За ўдзел у «Маршы адзінства» мінчукам прысудузілі па два з паловай гады «хіміі»

На пытанне адваката да прадстаўніка Мінсктранса, чаму ў справе так шмат маршрутаў і няўжо ўсе іх перакрывалі абвінавачаныя, прадстаўніца адказала, што не ўяўляецца магчымым вызначыць, хто дзе перакрываў, таму пералічваюцца ўсе маршруты, паведамляюць праваабаронцы

Руслан Цюрлік (злева) на волі

Руслан Цюрлік (злева) на волі

Суд Заводскага раёна Мінска 26 лістапада вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязня Кірылы Жогалева і Руслана Цюрліка. Абодвух абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ў актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Алег Каляда. Дзяржабвінаваўца – пракурор Мікіта Савіцкі.

21 верасня 2021 года Кірыл Жогалеў і Руслан Цюрлік былі затрыманыя і да суда змешчаныя ў СІЗА №1.

Беларускай праваабарончай супольнасцю Кірыл Жогалеў 13 кастрычніка быў прызнаны палітычным зняволеным.

На папярэднім судовым пасяджэнні 25 лістапада стала вядома, што Кірыл і Руслан 6 верасня 2020 года прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – "Маршы адзінства" у Мінску, парушалі пры гэтым грамадскі парадак, стаялі ў счэпцы, выкрыквалі лозунгі, заміналі працы грамадскага транспарту.

Разам з калонай мітынгоўцаў у перыяд часу з 13-50 да 18-40 рухаліся па вуліцах Смаленская, Кастрычніцкая плошча, Леніна, Інтэрнацыянальная, Ульянаўская, Кірава, праспект Незалежнасці і плошча Свабоды. Пры гэтым, “неаднаразова адмовіліся выканаць патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі, перакрылі дарогу, чым перашкаджалі руху транспарту” (былі пералічаныя некалькі дзясяткаў маршрутаў).

На пытанне адваката да прадстаўніка Мінсктранса, чаму ў справе так шмат маршрутаў і няўжо ўсе іх перакрывалі абвінавачаныя, прадстаўніца адказала, што не ўяўляецца магчымым вызначыць, хто дзе перакрываў, таму пералічваюцца ўсе маршруты. Праз гэта “Мінсктранс” не выканаў сваю транспартную працу і свае абавязацельствы.

Сваю віну абвінавачаныя прызналі цалкам і раскаяліся ў сваіх учынках.

Жогалеў матэрыяльны пазоў прадпрыемства “Мінсктранс” прызнаў часткова, а Цюрлік адмовіўся катэгарычна.

У судзе былі заслуханыя паказанні шасці сведак – сяброў, сваякоў, калег па працы. Усе яны характарызавалі абвінавачаных станоўча.

Пад час судовых спрэчак 25 лістапада дзяржабвінваўца заявіў, што віна абвінавачаных даказаная пісьмовымі матэрыяламі справы, іх прызнаннем і прасіў суд пакараць Жогалева і Цюрліка абмежаваннем волі на два з паловай гады кожнага з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пракурор таксама прасіў задаволіць пазоў прадпрыемства “Мінсктранс” за матэрыяльную шкоду, панесеную спыненнем працы грамадскага транспарту.

Адвакаты, у сваю чаргу, прасілі суд абмежавацца “хатняй хіміяй”.

Суддзя вынес прысуд у поўнай адпаведнасці з прапановай пракурора: па два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Матэрыяльны пазоў “Мінсктранса” будзе разгледжаны ў парадку грамадзянскай судавытворчасці.

Да ўступленння ў сілу прысуда Жогалеў і Цюрлік былі вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.