Топ-10 фільмаў да міжнароднага дня бармэна
На гэтым тыдні адзначалася прафэсійнае сьвята супрацоўнікаў бараў. Колькі падзеяў, значных і маштабных адбылося ў кіно у пабах, салунах, барах! Гэтыя месцы заўжды нясуць таямніцу, інтрыгу, радасьць, а часам і трагедыю. Мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых стужак, у якіх бар грае вызначальную ролю. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Па-за законам (Down by Law). 1986
Цудоўны фільм Джыма Джармуша, які зь легкасьцю ўкладзецца ў ваш вечар. Лёгкія элегантныя дыялёгі і майстэрская праца аператара – звыклыя рэчы для гэтага майстра кіно. Для свайго творчага пляну Джармуш запрасіў на галоўныя ролі Рабэрта Бэніньё і Тома Ўэйтса, які акрамя сваёй музычнай кар’еры апынуўся і таленавітым акторам.
Калі вам падабаецца творчасьць Тома Ўэйтса – сьмела пачынайце прагляд і гэтага фільму, бо ўся атмасфэра яго лірычных вечаровых песьняў пад піяніна ў бары прысутнічае ў карціне. Праўда ўжо не толькі ў бары з віскі, а ў камэры, дзе сустракаюцца галоўныя героі. Што абмяркоўваць, як не плян уцёкаў?
Нумар 9. Блакітны анёл (Der blaue Engel). 1930
Фільм, які вынес Марлен Дзітрых да міжнароднай славы і захапленьня. Гэта значная, вызначальная частка Вэймарскага кіно, якую зьняў Юзэф фон Штэрнбэрга. Маладая Марлен Дзітрых выступае ў ролі Лолы Лолы, захапляльнай, чароўнай, шыкоўнай, і ў канчатковым выніку трагічнай сьпявачкі кабарэ. Калі мы проста чуем слова «кабарэ» – менавіта вобразы Марлен Дзітрых паўстаюць перад вачыма.
Гісторыя круціцца вакол падзеньня паважанага прафэсара (яго геніяльна сыграў Эміль Янінгс), чыё захапленьне Лолай прывяло да яго гібелі. Гераіня Дзітрых вельмі маніпулятыўная: яна не злыдзень і не ахвяра, але непазьбежнасьць фатальнага фіналу для асобаў вакол яе зьяўляецца сьледствам харызматычнай, ракавой прывабнасьці.
Нумар 8. Птушка (Bird). 1988
Фільм Клінта Іствуда пра музыку атрымаў узнагароду амерыканскай кінаакадэміі за лепшы гук – чым не дадатковая нагода, каб вы паглядзелі гэты шыкоўны фільм.
Рэжысэр – вядомы аматар джазу, і гісторыя ў яго працы апавядае пра Чарлі Паркера – суперзорку, якая надзвычай рана згасла навечна. Джаз. За яго ў краіне саветаў можна было прысесьці, а ў краіне разьвітага капіталізму можна было зьехаць з глузду ад папулярнасьці, якая на цябе звалілася.
Патушыце сьвятло, адкаркуйце брэндзі і насаладжвайцеся гульнёй Форэста Уітакэра ў гэтым фільме. Не зьдзіўляйцеся, калі пасьля пажадаецца набыць саксафон.
Нумар 7. Баншы Інішэрына (The Banshees of Inisherin). 2022
Марцін МакДона стварыў па-за часовы фільм, дзеяньне якога адбываецца недзе на выспе каля Ірляндыі. На фоне – даносяцца зьвесткі аб нейкай барацьбе кагосьці з кімсьці са зброяй у руках, што праўда не вельмі зацягвае жыхароў Інэшырына. Яны жывуць простым жыцьцём, калі надвячоркам мужчыны зьбіраюцца ў бары, каб перамагчы пінту-другую піва.
Гледачы становяцца сьведкамі ідэальнай акторскай гульні ад Коліна Фарэла і Брэндана Глісана (тую ж пару той жа рэжысэр здымаў у культавай стужцы «Залегчы на дно ў Бруге»). Гэтым разам сябры, ці як мы заўважаем з першых кадраў, былыя сябры займаюцца вырашэньнем сваіх душэўных перажываньняў. Глісан адмаўляецца сябраваць далей з героем Фарэла праз яго «павярхоўнасьць». У сваю чаргу той імкнецца наладзіць адносіны.
Сапраўдная, шчырая гісторыя пра сяброўства.
Хто такія Баншы, вынесеныя ў назву фільма? Гэта феі, якія зьяўляюцца прадвесьніцамі сьмерці. Стужка, вартая для прагляду кожнаму.
Нумар 6. Банды Ню-Ёрка (Gangs of New York). 2002
Легендарны фільм Марціна Скарсэзэ, які паказвае брутальны, жорсткі, канкурэнцкі Ню-Ёрк 1863 года. Стужка пачынаецца з бойкі паміж дзьвюма бандамі ў Файв Пойнтс, раёне Манхэтэна. З аднаго боку — ірляндзкія імігранты-каталікі, якіх называюць «Мёртвыя трусы», на чале са «сьвятаром» Валонам у выкананьні Ліяма Нісана.
Ён — бацька маладога Амстэрдама, які вырастае чалавекам, якога сыграў Леанарда Дзі Капрыё. У баі яны сутыкаюцца з Канфэдэрацыяй амэрыканскіх мясцовых, пратэстанцкай групай, якую ўзначальвае «Мясьнік Біл», якога грае Дэніэл Дэй-Льюіс (гэты актор між іншым мае найбольшую колькасьць узнагародаў Оскар за лепшую мужчынскую ролю – тры).
Першая сцэна заканчваецца тым, што Біл забівае «Сьвятара», такім чынам заваёўваючы тэрыторыю для пратэстанцкай групы. Пасьля падзеі пераносяцца на дваццаць гадоў наперад. Нас чакае жорсткая, костка-у-костку вайна за ўплыў у Ню-Ёрку. Гісторыкі пасьля прагляду стужкі адзначалі: «Ніводны фільм ніколі не адлюстроўваў амэрыканскую галечу такім чынам: імігранты туляцца на паліцах у кватэрах, галодныя дзеці паміраюць на вуліцах, няма законаў, акрамя праўленьня моцных, і кожны імігрант або расавае племя змагаецца з іншымі».
Нумар 5. Дыліжанс (Stagecoach). 1939
Гэтая стужка Джона Форда – самае лепшае што можна абраць для азнаямленьня з клясычным фільмам у жанры вэстэрн. Менавіта тут набраў абароты самы галоўны каўбой дзікага Захаду – Джон Уэйн. Чалавек, які на дзесяцігодзьдзі стаў сынонімам слова «вэстэрн». Менавіта Джон Уэйн, а не Рональд Рэйган, мог стаць першым прэзідэнтам, які раней быў акторам. Шалёная папулярнасьць і аўтарытэт Уэйна стаў прычыный яго вылучэньня ад рэспубліканскай партыі на выбарах у 1960-х, але сам Джон вырашыў не працягваць палітычную кар’еру.
Фільм Джона Форда зрабіў сапраўднае пераасэнсаваньне жанру ў вачах тагачасных глядачоў, бо папярэднія сотні і сотні карцінаў былі нібы экранізацыяй гатовых слайдаў са штампамі. Тут жа мы становімся сьведкамі, як цэлы акторскі ансамбль атрымлівае свой голас. Героі не проста дэкарацыі на фоне пустыні, але жывыя і драматычныя героі. Сядайце на дыліжанс разам зь імі, і паехалі! Не забудзьцеся толькі адстрэльвацца ад дрэнных.
Нумар 4. Недатыкальныя (The Untouchables). 1987
Гэта гісторыя пра герояў і злодзеяў, пра непахісную сілу закона супраць карупцыйнай прыроды чалавека. Дзеяньне стужкі Браяна дэ Пальма адбываецца на фоне Чыкага эпохі Сухага закону. Фільм цалкам напоўнены подыхам і гвалтам свайго часу.
Акторскі склад не пакіне вас у роздуме, ці глядзець гэтае кіно. Кевін Костнэр у ролі дэтэктыва, Шон Конэры ў ролі старога паліцэйскага і вялікі Робэрта Дэ Ніра ў ролі Аль Капонэ – разам з музыкай Эніа Марыконэ – геніяльнасьць агульных намаганьняў гарантаваная.
Адна з самых легендарных перастрэлак у гісторыі кінематографу была зьнятая акурат Браянам дэ Пальма. Гангстэры, бурбон, чорная каса і паліцэйскія, якія мараць зрабіць сьвет крыху сьвятлей. Ці засталіся недатыкальныя вакол? Ці кожны мусіць азірацца і правяраць ежу на атруту?
Нумар 3. Містычная рака (Mystic River). 2003
Бездакорны твор мастацтва для вашай увагі. «Містычная рака» — гэта кінематаграфічны трыюмф, які сьведчыць пра здольнасьць Іствуда ствараць эфектнае кіно, незалежна ад жанру.
Гэта больш, чым таямнічы трылер. Стужка дасьледуе ўзаемапранікнёныя аспекты гора, смутку, віны і шнараў мінулага, якія застаюцца актуальнымі назаўжды.
Акторскі склад стужкі ўражвае магутнасьцю і бязьмежным талентам выканаўцаў, у прыватнасьці Шона Пэна, Кевіна Бэйкан і Ціма Рота.
Гледачы сутыкнуцца з забойствам дзяўчыны, дачкі героя Шона Пэна і наступным заблытаным рассьледаваньнем. Калі вам жадаецца паглядзець па-сапраўднаму выбітнае кіно – гэта тое, што трэба.
Нумар 2. Твар са шнарам (Scarface). 1932
Стужка Говарда Хоўкса — грандыёзны гангстэрскі фільм, дзеяньне якога адбываецца ў эпоху сухога закона. У ім галоўны герой у выкананьні Пола Муні, італьянскага эмігранта ў Чыкага, спрабуе трапіць у арганізаваную злачыннасьць. Гвалт, хоць і не страшэнны па сучасных стандартах, лічыўся вельмі відавочным для свайго часу і выклікаў значныя спрэчкі.
Адно істотнае адрозьненьне паміж двума фільмамі заключаецца ў паказе амбіцый галоўных герояў. У вэрсіі 1932 году амбіцыі выяўляюцца ў жаданьні ўлады і кантролю галоўнага героя. У экранізацыі 1983 году амбіцыі абумоўленыя скажонай інтэрпрэтацыяй амэрыканскай мары ў імкненьні да багацьця і статусу.
Нумар 1. Касабланка (Casablanca). 1942
Стужка Майкла Кёрціса – гэта адна з галоўных цаглінаў у гісторыі кіно. Такіх геніяльных і прыгожых фільмаў надзвычай мала, і вам проста абавязкова неабходна азнаёміцца з гэтым шэдэўрам кінематографу.
Дзеяньне адбываецца ў бурлівым мараканскім горадзе падчас Другой Сусьветнай вайны, калі, здавалася б нэйтральная тэрыторыя становіцца арэнай схаваных інтрыгаў і падрыхтоўкі шпіёнскіх апэрацыяў.
Інгрыд Бэргман і Хамфры Богарт граюць былых каханкаў, што выпадкова становяцца ўцягнутыя ў вір нечаканых падзеяў.
У сёньняшнім сьвеце, дзе фільмы прыходзяць і сыходзяць праз некалькі месяцаў, «Касабланка» зьяўляецца яскравым сьведчаньнем залатога веку Галівуду. Менавіта такія стужкі нагадваюць нам пра магію, якую фільмы могуць стварыць.
Прыемнага прагляду!