Зварот Івонкі Сурвілы да Дня Волі
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі.
З ДНЁМ ВОЛІ!
Дарагія суродзічы — беларусы! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з нашым вялікім святам — Днём Волі — угодкамі таго слаўнага 25-га сакавіка 1918 году, калі беларускі народ абвясціў свету, што ён „скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці” і што „ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка — незалежная, вольная дзяржава”.
Дзякуючы адвазе і рашучасці нашых продкаў, мы ўвайшлі не як расейская губерня ў склад Савецкага Саюзу, а — прынамсі на паперы — як асобная рэспубліка, а ў 1991 годзе мы дамагліся Незалежнасці, і Рэспубліка Беларусь як дзяржава заняла сваё адметнае месца на паверхні Зямлі.
Народу нашаму прыйшлося перажыць шмат бедаў, і мы яшчэ іх далёка не пераадолелі. Але Беларусь жыве! Беларусь ёсць часткай сям’і незалежных народаў.
На жаль, імперскі цмок, на якога шмат нашых людзей перасталі звяртаць увагу пад уплывам штодзённага прамывання мазгоў маскоўскай і прамаскоўскай прапагандай, зноў разбудзіўся. Незалежнасць Беларусі зноў апынулася пад пагрозай і ў сённяшніх умовах мы ня здолеем яе абараніць без дапамогі цывілізаванага свету.
Дарагія суродзічы, любоў да свайго краю, салідарнасць між намі і нашыя паводзіны ёсць адзінай зброяй, якой мы валодаем, каб захаваць незалежнасць нашай Бацькаўшчыны. Толькі калі цывілізаваны свет зразумее, што мы ёсць стары еўрапейскі народ, які нічым не розніцца ад іншых еўрапейскіх народаў, і што мы таксама заслугоўваем на еўрапейскія ўмовы жыцця ў сваёй уласнай вольнай дзяржаве ён зверне ўвагу на нашую нядолю.
Але дзеля гэтага трэба, каб іншыя народы бачылі, што мы заслугоўваем на іхні давер і іхнюю павагу. Вольны свет не паможа маскоўскім паплечнікам ці саюзнікам. Нават калі мы ўважаем, што дапамога, якую аказаў Захад Украіне, была недастатковай, каб абараніць яе тэрытарыяльную цэласнасць, — без салідарнасці Захаду палова Украіны была б у руках маскоўскага агрэсара. Без гэтае салідарнасці не дамо рады і мы.
Караткевіч казаў: „І адзін можа!” Дык заклікаю сёння кожнага з вас, мае дарагія суродзічы, — зрабіце сваёй мэтай спрычыніцца да волі зямлі вашых продкаў і да лепшай долі вашых унукаў і праўнукаў. Каб усе мы маглі разам марыць пра тую Беларусь, пра якую марыў і беларускі народ, калі прыняў Акт 25 сакавіка 1918 году.
Жыве Беларусь! Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР.
Сакавік 2015 г.