Сёння — Макрыны: Што за дзень?
Што рабілі нашы продкі, каб асвяціць яблыкі да Яблычнага Спаса, калі царква была далёка, у якія жнівеньскія прыкметы верылі, «Будзьма» распавядае ў артыкуле пра народны каляндар беларусаў на жнівень.
Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.
Народны каляндар беларусаў багаты і цікавы, прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.
- 1 (па юльянскім календары) жніўня — Макрыны (Макрэня, Макрыдка)
Лічылася, што па гэтым дні можна прадказаць надвор’е на ўсю восень: калі на Макрыны дождж, то і восень будзе мокрая. Калі дажджу не будзе, то «не будзе бульба гнісці ў зямлі». Ад гэтага дня дажджы лічыліся ўжо восеньскімі, халоднымі, ад іх стараліся схавацца.
- 2 (па юльянскім календары) жніўня — Ілля
Свята ў гонар апекуна земляробаў і абаронцы ад нячыстай сілы. У народнай свядомасці Ілля асацыюецца з богам-грымотнікам, які перунамі знішчае нячысцікаў. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, святы быў «узяты жывым на неба». Атрыбутам Іллі лічыцца вогненная квадрыга, на якой ён узнёсся на нябёсы.
Лічылася, што ад Іллі лета заканчваецца і пачынаецца восень. Ужо забаранялася купацца ў прыродных вадаёмах. У некаторых рэгіёнах ладзілі талаку — касілі сена ўдовам.
- 9 (па юльянскім календары) жніўня — Панцеляймон (Панцялей)
Нашы продкі ў гэты дзень стараліся не працаваць у полі — бо шанцаваць не будзе.
- 14 жніўня — Макавей (Мядовы Спас). Першы з трох Спасаў
Па сутнасці гэта святы новага ўраджаю. Асноўным дзеяннем на іх было асвячэнне пладоў, кветак, зёлак у царкве, каб пасля выкарыстоўваць для лекавых і абарончых мэт (ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы).
Мядовы (Макавы) Спас у хрысціянскай традыцыі прысвечаны старазапаветным пакутнікам Макавеям. Але ў народнай свядомасці ён стаў асацыявацца з макавым насеннем, якое асвячалі ў гэты дзень у царкве. Асвечаны мак сыпалі ў калодзеж, выклікаючы дождж, выкарыстоўвалі як абарончы сродак ад вядзьмарак і сурокаў (трэба насіць яго ў кішэні).
Таксама асвячалі мёд, лекавыя зёлкі, букеты з кветак і морквы, галінкі пладовых дрэў.
- 15 (па грыгарыянскім календары) і 28 (па юльянскім календары) — Успенне (Прачыстая, Спажа, Багародзіца)
Хрысціяне ў гэты дзень адзначаюць Унебаўзяцце Божай Маці. У народным календары гэта дзень, што размяжоўвае лета і восень. Адпаведна тлумачыцца і назва свята: «Успенне» — саспелі плады, ягады, арэхі; «Прачыстая» — палі становяцца чыстымі, бо ўраджай ужо сабраны.
У гэты дзень прынята асвячаць плады новага ўраджаю, збожжа, кветкі, зёлкі. Ладзіць вячоркі і перанос свячы з хаты ў хату.
- 19 жніўня — Другі (Яблычны, Вялікі) Спас
Да гэтага дня намагаліся скончыць жніво. Самай трывалай традыцыяй у гэты дзень стала асвячэнне яблык ды іншай садавіны. Калі царква знаходзілася далёка, яблыкі проста клалі на страху і верылі, што бласлаўленне даляціць да іх. Асвечаныя яблыкі пакідалі на могілках.
А па надвор’і ў гэты дзень меркавалі пра тое, якая будзе восень: сонечная ці мокрая.
- 25 і 26 жніўня — у гэтым годзе выпадаюць Спасаўскія Дзяды
У пятніцу і суботу напярэдадні Успення (28 жніўня) ладзіліся памінальныя вячэры ў некаторых рэгіёнах. Як і на іншыя Дзяды, прыбіраліся ў хаце ды на падворку, збіраліся са сваякамі ды ладзілі памінальныя вячэры.
- 29 (па юльянскім календары) жніўня — Трэці (Арэхавы, Хлебны) Спас
Апошні (Малы) Спас. Адзначаўся не так масава і шырока, як папярэднія два. У гэты дзень спраўлялі дажынкі. Асвячалі арэхі, лён, жыта. Асвечанае зерне пасля дадавалі ў насенне — каб лепшым быў наступны ўраджай. Таксама яго пасля выкарыстоўвалі ў магічных рытуалах і замовах увесь наступны год.
На Спасы было прынята наведваць крыніцы і пакідаць ім ахвяру — грошы, яблыкі, тканіну. У гэты ж час (з 14 па 28 жніўня) ладзіліся кірмашы.
- 29 (па грыгарыянскім календары) жніўня — Калінавік (Ян, Галавасек, Іван Крываўнік)
Назва прыйшла ад царкоўнага наймення дня — «Адсячэння галавы Яна Хрысціцеля». У сувязі з гэтым з’явілася забарона на рэзанне, разломванне круглых прадметаў (хлеб, капуста, бульба і г. д.). Таксама ў гэты дзень не мылі галаву.
У некаторых рэгіёнах увечары збіраліся дзяўчаты, каб паспяваць песні, звіць вянкі. Дзень лічыўся спрыяльным для збору ягад каліны і журавін — пасля іх выкарыстоўвалі як найлепшыя лекі ад галаўнога болю.