Абслугоўванне міліцыяй Дня Волі абыйдзецца ў 20 млн. рублёў

Заяўнікі акцыі з нагоды Дня Волі, якая пройдзе ў Мінску 25 сакавіка, сёння абмеркавалі ў ГУУС Мінгарвыканкама пытанні забеспячэння бяспекі на мерапрыемстве. 



dz_voli_2015.jpg

Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцыі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, з ім, а таксама з яшчэ трыма заяўнікамі — старшынёй аргкамітэта па стварэнні аб’яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» Марынай Хоміч, прадстаўнікамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым і руху «За Свабоду» Мікітам Семяненкам — былі заключаны дамовы з ГУУС на абслугоўванне мерапрыемства , агульная сума якіх склала больш за 20 млн. рублёў.

На сустрэчы кіраўнікі аддзела грамадскай бяспекі ГУУС папярэдзілі заяўнікаў акцыі, каб тыя прытрымліваліся названага ў заяўцы рэгламенту і каб удзельнікі мерапрыемства не закрывалі твары.

Са свайго боку заяўнікі акцыі звярнулі ўвагу міліцыі на магчымыя правакацыі з боку розных прарасійскіх груп, такіх як «Антимайдан» і іншыя, якія ў сацыяльных сетках выказвалі незадавальненне ад правядзення акцыі. «Мы прасілі кіраўніцтва міліцыі быць гатовымі да правакацыяў і перашкаджаць ім. Нам сказалі, што на месцы правядзення акцыі будзе кіраўніцтва гарадской міліцыі, што сітуацыя будзе адсочвацца», — сказаў Янукевіч.

Адзначым, што прыхільнікі гэтых груп ініцыявалі зварот у Мінгарвыканкам з просьбай забараніць правядзенне акцыі з нагоды Дня Волі. У адказе за подпісам начальніка ідэалагічнага аддзела Мінгарвыканкама Паўла Скалабана паведамлялася, што рашэнне аб правядзенні масавага мерапрыемства можа быць абскарджана ў судзе. Таксама ў выканкаме параілі звяртацца ў праваахоўныя органы ў выпадку здзяйснення удзельнікамі акцый супрацьпраўных дзеянняў.

Янукевіч падкрэсліў, што аргкамітэт неаднаразова заклікаў удзельнікаў акцыі прыходзіць з транспарантамі і лозунгамі, змест якіх адпавядае тэме святкавання Дня Волі, а менавіта: абароне незалежнасці і салідарнасці з Украінай.

«Калі будуць транспаранты, якія не датычацца тэмы мерапрыемства, якія заклікаюць да гвалту, натуральна, мы будзем патрабаваць прыбраць іх. У сённяшняй сітуацыі, калі была інспіравана хваля лістоў пратэсту супраць правядзення акцыі, не трэба даваць лішніх падстаў дзяржаўнай прапагандзе і прарасійскім групам вінаваціць нацыянальныя сілы ў экстрэмізме або падтрымцы радыкальных ідэй», — сказаў Янукевіч.

Акрамя таго, заяўнікі акцыі прасілі міліцыю не замінаць ў дастаўцы гукаўзмацняльнай апаратуры на месца правядзення мітынгу.

Нагадаем, Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі ў наступным фармаце: збор удзельнікаў з 15.00 да 16.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце да плошчы Бангалор з 16:00 да 17:00, мітынг у парку Дружбы Народаў да 18:00.