Паркінг ля Белага дому: ці варта вучыцца дэмакратыі ў Амерыкі?

Так атрымалася, што прыкладна праз гадзіну з моманту, калі мой самалёт прызямліўся ў Вашынгтоне, я стаяла перад Белым Домам. Вось так проста стаяла і абапіралася лбом у агароджу. На ўсходнім узбярэжжы Амерыкі была дзявятая гадзіна вечара, а ў Мінску — глыбокая раніца наступнага дня, і прыкласці да ілба нешта халоднае гэтым душным жнівеньскім вечарам было неабходна, каб не заснуць. А магчыма, я ўжо спала. І ўсё гэта мне снілася.



a3ec6dd8d538712a581e5b24726ce062.jpg

Так атрымалася, што прыкладна праз гадзіну з моманту, калі мой самалёт прызямліўся ў Вашынгтоне, я стаяла перад Белым Домам. Вось так проста стаяла і абапіралася лбом у агароджу. На ўсходнім узбярэжжы Амерыкі была дзявятая гадзіна вечара, а ў Мінску — глыбокая раніца наступнага дня, і прыкласці да ілба нешта халоднае гэтым душным жнівеньскім вечарам было неабходна, каб не заснуць. А магчыма, я ўжо спала. І ўсё гэта мне снілася. Менавіта такім чынам я прабачалася перад амерыканскім сябрам, які сустрэў мяне ў аэрапорце імя Рэйгана і прывёз сюды ў спадзеве на прыгожы жэст, за тое, што я ніяк не рэагую на пабачанае. Хаця, здавалася, у іншых умовах дах, які так нечакана перамясцілі на подступы да Капітолію, мусіла знесці капітальна.
Мой аднакласнік Дзіма — самае каштоўнае, што дала мне эпоха інтэрнэту. Калі б у 2004 годзе ў Гарвардзе не вынайшлі Фэйсбук, мы б не знайшліся ў 2007-м. Яго сям’я выехала ў эміграцыю яшчэ з СССР, калі Дзіму было 9, і ні я, ні мае бацькі не ведалі, у якую з краін Захаду. А вось секунда пошуку ў сацыяльнай сетцы дала адказ, што ў ЗША. Гэта была наша другая сустрэча пасля пасядзелак у пясочніцы. Раней ён ужо прыязджаў да мяне ў Еўропу.
З Дзімам, яго сям’ёй і сябрамі я прабавіла больш за тыдзень усяго часу, які займала мая паездка. Якім бы нетыповым ні быў гэты мой досвед дачынення з «простымі амерыканцамі» — апісваць я буду хутчэй яго. Пры пэўнай роднаснасці душаў, якая прывяла да нашага з Дзімам, як смяяліся бацькі, «інтэлектуальнага сяброўства» яшчэ на стадыі пясочніцы і пры рускай мове, на якой ён усё яшчэ няблага гаварыў, — стаў для мяне адкрытым космасам Амерыкі, з прамым выхадам да Белага Дому, іпатэкай і аўтаматамі на паркоўку.
Народ
Да бацькоў Дзімы пасля самалёту ехаць запозна. Таму на адну ноч ён пасяляе мяне ў сваім пакоі, а сам спіць на першым паверсе ў гасцёўні. Дом, якія яны здымаюць з сябрамі, планаваўся як жытло для сярэдняй сям’і, але цяпер тут жывуць аж сем чалавек з тых, каго мы называем «маладымі спецыялістамі». Здаровы мангал на ганку і непрыбраны падворак з галавой выдаюць сацыяльны статус жыхароў. Маладыя людзі ў доме адно начуюць, цэлымі днямі адпрацоўваючы першыя ў сваім жыцці крэдыты, — за вучобу ды машыну. Стол увечары застаўлены гатовай ежай з дарожных кафэ, мяне знаёмяць з жыхарамі гэтай пост-студэнцкай «хазы».
Тод, Дэн, Рон, Біл, — прадстаўляе Дзіма сваіх сяброў. — Надзя, — дадае ён, калі мілая дзяўчына вызірае з кухні і вітаецца па-руску. Яна таксама — дзіця савецкай эміграцыі. Сцены гасцёўні завешаныя сцягамі, якія мне нічога не гавораць. Гэта штандары штатаў, з якіх насельнікі дому прыехалі «заваёўваць сталіцу».
Бліжэй да поўначы падцягваецца апошні насельнік камуны — Джэф. Ён займае ў доме выключнае памяшканне — «бэйсмэнт» — піўніцу з асобным уваходам. Яго рэдка бачаць, бо ён устае позна, вяртаецца позна, працуе і жыве ўначы. «Джэф — твой калега», — з павагай расказваюць пра яго хлопцы. Джэф скончыў школу журналістыкі і (хто б сумняваўся) піша кнігу. Але пакуль не напісаў, зарабляе на жыццё, робячы для прэсы апісанні пасяджэнняў адной з дзяржаўных структураў. Так, амаль усе жыхары Вашынгтону так ці іначай працуюць на дзяржаву. Можа, таму вакол мяне — адно «правільныя» маладыя людзі. Джэф узнімаецца на шум галасоў, каб нацадзіць бурбону і даўгой, дасціпнай, але не вельмі паліткарэктнай тырадай характарызуе сённяшняе пасяджэнне і яго ўдзельнікаў. За гады працы ён вывучыў сваіх чыноўнікаў і іх звычкі, як заатэхнік — куранят у інкубатары.
Я ўжо ведаю, што Надзя захапляецца мастацтвам, і пытаюся ў яе, якія музеі яна рэкамендуе. «Зразумела, Метраполітан!» — выгукае яна, наўпрост зневажаючы ўсе 18 музеяў у цэнтры Вашынгтону, якія, да таго ж, абсалютна бясплатныя.
«Усё найлепшае — у Нью-Ёрку!!!» — хорам выгукаюць мальцы. Надзіна апантанасць галоўным горадам свету, да якога ад іх дома ўсяго тры гадзіны цягніком, — гэта дазволены ў доме прадмет жарту, што да Надзі. Статыстыка кажа, што маладыя ды актыўныя не затрымліваюцца ў сталіцы ЗША даўжэй, чым на чатыры гады. Там нудна.


Свабода
Мы паркуемся каля дому Дзімы — стаянка разлічаная на 2 машыны, але іх тут стаіць 5 — у Надзі ў «тачцы» няма патрэбы, а ў кагосьці яна ў платным гаражы. Надзя ходзіць пешкі на працу ў Інстытут Здароўя, перад адыходам кроячы ў скрыначку абед з салаты і сырых шампіньёнаў. Падчас ланчу асістэнткі ў інстытуце ходзяць па офісах з кошыкамі, раздаючы супрацоўнікам садавіну.
Перад тым, як ставіць машыну, Дзіма вырашае няпростую задачу па ранішнім раз’езде. Ён перабірае працоўныя расклады суседзяў і пасля гэтага спрабуе запаркавацца, каб нікога не «падперці». Гэта зэканоміць час сябрам і ашчадзіць яго сон зранку.
З самых першых дзён у ЗША здалося, што амерыканскі чалавек халерна несвабодны. Менавіта таму, што сам сябе строга абмяжоўвае, каб не нарабіць шкоды бліжняму. Зрэшты, кажуць, менавіта гэта і ёсць — свабода.
Закон
З чарговай экскурсіі мы вяртаемся вельмі позна — ужо каля поўначы. Штаты Вірджынія і Мэрылэнд прымыкаюць да Вашынгтона, але спрадвеку не могуць падзяліць важны грошапрыцягальны горад, і таму сталіца лічыцца асобнай «акругай Калумбія». Вуліцы абодвух штатаў увечары пустынныя, і на ўсіх скрыжаваннях гарыць чырвонае. Трэба спыніцца, міргнуць дальнім святлом — і тады сігнал аўтаматычна мяняецца за зялёны, можна ехаць (у нас у такіх выпадках уключаюць жоўты). Я пытаюся ў Дзімы, чаму ён не праедзе на чырвоны, калі ніхто не бачыць. 9 гадоў жыцця мой сябар правёў у СССР, але пытанне відавочна ставіць яго ў тупік. «А, ёсць нейкі сканер, мяне ўсё адно аштрафуюць», — праз пэўны час згадвае ён.
Павагу і нават культ закону прышчэпліваюць грамадзяніну ЗША з пялюшак. Ёсць толькі адно месца і адзін час у жыцці, дзе мараль негалосна дазваляе Закон парушаць. І гэтыя час і месца — каледж. «Ты зразумееш, пра што я, ты ж будзеш жыць у кампусе!» — рыхтуе мяне Дзіма.
Выбар
«За каго ты галасаваў на апошніх прэзідэнцкіх?» — цікаўлюся я Дзімы, пакуль мы і яго малодшая сястрычка чакаем заходу ў дэльфінарый Балтымору. Горад збудаваны так, што яго галоўнай плошчай фактычна ёсць гавань, па якой плаваюць каляровыя караблікі ў форме цмокаў. Дзіма называе імя, якое мне абсалютна нічога не гаворыць. «Гэта трэці пасля рэспубліканца і дэмакрата кандыдат, а ўсяго іх больш за сто», — тлумачыць ён. «Навошта галасаваць за кандыдата, калі загадзя вядома, што ён прайграе?» — здзіўляюся я. «Сэнс у тым, каб такі палітык набраў хаця б адзін працэнт галасоў. І тады вырастае яго вага ў палітычнай сферы, і яго партыя зможа лабіраваць тыя погляды і рэформы, якія, я думаю, павінны быць».
У кавярні балтыморскага дэльфінарыя я яшчэ не ведаю, што беларускіх кандыдатаў у прэзідэнты, якія праз колькі месяцаў набяруць, па афіцыйных дадзеных, крыху больш за 1 працэнт галасоў, пасадзяць у турму, перад гэтым жорстка збіўшы. Тое, што ўладам гэта праходзіць беспакарана, даводзіць, што амерыканская мадэль выбараў беларусам зусім не патрэбная.
Правы чалавека
Падчас амерыканскай паездкі я чатыры разы бачыла выбарчыя ўчасткі. Увосень 2010-га ў розных штатах праходзілі мясцовыя выбары, і на іх можна было натыкнуцца ў бібліятэках, холах універсітэтаў, шпіталях і нават гандлёвых цэнтрах. Мне расказвалі, што гэта не надта папулярная падзея. Склалася ўражанне, што, каб завабіць на ўчасткі моладзь, у ліст галасавання ўключаюць розныя піяр-пытанні. Напрыклад: «Ці адмяняць забарону ў нашым штаце 19–21-гадовым знаходзіцца ў барах і клубах пасля 22:00 (але без права ўжываць алкаголь)?» Вядома, адмяняць! — кажа моладзь і заадно галасуе за тых ці іншых лакальных чыноўнікаў.
У штаце Аява падчас майго візіту туды такім гарачым пытаннем была забарона аднаполых шлюбаў, якія колькі гадоў таму дазволілі. Было важна прагаласаваць за тых ці іншых дэпутатаў у сенат штату, каб яны прынялі адпаведнае рашэнне. Дзіўна, але ў самым кансерватыўным штаце краіны дазвол на аднаполыя шлюбы ўвялі раней за Каліфорнію... У Аяве я нават пазнаёмілася з пажылым геем, які вярнуўся на малую радзіму з Сан-Францыска, пасля таго, як лаяльны закон быў прыняты.
У ЗША на храмах розных канфесій можна пабачыць вясёлкавы сцяг і абвестку: «Запрашаем!». У Беларусі Юры Станкевіч піша і выдае раман «П’яўка», які абвяшчаюць «найлепшай кнігай 2010 года». Што праўда, з агаворкай: «Нягледзячы на шавінізм і гамафобію аўтара».
Падзел улады
Пра Абаму амерыканцы амаль не гавораць. Толькі дзеці і паэты. «А праўда, Абама купаўся з дачкой у Мексіканскім заліве?» — падслухоўваем шасцігадовую дзяўчынку. Барак і Мішэль — модная тэма найноўшай паэзіі. Я нават трапляю на паэтычнае чытанне з кнігі «Сто вершаў на сто першых дзён», дзе паэты з усёй Амерыкі метафарызуюць і абагаўляюць новага лідара нацыі. Паэтам ёсць каго любіць пасля васьмі гадоў Буша. Сімвалічна, што Абама праз шмат год перапынку вярнуў у цырымонію інаўгурацыі чытанне ўрачыстага верша — яго ў 2008 годзе прачытала паэтка Элізабэт Аляксандр. Каб даведацца меркаванні пра Абаму, у амерыканцаў трэба спецыяльна пытацца.
Дзіма ставіцца да абранага дэмакрата з сімпатыяй. Ён кажа, гэта яркая дэманстрацыя таго, што колер скуры больш няважны ў ЗША. Важны твой сацыяльны статус, адукацыя, багацце. Пакуль што ў белага насельніцтва больш выгодны стартавы капітал, але сітуацыя пакрысе мяняецца.
Як здаецца, адзін з самых галоўных абавязкаў прэзідэнта ў ЗША — быць сувенірам. У Сан-Францыска ў кітайскіх лаўках гандлююць мостам Залатая Брама, у Чыкага — галовамі быка, у Вашынгтоне — прэзідэнтам. Я слухмяна і нават з азартам раблю здымкі з кардонным чалавечкам — бо так павінны рабіць турысты.
Перад тым, як працягваць шлях з аэрапорту дадому, па дарозе на паркінг, мы з Дзімам выпадкова апынаемся на плошчы каля Белага Дому. З плошчы адкрываецца перспектыва на Капітолій, у святле ліхтароў тут танчаць танга прыгожыя пары розных рас і ўзростаў. Гэта зроблена нібы на замову — для ілюстрацыі «хвалёных амерыканскіх» свабоды, роўнасці, народнай волі, з якіх, уласна, і складаецца дэмакратыя. Толькі галоўны яе мэсідж, думаю я, сядаючы ў машыну, — што яна базуецца на прыватных рэчаў і пачынаецца з чалавека, а не з дзяржавы.
Імёны герояў артыкула і некаторыя іншыя дэталі змененыя праз меркаванні прыватнасці.