У пошуках рэнамэ, альбо Яшчэ адзін ліст да Зянона. Частка 3
«Як ні павярніся і куды ні глянь, а пытанне з прыездам давядзецца вырашаць, Зянон Станіслававіч. З палітычнага пытання аб’ектыўна вымушанага ад’езду ў 1990-х яно стала пытаннем вашага асабістага рэнамэ». Публікуем апошнюю частку падарожных нататкаў Славаміра Адамовіча.
Начная лазня і касцельны фэст у Жодзішках
Гаспадар аграсядзібы «Вялес» быў на месцы, калі я на самым змярканні, гадзіне а 10-й вечара, пастукаў у браму. На двары завіхалася ладная купа народу — гэта чарговая група турыстаў вярнулася з двухдзённага байдарачнага сплаву па Вяллі і цяпер вячэрала. Алег Мізула адклаў гітару, пад струнны перабор якой спяваў сваю аўтарскую песню, адчыніў весніцы, і мы ад душы прывіталіся.
Гаспадаровых гасцей чакала не толькі сытная вячэра, якую рыхтуе Алегава гаспадыня, але і традыцыйная, выштукаваная самім Алегам, лазня. Пасля парыльні мы, самыя старэйшыя ў групе адпачывальнікаў, прыслухоўваліся да размоваў маладзейшых. Прынамсі адзін з іх, малады чалавек гадоў 25-ці, гасцяваў у Беларусі, прыехаўшы аж з Ню-Ёрку, і натхнёна дзяліўся вопытам работы ў сферы інтэрнэт-тэхналогій і тэхнікай маніпуляцыяў з акцыямі. Гаварылі мы ўсе так натхнёна, што, збоку слухаўшы, нас можна было палічыць за як найменей банкаўскіх топ-менаджараў ці біржавых маклераў. Пасля напружанага дня і лазні я хутка заснуў у гаспадаровай пасцелі. Пад раніцу сніліся біржавыя курсы акцыяў, падзенне расійскай фондавай і поспехі беларускай таварнай.
На другі дзень Алег са сваімі гасцямі зноў збіраліся ў вандроўку, улаштоўваючы і зносячы на бераг рэчкі прасохлыя за ноч байдаркі. Я падзякаваў гаспадару за начлег, а гаспадыні — за сняданак, ды вырушыў з двара.
Была сонечная нядзеля 29 жніўня, у Жодзішках праходзіў традыцыйны каталіцкі фэст, і я, раздобрыўшыся, купіў сабе ў дарогу цукровага пеўніка-смактуна. І хоць смак ужо быў не той, што ў дзяцінстве, але глюкоза і вада — гэта якраз тое, што патрэбна раварысту падчас напружанай педальнай работы на шляху да мэты.
Зноў Смаргонь і памяць пра Першую сусветную вайну
Літаральна праз двое сутак я зноў уехаў у Смаргонь, але гэтым разам ужо на ровары і па дарозе P95, якая ідзе на Свір і мястэчка Камарова, дзе я вучыўся ў колішнім СПТВ-17 у далёкія ўжо 1977–1979 гады. Калі рухацца па гэтай трасе з паўночнага захаду нашага краю, дык з правага боку на ўездзе вас сустрэне новая прыватная крама, а за ёю вы ўбачыце самае сапраўднае мадэрновае капішча — скульптурныя кампазіцыі і сем вялікіх валуноў вакол іх з бронзавымі медальёнамі-тэкстамі пра падзеі Першай сусветнай вайны, якія адбываліся на Смаргоншчыне. Тэксты выкананыя, на жаль, па-руску. Кажуць, што грошы на будаўніцтва паступалі з бюджэту так званай «Саюзнай дзяржавы РФ-РБ».
Калі я праехаў праз Смаргонь, зноў выруліў на трасу P95 і паімчаў далей у накірунку Крэва. Як і папярэджваў мяне гаспадар аграсядзібы «Вялес» бард Алег Мізула, за Смаргонню пачаліся беларускія горы, ехаць па якіх было хутчэй задаваленнем, чым нейкай праблемай. Я натхнёна круціў педалі, перыядычна рабіў з’езды да цікавых мне гістарычных і архітэктурных помнікаў, спыняўся і заходзіў на прыдарожныя могілкі, глядзеў і проста ўсёй сваёй істотай убіраў, усмоктваў у сябе пейзажы нашай старой і адначасна мадэрнай, новай Літвы—Беларусі.
Крэва—Гальшаны—Трабы
Пад сценамі нарэшце абгароджанага ад разявакаў і ледзь не да рэшты разбуранага Крэўскага замку я спаткаў маладую жанчыну, якая прадавала свае вырабы з керамікі. Разгаварыліся. Аказалася, што яе чалавек — мастак Сяргей Бандарэнка — на ўласным двары ў недалёкай ад Крэва вёсцы Чухны будуе копію Крэўскага замку. Неўзабаве падышоў і сам гаспадар, сямейная пара запрасіла мяне спыніцца на начлег каля іх без перабольшання цікавага турыстычнага аб’екту, але нешта мне перашкодзіла, і я з паўдарогі вярнуўся на магістраль P95 ды паехаў далей, на Гальшаны.
Начаваў у намёце каля жылога хутара пад вёскай Лужышчы. У двары доўга брахаў сабака, чуючы чужога, але нарэшце і ён заціх, а я яшчэ доўга варочаўся на спальніку, прыслухоўваючыся да зумкання камароў па той бок непранікальнага сінтэтычнага палатна ды рэдкіх гукаў аўтамабільных матораў на блізкай шашы.
У панядзелак 30-га мне трэба было паднапружыцца, каб нарэшце дабрацца да Суботнікаў. Не даязджаючы да Гальшанаў, прыпыніўся каля прыдарожнага археалагічнага раскопу на месцы сярэднявечнага гарадзішча, пра што сведчыў прыдарожны знак. Пад самымі Гальшанамі паназіраў, як сіласарэзка збівае на зялёнку счаўрэлы ад чэрвеньскай засухі ячмень. У мястэчку кабеты, што выходзілі з касцёлу, раптам неяк надта ж прыязна загаварылі да мяне, устаўляючы польскія «выразы». Ці то мой загарэлы і досыць мускулісты голы торс падзейнічаў, ці то бел-чырвона-белы сцяжок заблытаў, але ў любым выпадку іх прыязнасць мяне ўзлавала, бо я скурай сваёй адчуваў, што мясцовыя бабы палічылі мяне за паляка. Адзін са святароў таксама загаварыў да мяне, прытым па-нашаму. Калі ж я памкнуўся быў прайсці з тым самым голым торсам бліжэй да аўтара, мне дарогу заступіў іншы святар, які гаварыў ужо па-польску, што зноў мяне ўз’юшыла, і я паспяшаўся з храму — як той казаў, далей ад граху і ад гэтых служкаў.
Вялікія Гальшанскія могілкі даглядае ордэн францішканаў: абкошваюць траву, высякаюць кустоўе і падпраўляюць магілы. На пошукі беларускіх надгробкаў часу губляць не стаў. Наперадзе — Трабы.
На ўездзе ў гэтае старажытнае мястэчка мяне і цяжкую фуру перада мной сустракала сытая пярэстая чорна-белая карова з доўгім вераўчаным повадам на шыі, які дазваляў ёй свабодна пераходзіць аўтатрасу P48 туды і назад. Спачатку я абурыўся факту такога адвольнага трактавання свабоды і дэмакратыі, але праз хвіліну знайшоў у ім і пазітыўны момант, што паддало мне настрою на рэшту дарогі да Суботнікаў. Папросту ў гэтай прыдарожнай карове я ўбачыў той самы прыхаваны тутэйшы супраціў сталічнай мінскай уладзе і яе парадкам, прытым супраціў з выклікам, з элементам анархіі: маўляў, як хацеў, так і навязаў, бо той карове я гаспадар. Што тут скажаш, ліцьвіна-летувіскае памежжа — яно такое. Тут мы будзем урастаць у наш падзол да апошняга атожылка...
Я даехаў да цэнтру мястэчка ды паназіраў за мясцовымі. Адна пухнаценькая кабета ішла на парфумную фабрычку і на хаду распавядала, як даехаць да Суботнікаў. Апаўдні ў яе пачыналася рабочая змена, ёй трэба было спяшацца, але ж хіба не прыемна было, што да яе загаворваў нетутэйшы мужчына.
Маладую незамужнюю кабетку чакала праца, а мяне — апошні этап маёй вандроўкі, і адразу за касцёлам Раства найсвяцейшай панны Марыі я павярнуў управа з трасы P48 на вуліцу Зарэчную. На выездзе прыпыніўся каля вельмі старых могілак, якія, аднак, даглядаліся хоць бы тым парадкам, што на іх высякаліся кусты і старыя дрэвы.
За Трабамі асфальт скончыўся і пачалася гравейка — самы складаны кавалак маршруту.
Раманы—Жамыслаўль—Суботнікі
З Трабаў да Жамыслаўля дабіраўся гадзіны дзве ці крыху больш. Сонца пякло, сустрэчныя і спадарожныя машыны падымалі пыл, але гэта ніяк не магло мне збіць настрой, бо ехаў я дарогамі сваёй Радзімы, пра якую мы там, у сталіцах, іншы раз так залішне і ўхаластую гаворым.
Праехаў быў каля самай памежнай заставы з радыёлакацыйнымі ўстаноўкамі, якія бесперапынна сканавалі заходні гарызонт як па вертыкалі, так і па гарызанталі. У Раманах спыніўся быў, каб набраць вады і папытацца дарогі. Адзіны мужычок, якога я ўбачыў на хатнім двары паміраючай вёскі, аказаўся вашым выбарнікам, Зянон Станіслававіч. Генам яго зваць. Казаў, каб зараз вы зноў ішлі на прэзідэнта, дык ён зноў за вас галасаваў бы. А на тых выбарах, кажа, ягоны брат «надзірацілям» быў, «дык калі гэты во апанаваў, то брата адразу з работы і папёрлі». Так што вось, паважаны Зянон Станіслававіч, нішто не забытае на вашай малой радзіме, і мужычкі памятаюць.
Перад мостам праз Гаўю я спешыўся, каб асвяжыцца ў апетай паэтамі беларускай рацэ. Тут таксама напаткаў тутэйшых мужчынаў майго веку, якія сядзелі на высокім беразе, зводдаль ад ракі, і нешта абмяркоўвалі. Папытаўся ў іх, дзе тут лацвей акунуцца. Разгаварыліся, дык я ім: а ці ведаеце, што скора Пазьняк прыязджае?..
Не заўважыў, каб гэтая «навіна» іх асабліва ўзрушыла, хутчэй не. Але хто такі Зянон, ведалі і яны. Часу ж на глыбейшыя роспыты і размовы выдаткоўваць не хацелася — хуткаплынная Гаўя чакала, каб прыняць у свае абдымкі, і я, паскідаўшы з цела прапацелыя баваўняныя лохмы, аддаўся рачной глыбіні.
Адразу за мостам пачыналася мястэчка Жамыслаўль, нейкае раскіданае і недагледжанае, як мне ўбачылася. Акурат каля прадуктовай крамкі класічнага выгляду таўстуха прадавала гародніну. Я прысеў на лаву аўтобуснага прыпынку і расклаўся, каб перакусіць. На скрыжаванні вуліцаў з’явілася аўто памежнікаў, якія пільнаваліся нейкага свайго задання. Заўважыўшы прышлага, пачалі дэманстратыўна рысавацца хлапчукі на роварах, падцягнуліся дзяўчаты-падлеткі. І ўсе яны перакідваліся паміж сабою рэплікамі па-нашаму, амаль на літаратурнай беларускай. Прынамсі акцэнт гучаў такі, што я адчуў сябе як найменей Зігфрыдам з оперы Вагнера «Гібель багоў», Зігфрыдам, які вандруе па Рэйне-Гаўі… І мне далей падумалася, што і раскіданасць мястэчка, і недагледжанасць — справа дзясятая і папраўная, калі ёсць тыя, хто можа ТУТ і па-нашаму.
Пакідаючы Жамыслаўль, зноў зрабіў сэлфі каля памятнага знаку навуковай фундацыі Умястоўскіх, якая дзейнічала пры Віленскім універсітэце за часамі польскай адміністрацыі на нашых заходнік беларускіх землях. Абодва каменныя слупы, адзін з якіх стаіць у пачатку вёскі, а другі на выездзе, перажылі і апошнюю вайну, і камуністычны СССР і няблага захаваліся. У мяне, Станіслававіч, такое адчуванне, што яны чакаюць вашага вяртання ці прынамсі прыезду на госці...
Па вуліцы Школьнай я выехаў з мястэчка, дзіцячыя галасы якога нагадалі мне цудоўную музыку Рыхарда Вагнера, і праз кіламетры два язды зрабіў левы паварот на Суботнікі. Пагода заставалася сухой і яснай, і пяць кіламетраў ад павароту я праляцеў хутка. Вось і ваша вёска, дзядзька Зянон, вашы Суботнікі! Я павольна круціў педалі па цэнтравой вуліцы Хомчыка і галавой — па баках. Добра паддаты мужычок, якому ў 94-м было крыху за 20, тэпаў насустрач. Д’ябэлак ува мне загадаў зачапіць мужычка з’едлівым словам. Але той быў у добрым настроі і ахвотна распачаў свой маналог. І праз хвіліну я ўжо ведаў, што ён жыве вось тут недалёка, на выбары ён ТАДЫ не хадзіў і тым больш не ходзіць цяпер, а хата Пазняка вунь там, каля самай рэчкі...
Аднак з першага разу знайсці мне яе не ўдалося. Пад сельсаветам да строгага выгляду жанчынкі азываюся сваім «дабрыдзень», атрымліваю ў адказ падкрэслена выразны «здравствуйте», і на гэтым наш «дыялог» заканчваецца. Там жа чапляю яшчэ аднаго прадстаўніка мужчынскага полу, і той упэўнена паказвае на «чацвёрты дом вот атсюда», удакладняючы, што цяпер у доме Пазняка жывуць другія людзі, бо ён яго прадаўшы. Не можа быць, думаю, што ён пляце... Толькі з чацвёртай спробы, ад мінчанкі, якая на лета прыязджае даглядаць бацькоўскі дом у Суботніках, дазнаюся нарэшце, як прайсці да вашай хаты.
І вось я на месцы, дзе народжаны быў наш Зянон. Роўны пляц, сотак 10–12 нядаўна абкошана; падсыхае, пяшчотна пахнучы дзяцінствам, трава; хлеў па дыяганалі, паміж хлявом і хатай — студня. Зводдаль садовыя дрэвы, яблыні, перад франтальнымі вокнамі, якія глядзяць на раку, растуць лістоўніца і клён. На сцяне хаты — абвесткі для такіх, як я, вандроўнікаў, а таксама шыльда, што тут нарадзіўся наш «палітычны дзеяч, змагар за вольную і незалежную Беларусь».
Агледзеўшы панадворак, іду і знаёмлюся з дзедам Францам Балдоўскім, які па-суседску даглядае хату. Дзеду за 80, але ў размове пра палітыку ён выказвае зайздросную энергічнасць і не цураецца таго самага крэпкага слоўца, якога мы часцяком пазычаем у нашага ўсходняга суседа з-за Смаленску і Пскова. Пры канцы размовы ў яго праскочыла прыкрае для мяне як беларускага нацыяналіста прызнанне, што «мы ж тут лічымся палякі». Так што, як ні павярніся і куды ні глянь, а пытанне з прыездам давядзецца вырашаць, Зянон Станіслававіч. Гады прамінаюць, і з палітычнага пытання аб’ектыўна вымушанага ад’езду ў 1990-х яно цяпер стала пытаннем вашага асабістага рэнамэ, з аднаўленнем якога з’яўляецца надзея на аднаўленне грамадска-палітычнага рэнамэ і ўсяго Беларускага Народу. Толькі пасля гэтага кроку мы зможам гаварыць пра нараджэнне ў Еўропе яшчэ адной паўнавартаснай палітычнай Нацыі, галоўнай спадчынніцы ВКЛ.