Топ-10 фільмаў Пола Ньюмана: да 100-й гадавіны з дня народзінаў
Выдатны актор мог бы разьмяняць другое стагодзьдзе свайго жыцьця на гэтым тыдні. Гэта дало нам падставу прыгадаць ягоныя ролі і пазнаёміць вас з аўтарскім сьпісам дзесяці лепшых стужак Пола Ньюмана. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Халаднакроўны Люк (Cool Hand Luke). 1967
Пол Ньюман грае ў гэтай стужцы простага хлопца, які па дурноце заляцеў за краты на некалькі гадоў. Мы ўбачым мужную непахісную волю, якую спрабуюць скруціць і размазаць наглядчыкі вязьніцы. Гэтых людзей, што пакліканыя даглядаць і чакаць перавыхаваньня зьняволеных, на жаль занадта часта можна назваць адным словам: садыст.
Галоўны герой праз некалькі разоў імкнецца вырвацца з фізычнага і псыхалягічнага прыніжэньня ў сьценах выпраўленчай установы, і гэта ўсё больш і больш павялічвае градус супрацьстаяньня. Чалавечнасьць супраць фанатычнага садызму. Штодня тысячы беларусаў у засьценках адчуваюць на сабе падобную сістэму.
Халаднакроўны Люк у адным з эпізодаў зьядае 50 звараных укрутую яек, каб перамагчы ў спрэчцы на заклад. Ён круты.
Нумар 9. Колер грошай (The Color of Money). 1986
Марцін Скарсэзэ фактычна стварыў сіквэл фільма «Більярдыст», зь якім вы пазнаёміцеся ніжэй. Стылёвы Пол Ньюман вяртаецца на экран у ролі былой зоркі гульні ў більярд, якую ўгаворваюць вярнуцца ў справу. Галоўны герой бачыць магчымасьць лёгкіх грошай і ўзгадвае вострае адчуваньні канкурэнцыі.
Партнэрам па здымках стаў Том Круз, якому пашанцавала паглядзець зблізу на майстар-клясу акторскай гульні. Праца Пола Ньюмана прынесла яму заслужаны Оскар.
Гэты фільм адразу і пра адносіны паміж настаўнікам і вучнем, а таксама пра супрацьстаяньне рэпутацыі мінулых дзён.
Колер амэрыканскіх грошай вельмі падобны да колеру білярднага стала.
Нумар 8. Прысуд (The Verdict). 1982
Судовая драма рэжысэра Сідні Люмэта з Полам Ньюманам у галоўнай ролі. З самага пачатку гледачы сустракаюцца з алкаголікам, зламаным чалавекам у пакамечаным строі і дрыжачымі рукамі. Некалі ён быў выдатным адвакатам, але цяпер – спрабуе выжыць.
Урэшце лёс дае яму гэты шанец і ён чапляецца за сваю апошнюю справу аб службовым памылцы ў шпіталі, што прывяла да трагічных наступстваў.
Гэта ягоны выратавальны плыт, у надзеі нарэшце вызваліць сябе ад мінулых памылак. Цікава, што ад галоўнай ролі напачатку адмовіўся Робэрт Рэдфард, неаднаразовы партнэр Ньюмана па здымках. Яму прыйшлося недаспадобы граць алказалежнага чалавека на экране. А вось Пол цудоўна справіўся.
Нумар 7. Доўгае сьпякотнае лета (The Long, Hot Summer). 1958
Стужка Марціна Рыта напоўненая паўднёвай сьпёкай і звыш напружаньнем ад першага кадра і да самага апошняга. Сцэнар створаны паводле твораў знакамітага пісьменьніка Ўільяма Фолкнэра. Пол Ньюман грае ролю нахабнага валацугі, чыё прыбыцьцё выклікае хвалю ў звыклым грамадзкім жыыцьці невялікага старамоднага горада.
Апроч Ньюмана – у фільме задзейнічаны Орсан Уэлс, які грае заможнага ўладара ўсяго, чыю дачку мае намер ажаніць на сабе спрытны чужаніца. Асобная гісторыя, які павінна прымусіць вас паглядзець карціну, вельмі рамантычная: на здымках Пол Ньюман пазнаёміўся з той самай «дачкой» Орсана Ўэлса – Джаан Вудвард. Праз некалькі месяцаў яны ажаніліся па-сапраўднаму і пражылі разам да сьмерці вялікага актора ў 2008 годзе.
Нумар 6. Більярдыст (The Hustler). 1961
Калі вы больш аматар не камандных відаў спорту – гэтая стужка вам дакладна прыйдзецца даспадобы. У галоўнай ролі Пол Ньюман – яго герой сапраўдны прафэсіянал у більярдзе. Акрамя задавальненьня ад гульні ён атрымлівае і іншы профіт – ён ушчэнт перамагае сваіх супернікаў у партыях на грошы. Пачынае як і належыць – крыху дае адчуць асалоду перамогі апанэнту, потым уздымае стаўкі – і разгром.
Ці зможа галоўны герой увесь час падтрымліваць такі рытм, ці яму трапяцца супернік не па-зубах? Усё паступова ўскладняецца. Дарэчы, Пол Ньюман выканаў усе ўдары ў фільме самастойна, акрамя аднаго, самага складанага.
Нумар 5. Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід (Butch Cassidy and the Sundance Kid). 1969
Легендарны фільм пра бандытаў, якія мелі рэальных прататыпаў у недалёкім ад здымкаў мінулым. Пол Ньюман у ролі Буча Кэсідзі, чалавека-ідэі, які заўсёды плянуе наступную вялікую справу аб рабаваньні, але рэдка задумваецца аб наступствах. Яго ўпэўненасьць кантрастуе з Робэртам Рэдфардам у ролі ідэальнага стралка Сандэнса.
Ёсьць адчуваньне, што гэтыя злачынцы езьдзяць не толькі дзеля грошай ці славы, але і дзеля чыстага задавальненьня ад сумеснай язды – у любым выпадку, пакуль закон не прымусіць спыніцца.
Гэта клясыка, якая даказвае, што нават самыя знакавыя героі – і антыгероі – могуць сустрэць свой лёс з усьмешкай і жартам.
Нумар 4. Камусьці там на версе я падабаюся (Somebody Up There Likes Me). 1956
Фільм пра баксёра, у якім амаль няма самога боксу. Пол Ньюман пад кіраўніцтвам рэжысэра Робэрта Ўайза выкарыстоўвае залаты шанец – і становіцца вялікай зоркай амэрыканскага кіно. За некалькі дзён да пачатку здымкаў трагічна загінуў Джэймс Дзін, пра якога сьпявала ў свой час Лана дэль Рэй. Менавіта Джэймс мусіў умацаваць узьлёт уласнай кар'еры, але аўтакатастрофа адкрыла шлях Ньюману.
Пол Ньюман выконвае ролю рэальнага Рокі Грацыяна — вельмі праблемнага нью-ёркскага вулічнага хлопца, які знайшоў выратаваньне на баксёрскім рынгу. У фільме расказваецца захапляльная гісторыя аўтсайдэра, якая выглядае надзвычай сапраўднай. Жыцьцё жорсткае, але выйсьце заўжды знаходзіцца.
Нумар 3. Разарваная заслона (Torn Curtain). 1966
Гэтая стужка Альфрэда Хічкока, магчыма, і не самы знакаміты твор у славутай фільмаграфіі майстра, але ён застаецца напружаным і захапляльным трылерам пра часы халоднае вайны.
Дзеяньне фільма разгортваецца на фоне адвечнага шпіянажу паміж Усходам і Захадам. Пол Ньюман у ролі амэрыканскага фізыка, які, відаць, уцёк ва Ўсходнюю Нямеччыну — да вялікага шоку і зьбянтэжанасьці яго нявесты, якую грае Джулі Эндрус. Ці не мае кожны ўчынак больш складаных матывацый, чым здаецца адпачатку? Ці не стане агент шпіёнам, і наадварот – шпіён агентам? Розьніца ў дэталях.
Дэзарыентаваны глядач адразу пагружаецца ў нэрвовы сьвет падвойных кодаў і зашыфраваных размоваў, ніколі ня ведаючы, каму давяраць.
Нумар 2. Пракляты шлях (Road to Perdition). 2002
Дзеяньне фільма Сэма Мэндэса адбываецца ў Амэрыцы эпохі дэпрэсіі. Рэжысэр запрашае зазірнуць у самае сэрца цемры, якая жыве ўсярэдзіне людзей. Том Хэнкс і Пол Ньюман ствараюць адзін з самых моцных дуэтаў у гангстэрскіх фільмах у гісторыі. Для Ньюмана стужка стала амаль разьвітаньнем з кіно і з жыцьцём.
Герой Тома Хэнкса мае ўласны шлях - шлях помсты, выкліканы трагедыяй, якая разьдзірае яго сям'ю ў эпоху, калі літасьцівасьці чакаць не выпадае. Ён выконвае ролю дарадцы ірляндзкага гангстэра. Бляск Хэнкса дапаўняе Ньюман у ролі таго самага гангстэра, які адначасова зьяўляецца для героя Хэнкса і так званым бацькам і ворагам. І што рабіць, калі маленькае дзіця даведваецца, што яго бацька – гангстэр?
Назва карціны яшчэ больш насычае яе сэнсамі: гэта напамін аб няўмольнай дарозе, па якой мы ўсе ідзем: дарозе да ўласнай пагібелі.
Нумар 1. Котка на распаленым даху (Cat on a Hot Tin Roof). 1958
Выдатная драма Рычарда Брукса паводле пьесы Тэнэсі Ўільямса, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію. Дзеяньне фільма адбываецца ў душным, няўтульным маёнтку ў паўднёвым сьпякотным штаце Місісіпі, які служыць ідэальным фонам для разгортваньня драмы. Сам дом адлюстроўвае нутраную сьпёку і ўзрушэньні герояў.
Элізабэт Тэйлар і Пол Ньюман, які грае яе мужа, ствараюць магутную кінематаграфічную зброю, каб абязброіць гледачоў. Кожны з тых, хто пазнаёміцца з гісторыяй цяжкай сям’і, не застанецца без глыбокага ўражаньня. Рэжысэр прымусіць гледачоў адчуваць кожную гарачую спрэчку і шэпт, які цягне за сабою сямейныя тайны.
Прыемнага прагляду!