Топ-10 фільмаў Джына Хэкмэна: да 95-годзьдзя двухразовага ўладальніка «Оскара»
Вялікі актор ужо даўно не здымаецца ў кіно, але гэта не замінае нам узгадаць яго выбітныя ролі. Пазаўчора Джын задзьмуў сьвечкі на юбілейным торце, а мы падрыхтавалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў з удзелам спадара Хэкмэна. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Вораг дзяржавы (Enemy of the State). 1998
Трылер Тоні Скота ўцягвае гледачоў у гульню з надзвычай высокімі стаўкамі, дзе само жыцьцё чалавека зьяўляецца пагрозай для магутнага дзяржаўнага апарату. Працэс пошуку адказаў і спробы засьцерагчыся заснаваныя на тэхналёгіях сачэньня, якія скокнулі на неверагодную вышыню ў дзевяностых гадах.
Былы аналітык службы бясьпекі ЗША зьяўляецца чалавекам, якога перасьледуе тая самая сістэма, якой ён калісьці служыў. Стужка ўвасабляе істотнае папярэджаньне нашага часу: у сьвеце пастаяннага сачэньня невінаватасьць - гэта толькі радок у прафайле, які лёгка зьмяніць пры неабходнасьці.
Што апынецца мацней: чалавек, які даведаўся шмат непрыстойнага пра сістэму, ці тая дзяржаўная машына?
Нумар 9. Чырвоныя (Reds). 1981
Радыкальны амэрыканскі журналіст уцягваецца ў камуністычную рэвалюцыю 1917 года і спадзяецца прынесьці яе дух і ідэялізм у ЗША. Гучыць нібы фантастычна, але на тыя часы чырвань была ўласьціва і за акіянам. Яшчэ не прыйшлі часы актыўнага і пасьпяховага змаганьня з агентамі Крамля за акіянам.
У фільме два галоўныя героі прысьвячаюць вялікую частку свайго жыцьця камуністычнай дзейнасьці. Але ў цэнтры ўвагі людзі, а не дзейнасьць. Тры з кавалкам гадзіны мы становімся сьведкамі складанага чалавечага існаваньня. Галоўны герой у выкананьні Ўорэна Біці ўгаворвае гераіню Даян Кітан прыехаць зь ім на «рэальную гісторыю» ў краінаў саветаў. Яны становяцца сьведкамі «дзесяці дзён, якія ўзрушылі сьвет».
Па вяртаньні дадому герой Біці піша запісы відавочцы. Затым, пасьля расколу ў шэрагах камуністаў ЗША, Джэк вяртаецца ў 1919 у чырвоную Расею каб прадстаўляць ідэі сваёй групы ў плянах сусьветнай рэвалюцыі.
Нумар 8. Занадта далёкі мост (A Bridge Too Far). 1977
Эпапея сэра Рычарда Атэнбара пра Другую сусьветную вайну ўключае безьліч зорак сусьветнага кіно. Фільм стаў адной з самых амбіцыйных рэканструкцый вайны ў гісторыі кініматографа. Сярод галівудзкіх легендаў, такіх як Шон Конэры, Робэрт Рэдфард, Энтані Хопкінс, Лоўрэнс Аліўе, Джэймс Каан – Джын Хэкман зьзяе ў вобразе польскага генэрала.
Яго герой стаіць у апазіцыі да аптымізму камандаваньня хаўрусьнікаў, асабліва калі ён выказвае свае ідэі адносна шанцаў апэрацыі па разгрому нямецкіх сілаў пасьля высадкі ў Нармандыі.
Пралікі, неахайнасьць і звычайныя памылкі будуць каштаваць вельмі дорага. Маштабныя здымкі і насычаныя падзеі чакаюць гледачоў у гэтым доўгім фільме.
Нумар 7. Боні і Клайд (Bonnie and Clyde). 1967
Легендарная стужка Артура Пэна пра закаханых рабаўнікоў перыяду вялікай дэпрэсіі. Каханьне, рамантыка і лёгкія грошы непапраўна саступаюць месца забойствам, рэкам крыві і жорсткасьці. Стужка ў свой час стала выбухам на экранах.
Боні і Клайд – займаюць сваё заўважнае месца ў сьпісе самых знакамітых трагічных гісторыяў каханьня. Фэй Дэноўэй і Ўорэн Біці ў ролі злачынцаў, а Джын Хэкмэн у ролі брата Клайда адчыняюць шлях у эпоху новага Галівуду. Залатое стагодзьдзе афіцыйна скончанае, наперадзе – іншая эра.
Нумар 6. Абсалютная ўлада (Absolute Power). 1996
Нешматлікія рэчы застаюцца нязьменнымі ў сьвеце. Але адна зь іх – шыкоўны ўзровень фільмаў, якія здымае Клінт Іствуд. Напружаны палітычны трылер прапануе гледачам паглядзець на Джына Хэкмэна ў ролі прэзідэнта ЗША, які стаў прычынай сьмерці кабеты.
Герой Клінта Іствуда стаў выпадковым сьведкам жудасных падзеяў. Але адкрыцца – значыць пахаваць і сябе самога, бо гісторыя адбылася падчас яго крымінальнай дзейнасьці. Сысьці цалкам незаўважаным не атрымалася.
Прэзідэнцтва зьяўляецца вяршыняй улады, і вобраз Джына Хэкмана ўвесь час прымушае нас падумаць, на што можа пайсьці чалавек, каб захаваць яе.
Нумар 5. Місісіпі ў вагні (Mississippi Burning). 1988
Ку-Клукс-Клян жывей усіх жывых. Стужка Алана Паркэра пра расавую нянавісьць на глыбокім поўдні Злучаных Штатаў, заснаваная на рэальных падзеях, якія адбываліся ў 1960-х гадах. Сэрыя забойстваў барацьбітоў за правы чалавека ўскалыхнула грамадзтва. Але для некаторых высокіх асобаў ускалыхнула аж занадта.
Джын Хэкмэн разам з Уілемам Дэфо граюць двух агентаў ФБР, якім наканавана знайсьці адказы на відавочныя пытаньні, і літаральна не згарэць на працы. Пакуль не суеш нос – ты застаешся ў бясьпецы. Але гэта перастае працаваць, калі колер скуры цямней за эталённа-белы.
Нумар 4. Французскі сувязны (The French Connection). 1971
Амэрыканскі інстытут кінамастацтва прызнаў працу Ўільяма Фрыдкіна адным з найлепшых фільмаў у гісторыі. І не дарма! Стужка назьбірала перамогі ва ўсіх галоўных намінацыях «Оскара» таго года. Джын Хэкмэн выканаў, бадай што, сваю самую знакамітую ролю. Жорсткі, праўдзівы, зьняты амаль у дакумэнтальнай манэры фільм пра барацьбу з міждзяржаўным трафікам наркотыкаў скарыў і гледачоў і акадэмікаў.
Стужка застаецца эталёнам для крымінальных драмаў, якія адважваюцца адлюстраваць самыя цёмныя аспекты чалавечай прыроды.
Нумар 3. Размова (The Conversation). 1974
Акрамя перамогі на Канскім кінафэсьце гэтая стужка магла прэтэндаваць на больш шырокае прызнаньне ўзнагародамі. Фільму Копалы перашкодзіў іншы фільм Копалы, які ён зьняў у тым жа годзе.
«Размова» — захапляльны трылер, які дасьледуе трывожны сьвет сачэньня і псыхалягічныя наступствы, якія непазьбежна суправаджаюць тых, хто займаецца такой справай. Джын Хэкман выконвае ролю прыватнага прафэсійнага спэцыяліста па падслухоўваньні. Але пасьля апошняга заданьня ён становіцца паранаідальна засяроджаным на магчымым забойстве, якое магчыма было заплянаванае падчас выпадковага трапленьня ў поле зроку галоўнага героя.
Фільм зьяўляецца майстар-клясай па ўзрастаньні напружаньня. Перманентны фонавы шум і кавалкі размоваў павольна могуць давесьці героя Хэкмана да вар’яцтва.
Нумар 2. Пудзіла (Scarecrow). 1973
Шчымлівае роўд-муві рэжысэра Джэры Шацбэрга кліча гледачоў і галоўных герояў у падарожжа па сэрцы Амэрыкі. Стужка малюе складаны партрэт сяброўства і мараў дваіх, у выкананьні Аль Пачына і Джына Хэкмэна.
Фільм распавядае пра жыцьцё героя Хэкмэна, былога крымінальніка з жорсткай зьнешнасьцю, але вельмі пяшчотным сэрцам, і героя Аль Пачына, які вярнуўся з флоту, і з дзіцячай наіўнасьцю сустракае навакольны сьвет. Іх выпадковая сустрэча прымушае завязаць неверагоднае сяброўства і адправіцца ў падарожжа па краіне з агульнай марай адчыніць аўтамыйку ў Пітсбургу.
Пудзіла — страшэннае і вуглаватае звонку, у сярэдзіне мае нешта зусім адваротнае. Але хіба нехта пра гэта будзе задумвацца?
Нумар 1. Недаравальны (Unforgiven). 1992
Пасьля караля жанру вэстэрн Джона Ўэйна надыйшла эра іншага выбітнага актора — Клінта Іствуда. Гэтай стужкай, у якой Іствуд выступае і як рэжысэр, які ўжо ўвайшоў у лік найлепшых у гісторыі кіно, Клінт дае своеасаблівую даніну вэстэрнам. Ён адначасова кажа дзякуй і разьвітваецца з гэтымі фільмамі. Яго герой — ужо далёка не малады чалавек, вымушаны акунуцца з галавою ў даўно забытую гульню. Яго жонка забітая, а ён спрабуе зноў авалодаць рэвальверам.
Іствуд спрабуе паказаць увесь чорны бок так званых герояў Дзікага Захаду. Забойствы, якія цягнуць за сабою забойствы, у выніку якіх вы атрымаеце… забойствы.
Цудоўны акторскі склад, разам з Клінтам Іствудам тут і яго даўні сябар Морган Фрыман і Джын Хэкмэн — на ўсю моц сваіх талентаў ствараюць фантастычна цікавы і захапляльны фільм. Кожны зь іх герояў мае доўгую і глыбокую гісторыю. Някожны здолеў пранесьці чалавечнасьць праз жыцьцё. Заслужаныя ўзнагароды за лепшы фільм года і рэжысэрскую працу Клінта Іствуда.
Прыемнага прагляду!