У пошуках рэнамэ, альбо Яшчэ адзін ліст да Зянона. Частка 2

Напрыканцы ліпеня Славамір Адамовіч выправіўся ў адзіночнае роварнае падарожжа, прысвечанае абароне нашых Гонару і Годнасці ў Курапатах. Публікуем працяг дарожных нататак паэта.

subotniki_2018_024_logo.jpg


Працяг. Пачатак чытайце ТУТ

Дарагі дзядзька Зянон! Калі па вяртанні з чужыны будзеце раптам ехаць маім шляхам з Астраўца на Варняны, дык няхай ваш кіроўца будзе асабліва ўважлівы першыя 2 кіламетры ад вёскі Малі. На гэтым звілістым участку дарогі я налічыў аж 5 (пяць!) прыдарожных крыжоў-памятак. І, як бы ні хацелася, выруліўшы з-за павароту, націснуць на газ — не трэба, асадзіце шафёра...

Беларускі сектар Газа

За Варнянамі адкрываецца від на аграмадныя коміны Беларускай АЭС і сталёвыя мачты высакавольтных электраліній, п\на якіх яшчэ не нацягнутыя драты...

Калі я праязджаў праз нашу заходнебеларускую вёску Газа, пра якую я ніколі дагэтуль не чуў і не чытаў, сама сабою ўзгадалася іншая Газа — горад і аднайменная правінцыя на Блізкім Усходзе, пра якія я чую ад часу, калі стаў сябе памятаць. На жаль, беларуская Газа выглядала не лепей за палесцінскую: закінутыя хаты, у зарослых дварах — іржавая тэхніка яшчэ 1960-х: трактар «Т-40», «вастраносы» легкавы «козлік» Горкаўскага аўтазаводу... Асаблівы жаль выклікаюць закінутыя хутары, якіх тут, на нашым крайнім Захадзе, яшчэ многа, яшчэ не знесеных, не зраўнаных з зямлёю, хоць даўно пакінутых памерлымі гаспадарамі ды іх нашчадкамі.

subotniki_2018_075_logo.jpg

Я сам хутаранец, мой хутар дзесьці паміж Крывічамі і Будславам доўгія гады чакае маіх рэдкіх наездаў, і таму я не стрымліваюся, кідаю ровар пры дарозе і заходжу за перыметр аднаго з такіх хутароў — зарослага густой ліпеньскай травою, з праваленым дахам... Наведваць даўно пакінутую хату — гэта як зазіраць у разварочаную варварамі магілу: і вусцішна, і заварожвае...

На паваленай шафе, на занавешаных сатлелымі фіранкамі вокнах сядзяць вялізныя каляровыя матылі, якія заляцелі ў паміраючую хату, каб на імгненне ажывіць яе шапатлівымі махамі сваіх крылцаў. Я ўключаю на тэлефоне відэа і запісваю фантасмагарычныя гукі. Падымаю з падлогі пачак рудых і чорна-белых здымкаў, прысвойваю чужое жыццё, забіраю з сабой дух і памяць гэтага дома, і веру, што яны толькі ўзмоцняць маю паганскую душу, а я дам ім новае жыццё... Іду ў іншы пакой, тут была майстэрня цеслі, вузкі стол (сталярка) пры сцяне, з якога знята і адкручана ўсё, што можна было адкруціць. Тут жа — кубло пад сала, з прыкарэлай на дне і сценках соллю, якой як найменш гадоў 30 з часу, калі апошні раз гаспадыня даставала з яе кавалак бялюткай кашэрнай беларускай свініны.

Але самае дарагое і цудам дагэтуль не выцягнутае з хаты — куфар з пляскатым вечкам, цалкам спраўны, акантаваны тоўстай бляхай, жоўценькі і сухі ў сваёй пустой сярэдзіне. Гаспадарскае рыззё даўно раскіданае і тлее на падлозе.

Яшчэ адна асаблівасць гэтага дому — вялізны, на ўвесь перыметр хаты, пограб-падвал са зручнымі шырокімі сходамі, глыбінёю як даросламу стаць у поўны рост і «чорным» выхадам у двор, цяпер завалены ламаччам. Вось гэта я разумею — сапраўдны партызанскі хутар! Гэта мне зноў нагадала палесцінскі сектар Газа і тыя хады, якія палесцінцы перыядычна пракопваюць у Ізраіль, а ізраільцяне іх перыядычна ўзрываюць.

Калі ўжо выходзіў з хаты, зазірнуў на варыстую печ. На ёй сярод іншых лахманоў ляжаў вялізных памераў руды кажух, — ляжаў як жывы, як толькі ўчора скінуты з гаспадарскага пляча. Я сцягнуў яго з лежака, пакратаў аўчыну і прыкінуў на свае 1,68. Кажух быў мне па пяты, цэлы, і зімы дзве яго можна было яшчэ аднасіць, адно што аўчынны волас аслабеў у корані і вылазіў з гнязда, калі добра паторгаць за касмыль. «Ну ды якія цяпер зімы», — падумалася мне, і я закінуў гаспадаровы кажух назад на печ.


Дзяўчына на скрыжаванні і мужычок з сярпом, альбо Як я праязджаў уздоўж БелАЭС

Калі я па дарозе з Газы набліжаўся да развілкі на Вільню, Полацак і Мінск, заўважыў бландынку ў злёгку крэмавай сукенцы і белых вінтажных басаножках. Нечакана ёкнула і затахкала сэрца: а раптам гэта дачка мая?! Спешыўся, перайшоў з роварам на той бок дарогі, на якім стаяла «яна — выдумка маёй галавы» (эпіграф да верша Максіма Багдановіча «Вераніка»). Паздароўкаўся, каўтаючы камяк незразумелага хвалявання ў горле, папытаўся, куды мне ехаць, каб патрапіць на АЭС. Дзяўчына, прыязна ўсміхаючыся, адказала, што яна «не местная» і таму не ведае. Не ведаў і я, што менш чым праз гадзіну зноў сустрэну яе — пад касцёлам у Гервятах.

subotniki_2018_090_logo.jpg


Тым часам мой велатрып працягваўся, я зноў круціў педалі па шашы «Вільня — Менск», і насустрач мне, леваруч па трасе, пачала насоўвацца свежаўзнятая высотная пара бетонных труб-комінаў. Я перыядычна спыняўся і рабіў здымкі дагэтуль нябачаных у Беларусі пейзажаў на фоне Атамнай Веранікі, у чэраве якой ужо хутка пачнуцца працэсы апакаліптычных маштабаў. А пакуль праваруч уздоўж трасы ішло жніво — жалі нарэшце даспелыя, але нізенькія і слабыя ячмень і пшаніцу.

Пабачыў камбайнёра з малым сынам у кабіне. Бацька ўвесь час прыпадымаўся з крэсла і ўглядаўся ў работу жаткі, рэгуляваў вышыню і хуткасць ходу ротарнага механізму. І ў гэты момант я востра пазайздросціў гэтаму камбайнёру, і прыгадаў жніво 1980-га і сябе памочнікам камбайнёра на камбайне «Ніва», і жытнёвае поле паміж вёскай Пасынкі, якая тады называлася Сельгасхіміяй, і вёскай Няверы — цяпер мёртвай і адгароджанай ад шашы на Будслаў жоўта-зялёным штыкетнікам.

Мімалётныя сантыменты, набеглыя, як дажджавая хмарка, пад націскам супрацьлеглых эмоцыяў згарнуліся і зніклі, я зноў засяродзіўся на мэтах вандроўкі, дарожных дэталях і навакольным пейзажы. Я мяркую, што на добры толк гаспадара, які думае пра экалогію і здароўе сабе падобных, ужо сёння сельгасугоддзі вакол АЭС у радыусе кіламетраў пяці як найменей трэба аддаваць лясгасам, каб тыя ў сваю чаргу заняліся высадкай лесу на вызваленых землях. Пакуль жа метраў за трыста ад новапаўсталых комінаў Атамнай Веранікі касілі на корм скаціне рапс, а праз дарогу жалі збожжа. Каля я пад’язджаў пад знак «Беларуская АЭС», прыгледзеўся — і што я ўбачыў?! Малады мужчына, гадоў 30-ці з лішкам, самым сапраўдным сярпом збіваў недажатыя камбайнам касмылі ячменю пры самай шашы. Спыніўся і сказаў, ці не лепш было б касой, на што мужычок адказаў: па касу далёка ісці. На тым і развіталіся: мужычок з сярпом на фоне АЭС вярнуўся да сваёй бессэнсоўнай работы, я паехаў далей, набліжаючы сябе да мэтаў сваёй вандроўкі.

Праваруч ад мяне стаяў на ўзбочыне пасажырскі «Мерседэс» з расійскімі нумарамі і нейкімі бландынкамі ў салоне. Я тармазнуў і пачаў фотафіксацыю, рыхтуючыся да разборак з вадзіцелем. Але нічога, абышлося, і я паруляваў далей. Метраў праз трыста чарговая макабарычная карціна на фоне ўсё той жа БелАЭС: два мужыкі і баба віламі-даўгаручкамі — так-так, таго самага крою віламі, якія былі на ўзбраенні мужыкоў-касінераў Каліноўскага! — зграбаюць у стог не сцюкаваныя копы саломы. Пакуль я фоткаў гэтую тройку работнікаў, падкаціў да іх начальнічак, і пакуль ён вылазіў са сваёй машынкі, цыркнуў я скрозь зубы на гарачы асфальт дарогі і паехаў, кіламетры праз паўтара ад АЭС павярнуўшы ўлева, на Гервяты, да якіх заставалася 5 кіламетраў. Хвілін праз дваццаць я быў на месцы і накіраваўся да знакамітага касцёлу, у якім у далёкім ужо 2001-м годзе хрысціў сваю гадавалую дачку разам з яе маткай. Абрад, калі я правільна запомніў, праводзіў нейкі малады ксёндз, нібыта яе траюрадны брат. Аднак такога ксяндза я не знайшоў, а той, які служыў у Гервяцкім касцёле ў 2001-м, памёр у мінулым 2017-м і пахаваны тут жа на цвінтары.

Расхваляваны няўдачай, бо спадзяваўся пачуць ад ксяндза хоць што-небудзь пра дачку, выйшаў з касцёлу і напароўся на групу турыстаў, сярод якіх была і тая дзяўчына ў белых басаножках, што паўгадзіны таму стаяла на скрыжаванні. Сяброўка ж яе, брунетка, заўважыла на маёй чорнай безрукаўцы кірылічны алфавіт і загаварыла нешта пра «рускія буквы». Я тут жа рэзка адпарыраваў, на ўсялякі выпадак удакладніўшы, ці не з Расіі яны. А калі пачуў станоўчы адказ, дык папярэдзіў, каб яны былі асцярожныя, завязваючы размовы з тутэйшымі, бо ў нас, кажу, народ не любіць, калі ім няправільна адказваюць на пытанне: «Чый Крым?»

Купіў у краме бутэльку кефіру і батон, перакусіў ды паехаў далей.

У Старой Рудні павярнуў на Соргаўцы, асфальт скончыўся і пачалася выбойністая гравейка. Ехаць было цяжка, пераязджаў з краю на край дарогі, шукаючы раўнейшага ўчастку, але меркаванае спатканне з дачкою гнала наперад. У Забельцах спыніўся ўдакладніць дарогу і нечакана даведаўся ад добра падбітай жыццём кабеты, што дачка мая з маткай акурат дома, у бабулінай хаце ў Соргаўцах, і сёння яны хадзілі ў лес па грыбы. Ехаць стала лёгка, хоць і трывожна: як жа мяне сустрэне дачка, якую апошні раз я бачыў у Вільні гадоў 15 таму, калі яшчэ жывы быў Сяргей Вітушка?

subotniki_2018_154_logo.jpg


Дачка, кош лісічак і нумар тэлефону

Калі ты не гадаваў сваё дзіця, не хваляваўся і не цешыўся разам з ім, не чытаў яму сваіх вітальных вершаў, не ўкладваў спаць і не будзіў у школу, не хадзіў на бацькоўскія сходы і на апошні званок, то і не чакай, што будуць абдымкі і слёзы радасці пры сустрэчы...

За рогам хаты маці дачкі перабірала вялізны кош свежанабраных лісічак. На мой голас дачка выйшла з дому і прычыніла за сабою дзверы. Выглядала яна на падлетка, хоць у красавіку сёлета ёй ужо споўнілася 18. Нічога ад маткі ў ёй не было — такі ж, як і ў мяне, смуглявы авальны твар, шэрыя з зялёным адлівам вочы, рымскі нос і спецыфічны сківічны прыкус, як у бацькі, і барда Высоцкага. Толькі акуляры мяне бянтэжылі, і я варажыў пра сябе, ад каго ж яна ўспадчыніла дрэнны зрок? Акуляры заміналі мне ўглядацца ў яе дзявочы і надзіва чысты твар без адзінай болькі. У яе ўзросце я пакутаваў ад хацімчыкаў, якія цэлымі калоніямі раслі на лбе, шчоках і скронях, лопаліся белай сукравіцай і пераўтвараліся ў струпы. Толькі ў арміі прайшла гэтая бяда пераходнага ўзросту.

Відаць, лягчэй мне было гаварыць са сваім першым куратарам КДБ СССР у далёкім 1986-м, як цяпер з роднай дачкой. Яна запэўнівала, што нічога пра мяне не ведае і не чытала, у сацсетках яе няма, і таму за маімі шматлікімі акаўнтамі яна не сочыць. Я ліхаманкава шукаў тыя патрэбныя словы і фразы, якія могуць дапамагчы мне разгаварыць яе, а яна неяк недакорліва нагадвала, што зусім мяне не ведае і не памятае, і для яе гэтая сустрэча нечаканая і бянтэжлівая. Што ж, на такую заўвагу мне не было чым запярэчыць. А каб і было, то і тады не магло быць і мовы пра нейкія пярэчанні і апраўданні. Заставалася адно: слухаць жывы голас дачкі і дзякаваць Лёсу, што ён давёў мяне да гэтага спаткання.

subotniki_2018_144_logo.jpg


Пасля язды па гравійцы душыла смага і перасыхала ў горле, я папрасіў напіцца, і першы раз у жыцці маё дзіця вынесла мне з хаты паўбутэлькі вады, якую я тут жа ўсю і выпіў, выціраючы натруджанай даланёю рот, потны лоб і вочы, у якіх самі сабою набрыньвалі слёзы.

Як на злое, акурат перад спатканнем села батарэйка мабілы, і ні запісаць сустрэчу, ні зрабіць сэлфі з дачкою я не змог. Дый не пэўны, ці захацела б яна, ці дазволіла б?

Не ведаю, як доўга цягнулася нашая размова: 20 хвілін, паўгадзіны ці больш, але я паспеў пачуць пэўне самае недарэчнае, што толькі можна было пачуць пры сустрэчы: матка ейная, настаўніца беларускай гімназіі ў Вільні, вывучыла на выдатна маю дачку не беларускай мове, і не замежнай якой, і нават не летувіскай, сярод носьбітаў якой яны з Ксеняй жывуць столькі гадоў, а... рускай. Ды так вывучыла, што ў гэтым годзе звазіла яе ў Маскву на нейкі лінгвістычны конкурс, і там яна ўзяла першае месца. Можаце сабе ўявіць, Зянон Станіслававіч, з якой прыкрасцю і гаркатою ў грудзях слухаў я гэтую навіну?

Але я нічога не сказаў дачцэ, я толькі спытаўся, ці гаворыць яна па-нашаму. І дачка адказала, як адказваюць многія нашы землячкі: так, гавару, але калі хачу і лічу патрэбным. Пасля гэтага моманту ў размове я адчуў, што час развітвацца, і папрасіў у дачкі нумар мабільнага, слаба верачы, што атрымаю яго. Але яна зайшла ў хату і вынесла мне картку беларускага мабільнага аператара, з якой я і спісаў дарагія мне сем лічбаў.

Назад да Старой Рудні я ляцеў, не разбіраючы дарогі. Сляпні не адставалі і секлі мяне ў голую спіну без ніякага жалю. Пачынала змяркацца. На беразе Ашмянкі ў Старой Рудні сядзела моладзь і цадзіла піва. Я знайшоў вясковы пляжык і з асалодаю кінуўся ў хуткую плынь рэчкі. Фізічная стома выходзіла з цела, а з душы — прыкрасць ад пачутага. Наперадзе чакаў рывок да Жодзішак, дзе я спа­дзяваўся заспець дома свайго даўняга таварыша Алега Мізулу і пераночыць у яго ж.

subotniki_2018_130_logo.jpg


Працяг ТУТ