Этнастыль: не толькі арнамент

Не абавязкова звяртацца да арнаменту, каб апрануцца ў этнастылі. Ёсць шмат варыянтаў сучаснага адзення, акрамя вышымаек, лічыць старшыня «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» Ганна Сілівончык.

etnastyl.jpg

Акрамя арнаменту да народнага адзення можна апеляваць праз крой, сілуэт, матэрыял, колеры, тэхнікі вырабу, логіку пачынкі рэчаў.

На офісе «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» 2 красавіка прайшла лекцыя Ганны Сілівончык «Сучаснае адзенне ў ЭТНАстылі». Пасля ініцыятывы «Арт-сядзібы» па вырабе «вышымаек» (саколак з прынтамі ў выглядзе беларускіх традыцыйных геаметрычных узораў) у 2014 годзе геаметрычны арнамент стаў трывалай часткай беларускай масавай культуры. Але «этнічны лук» можна стварыць не толькі праз выкарыстанне арнаменту.

Самы просты шлях — спалучаць старыя рэчы, што добра захаваліся, з сучаснымі, альбо рабіць копіі з аўтэнтыкі і дадаваць іх да свайго гардэробу. Хусты ў кветкі і краткі, буйныя пацеркі, пульсэткі, фартухі і камізэлькі, высокія боты, падцяжкі, картузы, вязаныя рэчы ўжо самі сабой асацыююцца з этнікай, ствараюць адпаведны вобраз. Каб яго ўзмацніць, можна выкарыстоўваць шэраг прыёмаў падчас вырабу адзення.

Канструкцыя, крой традыцыйнай вопраткі добра спалучаюцца з сучаснымі тканінамі. Зрабіць такую рэч можа чалавек без адпаведнага вопыту: падкрайное адзенне з’явілася ў беларускіх сялян, верагодна, толькі ў ХІХ стагоддзі (гарсэты, верхняя вопратка, галаўныя ўборы), а да таго любая рэч шылася з простакутных кавалкаў тканіны.


Можа быць наадварот: крой сучасны, а тканіна будзе адсылаць у мінулае. Еўрапейцы ад веку карысталіся льном, воўнай і каноплямі. Шоўк і аксаміт трапілі з Усходу толькі ў познім Сярэднявеччы і выкарыстоўваліся пераважна вышэйшым саслоўем. Беларускія сяляне сталі шыць з гэтых дарагіх тканін толькі ў ХІХ стагоддзі, звычайна ў спалучэнні з матэрыялам хатняга вырабу. І гэта, дарэчы, яшчэ адзін прыём, што можа прыдацца ў сучасным гардэробе: спалучэнне рознафактурных тканін. Бавоўна з’явілася ў сельскім побыце толькі ў ХХ стагоддзі, хаця сёння здаецца — куды ж мы без яе. Аграмадны плюс натуральных тканін у тым, што яны прыемныя ў носцы і прыгожа старацца.


Сілуэт традыцыйнага строю — яшчэ адзін параметр, ад якога можна адштурхвацца, фармуючы сучасны гардэроб. Камплектацыя, спосаб нашэння, прапорцыі вопраткі — усё гэта можа адсылаць да народнага касцюма. Адзенне ў этнастылі можа быць свабодным, але прыталеным, неадкрытым, пэўнай даўжыні (калі размова пра жаночую спадніцу — то вельмі доўгая ці да сярэдзіны лыткі). Мастацтвазнаўца Марыя Віннікава распавядае, што жыхары беларускай вёскі ХІХ стагоддзя маглі адрозніць «чужога» здалёк, толькі па сілуэце, яшчэ не бачачы ні дэталей адзення, ні твару.

Асноўныя колеры, што характэрныя для беларускага традыцыйнага строю, — белы, чырвоны, чорны, шэры, карычневы — тыя, што можна было здабыць з натуральных фарбавальнікаў у нашых прыродных умовах. У канцы ХІХ стагоддзя з’явіліся анілінавыя фарбавальнікі, што разам з фабрычнымі тканінамі прынеслі ў касцюм пярэстасць, яркасць і кантрастнасць. Напрыклад, пастэльных адценняў, акрамя шэрага, у беларускім традыцыйным строі не знойдзеш. Таму пэўныя колеры і іх спалучэнні таксама надаюць вопратцы «этнічнасць». Што да ўзораў, то перш за ўсё гэта краткі і палоскі (абумоўлены тэхналогіяй стварэння тканіны), пазней — пераход ад геаметрычнага да расліннага арнаменту ў жакардавым ткацтве, набойцы, вышыўцы гладдзю.


Тэхнікі і дэкаратыўныя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў народным адзенні, прыдатныя і для сучаснай вопраткі (розныя ткацкія перапляценні, вышыўка, вязанне, пэчворк,набіванка,складкі, дэкаратыўныя швы, махры, валянне,аздабленне рознакаляровымі трохкутнічкамі з тканіны і тасьмой, каляровыя падкладкі, адстрочкі, кантрасныя абшыўка, петлі і гузікі).


Традыцыйнае адзенне вельмі экалагічнае. Не толькі дзякуючы натуральнасці тканін і эканоміі матэрыялу праз простакутны крой. Старыя рэчы не выкідаліся, а чыніліся. Сёння мы можам выкарыстаць традыцыйную логіку рэстаўрацыі, пачынкі вопраткі. Напрыклад, што мы робім, калі ўтвараецца дзірка? Імкнёмся яе закрыць кавалкам тканіны максімальна блізкага адцення. І ўсё роўна часцей за ўсё «не трапляем». А ў традыцыйнай логіцы лапік, наадварот, можа моцна розніцца ад асноўнага колеру і стаць дэкаратыўным элементам. Тое ж самае з гузікамі.

Ганна Сілівончык раіць і тым, хто шые для сябе, і тым, хто на продаж, глядзець як мага больш прыкладаў традыцыйнага адзення розных народаў, не спыняцца толькі на выкарыстанні арнаменту, а калі ўжо абыгрываць яго, то не шляхам простага налеплівання без сувязі з формай рэчы. І не абмяжоўваць сваю фантазію, шукаць новыя шляхі і падыходы да інтэрпрэтацыі традыцыйнага адзення ў сучаснасці.

Ілюстрацыі падабраныя Ганнай Сілівончык