст Лепяшынскі. Там вучыліся будучы кампазітар Ісаак Любан і прафесар Іван Гутараў. Пасля вайны ў Лімені існавала школа леснікоў, запаведнік баброў і вальер высакародных аленяў. Егеры вялі догляд і навуковыя даследаванні. Я прыжыўся ў лясніцтве, завёў цёплае сяброўства з леснікамі — і там у 1986 годзе напісаў раман «Пушча» і паляўнічыя апавяданні. Потым туды прыйшла радыяцыя, лес і вёска аказаліся ў забруджанай зоне. Для мяне гэта была вялікая творчая страта — жыць без роднага лесу, без Лімені…

І вось тады Біруля даў мне новы шлях. Я паехаў у Цвярскую губернію і знайшоў яго знакамітае лецішча «Чайка» на высокім беразе возера Удомля. Бялыніцкі пабудаваў яго ў 1910-х гадах. Вядомае месца ў расійскай і савецкай культуры. Дом быў закінуты. Я пасяліўся там і з месяц жыў, абышоў мясціны, дзе мастак пісаў пейзажы, аб’ездзіў навакольныя вёскі. Насупраць «Чайкі» ёсць вёска Гарусава, дзе жыў Ісаак Левітан, пісаў эцюды да сваёй вялікай карціны «Над вечным спакоем». Там у 90-х гадах ХІХ стагоддзя ён ствараў «Залатую восень». Тут адбыўся ўзлёт творчасці жывапісца.

Бялыніцкі любіў і глыбока ведаў прыроду. Мне прыемна было пісаць пра яго аповесць. Яна публікавалася ў «Маладосці», пасля выйшла асобнай кнігай. Мы наладзілі ў 1996 годзе першы пленэр Бялыніцкага-Бірулі. З таго часу яны ладзяцца кожны год…

Пазней я напісаў сцэнар для кінафільма па аповесці, і рэжысёр Валерый Басаў паставіў поўнаметражны кінафільм, які так і называўся: «Крыж на зямлі і поўня ў небе». Валянцін Ермаловіч, які працаваў у Магілёве рэжысёрам гарадскога тэатра, па аповесці паставіў спектакль. Прэм’ера ўрачыста адбылася ў музеі Бялыніцкага-Бірулі. Ермаловіч іграў Бірулю. Аповесць была ўключана ў школьныя праграмы... Усё гэта — светлая старонка майго жыцця.

Напісаўшы аповесць пра Бялыніцкага-Бірулю, я зацікавіўся творчасцю яго сябра — Станіслава Жукоўскага з Пружанаў. 70 гадоў яго выставы не ладзілі ў Савецкім Саюзе, ён быў пад забаронаю, бо яго бацька і дзядзькі былі рэпрэсаваныя. З 1923 года Жукоўскі жыў у Польшчы. Мая аповесць «Брат мой духоўны» паспрыяла яго рэабілітацыі. Тады і адбылася яго першая выстава. У нашым Нацыянальным музеі ёсць каля 30 яго работ. Мне дапамог маскоўскі мастацтвазнаўца Гарэлы.

А потым я пісаў пра Антона Бархаткова, які лічыў сябе вучнем Бірулі…

— Вы таксама пішаце карціны?

— Гэта маё вельмі ранняе і на ўсё жыццё захапленне. Пасля вайны партрэтаў пісьменнікаў у школе не было, падручнікі меў мала хто, а я браў кнігі ў бібліятэцы крычаўскага педвучылішча, дзе бацька выкладаў літаратуру і мову. Там знаходзіў партрэты класікаў, перамалёўваў іх на левым чыстым баку плакатаў, якія давала настаўніца, прыносіў у школу.

Настаўніца прышпільвала партрэт да класнай дошкі і вяла ўрок. Бацька ўбачыў маё захапленне і выпісаў з Масквы цэлую скрынку алейных фарбаў у тубах. Я пачаў капіраваць карціны Левітана, Шышкіна, савецкіх мастакоў. А першы малюнак зрабіў алоўкам яшчэ зімою сорак першага года на ваенным заводзе пад Ульянаўскам.

Як там апынуўся? Мы патрапілі пад бамбёжку, я згубіўся, і бацька мяне знайшоў на ваенным заводзе, дзе рабілі снарады і міны. Я патрапіў у інтэрнат для беспрытульных дзяцей. Нас апраналі ў салдацкія неданоскі і кармілі… Маю першую значную жывапісную работу з натуры «Зазімак» я напісаў на першым пленэры Бялыніцкага-Бірулі ў 1997 годзе.

— Аднак вучыцца Вы пайшлі не ў мастацкую вучэльню, а на факультэт журналістыкі БДУ?

— Вучыцца тады пасля вайны ў мастацкай школе не было матэрыяльнай магчымасці. І ў 1953 годзе я паступіў у БДУ. На апошніх курсах ужо пісаў апавяданні. У 1958 годзе па заканчэнні ўніверсітэта я паехаў на раён і гадоў пяць працаваў у чэрыкаўскай раённай газеце, а ў 1964 годзе вярнуўся ў Мінск. Першую кніжку апавяданняў «Падранак» я напісаў менавіта ў Лімені.

— Віктар Філімонавіч, а як Вы пазнаёміліся з Вашай будучай жонкай Лідзіяй Мікалаеўнай?

— Мы вучыліся разам з ёй ва ўніверсітэце. Я заканчваў журфак, а яна — аддзяленне беларускай мовы і літаратуры... Наш сын Сяргей закончыў політэхнічны інстытут, а дачка Люміла выкладае ў гімназіі беларускую мову і літаратуру. Кожны год яна са сваімі вучнямі займае першыя месцы на алімпіядах.

— У Вашу новую кнігу «Пад крыжам» увайшла апо­весць «Зямля Фердынанда» пра нашага выдатнага мастака Рушчыца. Як Вы яе пісалі?

— Цяжка пісаць пра мастакоў, якія жылі і памерлі, таму што ў нас няма архіваў. Але мне не патрэбная ўся біяграфія мастака. Мне трэба быць моцна ўражаным яго творчым, духоўным подзвігам або яго трагедыяй, ёю запаліцца, у яе ўвайсці і яе разгадаць, маючы ўсяго некалькі фактаў з жыцця, але такіх, якія даюць лагічную і дастатковую прастору для псіхалагічнага мастацкага аналізу. Гэтакая праца патрабуе ад мяне майго ўласнага жыццёвага вопыту не менш, як жыццёвага вопыту літаратурнага героя. Так. І гэта, падкрэслю, не ёсць выдуманая праўда. Пад ёй грунт больш моцны, як пад нейкім адным асобным біяграфічным і гістарычным фактам. Трэба выпрацаваць пэўны стыль і метад. Мне гэта, думаю, пакуль што ўдаецца.

У сваёй аповесці пра Рушчыца я даследаваў праблему адрыву мастака ад родных каранёў, спрабаваў спасцігнуць, чаму Рушчыц назаўсёды пакінуў палітру і пэндзлі і пераключыўся на выкладчыцкую дзейнасць. Я зразумеў гэтую драму і даў адказ у аповесці. Мастак павінен трымацца свайго асяроддзя, сваёй глебы, сваіх традыцый, школы. Як толькі ён пачынае мяняць іх, то губляе сваю непаўторнасць.

…Я сябраваў з народным мастаком Анатолем Бараноўскім, бываў з ім на пленэрах, бачыў, як ён піша ў майстэрні, мы шчыра пра ўсё гаварылі. Гэта быў выдатны чалавек, выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў. Ён увесь час мяняўся, шукаў новае святло, ішоў да свайго ідэалу. Цяпер мне яго вельмі не стае.

Мяне апошнім часам захапілі маладыя мастакі рэалістычнай школы, якія выставілі свае творы ў галерэі Міхаіла Савіцкага: Антон Вырва, Васіль Пешкун, Уладыслаў Пятручык, і я пішу нататкі пра іх творчасць. Я з імі шчыры. Новая кніга адкрываецца навэлай «Ван Гог», у ёй аповед ідзе пра Антона Вырву. Часам я адыходзіў ад даставернасці, але мастак прыняў маю навэлу. «Маё» і «яго» арганічна зліта. У гэтым мне дапамагае мой жывапіс.

— Некалькі Вашых кніг маюць сімвал крыжа. Ён у назве першай кнігі пра Бялыніцкага-Бірулю, і ў назве новай кнігі, у тэксце апавядання, якое яе вянчае.

— Так. Не выпадкова. Крыж сваіх пакут як крыж свайго подзвігу для людзей, іх ратунку, Ісус Хрыстос нёс на плячах на сваю Галгофу і там праклаў шлях кожнаму хрысціяніну, кожнаму з нас, у тым ліку і маім літаратурным героям.