Аляксей Янукевіч: Вулічнымі акцыямі неабходна супрацьстаяць хаця б прыхільнікам “рускага свету”

Вулічныя акцыі ў Беларусі, якія маглі б сімвалізаваць ідэю нацыянальнага яднання, пад ціскам уладаў ператварыліся амаль што ў мерапрыемствы маргіналаў.



25_01.jpg

Сёння ў Мінску пройдзе традыцыйнае шэсце і мітынг з нагоды абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта адна з нешматлікій вулічных акцый, дазвол на правядзенне якіх выдаюць улады.

Аднак у гэтым годзе мінскае чыноўніцтва вырашыла скарэктаваць час правядзення акцыі, перанёсшы яе на працоўны час (з 18 да 15 гадзін), што ў любым выпадку скарачае і так не вельмі шматлікую колькасць удзельнікаў масавага мерапрыемства.

Ці ёсць сэнс праводзіць у Беларусь вулічныя акцыі з невялікім грамадскім рэзанансам, чым выкліканы крызіс жанру масавых мерапрыемстваў, Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” расказаў адзін з заяўнікаў Дня Волі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

— У Беларусі ў апошнія гады назіраецца крызіс жанру вулічных акцый. Што зрабіў у гэтым годзе аргкамітэт, каб прыцягнуць новых людей на мерапрыемства?

— Крызіс жанру, паводле майго цвёрдага пераканання, звязаны не з тым, што інакш сталі арганізоўвацца акцыі. Гэта звязана ў вялікай ступені з тым, што ўлады эфектыўна (і гэта трэба прызнаць) выкарыстоўваюць розныя метады, напрыклад, запалохванні, і вядуць інфармацыйную працу ў інтэрнэце, каб пераконваць грамадства, што ўдзел у вулічных акцыях не мае сэнсу.

Частка, умоўна кажучы, больш радыкальна настроеных прыхільнікаў апазіцыі падыгрывае тут уладам. Яны кажуць, што проста мірная акцыя ў фармаце, дазволенай уладамі, не мае сэнсу. У выніку вялікая частка людзей, адданых нацыянальным каштоўнасцям, якіх у Беларусі багата, на сёння не перакананы ў тым, што трэба ўдзельнічаць у вулічных акцыях. Яны ведаюць, дзе яна адбудзецца, у якім фармаце, але ў іх няма ўпэўненасці і веры, што ў акцыі патрэбна ўдзельнічаць.

— Чаму складанае эканамічнае становішча не падштурхоўвае беларусаў удзельнічаць у акцыях пратэсту?

— Ужо не першы год мы гаворым, што тыя спадзяванні, якія старэйшае пакаленне апазіцыі ўскладала на эканамічныя пытанні, эканамічны крызіс, на тое, што эканоміка можа вывесці людзей на вуліцы, абсалютна далёкія ад сённяшняй рэчаіснасці.

Мы бачым, што ў сённяшняй Беларусі для таго, каб людзі прыйшлі на вуліцы не дзеля каштоўнасцяў, а сваіх эканамічных інтарэсаў, неабходна, каб ім у літаральным сэнсе не было чаго есці.

Пакуль ёсць не такі ўжо і малы ўзровень сацыяльных гарантый, калі можна самому сябе забяспечыць ці нешта атрымаць ад дзяржавы, людзі лічаць удзел у палітычных акцыях не сродкам паляпшэння жыцця, а, наадварот, сродкам здабыць сабе дадатковыя праблемы. Таму не выпадае разлічваць, што нават з пагаршэннем эканамічнага стану людзі адразу пойдуць на вуліцы.

— На фоне падзей ва Украіне ўлады нават з большай для сябе эфектыўнасцю могуць абвінаваціць удзельнікаў вулічных акцый у жаданні дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне. Магчыма знайсці сярэдзіну, калі і людзі не пабаяцца прыйсці на акцыю, і ўлады не змогуць абвінаваціць іх у нейкіх экстрэмісцкіх дзеяннях?

— Мы ўжо шмат разоў падкрэслівалі (асабліва ў апошні год), што сёння дэстабілізацыя палітычнай сітуацыі не на карысць нікому ўнутры краіны. Гэта было б на карысць толькі Крамлю.

Мы таксама шчыра кажам людзям (што вельмі добра, да іх гэта пачынае даходзіць), што любую масавую акцыю не патрэбна разглядаць як спробу нейкай рэвалюцыі. Мы абсалютна шчыра кажам, што арганізоўваем вулічную акцыю і заклікаем на яе прыходзіць, каб прадэманстраваць, што гэта пасыл беларускім уладам, беларускаму грамадству, што ёсць такая пазіцыя, што ёсць адданыя нацыянальным каштоўнасцям, і гэтых людзей багата.

Вулічная акцыя сама па сабе ў цяперашняй беларускай сітуацыі не павінна азначаць наўпрост спробу змены ўлады. Мы сёння заклікаем людзей, на шчасце ці на жаль (тут можна спрачацца), не на кіеўскі Майдан.

— Выказваліся меркаванні, што Дзень Волі можна ператварыць у святочнае мерапрыемства з песнямі і гэтак далей. Вы згодны, што ў сённяшняй сітуацыі можна палітычныя лозунгі адкласці на другі план?

— Я з гэтым катэгарычна не згодны. Дзякуй, што адкрываюцца пэўныя магчымасці для правядзення розных фэстаў нацыянальнай сімволікі і культуры.

Але 25 сакавіка — гэта заўсёды была дата абвяшчэння беларускай незалежнасці, якая, на жаль, пакуль яшчэ не гарантавана незваротна. Пакуль дзяржава не заўсёды гатова абараняць нацыянальныя інтарэсы, акцыя павінна заставацца палітычнай. Такі яе фармат вельмі важна захаваць, пакуль ёсць праблемы са свабодай і незалежнасцю ў краіне.

Але чым больш у Беларусі будзе накаплівацца магчымасць ладзіць акцыі непалітычныя, культурніцкія, тым больш будзе накаплівацца і патэнцыял для палітычных акцый. Менавіта нацыянальныя каштоўнасці нясуць у сабе каштоўнасці дэмакратыі, свабодаў. Чым больш людзей будзе натхняцца нацыянальнай сімволікай, тым больш будзе патэнцыйных змагароў за свабоду Беларусі.

— У гэтым годзе ўпершыню напярэдадні Дня Волі актывізаваліся ў інтэрнэце прарасійскія актывісты, якія нават патрабавалі забараніць акцыю. Вы бачыце ў іх нейкую рэальную сілу, яны гатовы да канкрэтных дзеянняў?

— Безумоўна, яны не ўяўляюць з сябе нейкай рэальнай сілы сёння. Але мы, на жаль, пабачылі на прыкладзе Украіны, калі таксама групы, якія не з'яўляюцца масавымі і заўважнымі, якія не валодаюць патэнцыялам, пры дапамозе фінансавых і кансультацыйных паслугаў расійскіх спецслужбаў могуць нарабіць шмат шкоды.

Я лічу, што і беларускаму грамадству, і органам аховы ўлады варта ні ў якім разе не трапляць у самазаспакаенне, што гэтыя сілы сёння слабыя і не заўважныя. Наадварот, патрэбна рашуча рэагаваць на любыя прасоўванні "рускага свету" і той прапаганды, адмоўныя вынікі якой мы бачым ва Украіне.

— Усё ж такі, ці патрэбна праводзіць вулічныя акцыя, якія не будуць мець вялікага грамадскага рэзанансу?

— Я лічу, што вулічныя акцыі ў любым выпадку праводзіць варта. Я не згодны, што Дзень Волі ці Чарнобыльскі шлях, якія ў апошнія гады не з'яўляюцца настолькі масавымі, наколькі хацелася б, не маюць рэзанансу. Дзесяткі тысяч беларусаў бачаць гэтыя мерапрыемствы, нават калі не ўдзельнічаюць у іх наўпрост. Яны чытаюць аб іх у СМІ, часам нават Аляксандр Лукашэнка нейкім чынам рэагуе на іх. Таму вулічныя акцыі ўсё ж такі маюць грамадскі рэзананс, а іх правядзенне — сэнс.

eurobelarus.info