Мікола Дзядок: Мой прысуд — гэта толькі эпізод каласальнага па велічыні гістарычнага працэсу
«Турма — гэта ідэальнае месца для працы над сабой», — выказаўся лідар анархічнага руху Мікола Дзядок наконт свайго прысуду.
Прысуд не выклікаў у мяне асаблівых эмоцый. Калі мяне судзілі першы раз, у 2011 годзе, і другі раз, у 2015 годзе, я моцна хваляваўся. Цяпер гэтага не было. Я быў гатовы атрымаць як больш, так і менш.
Я стараюся сябе прывучаць глядзець на гэта зусім з іншай шкалой, разумець, што мой прысуд — гэта толькі эпізод каласальнага па велічыні гістарычнага працэсу. Я стараюся не аддзяляць свой лёс ад лёсу сваёй краіны і анархічнага руху. Калі думаеш такім чынам — усё ўяўляецца ў зусім іншым святле. Любыя тэрміны перастаюць пужаць.
Цяпер за кратамі вялізная колькасць выпадковых людзей: сімпатызантаў руху за перамены, якія не планавалі сядзець у турме за каментар і адно выйсце на праезную частку. Гэтым людзям я спачуваю больш за ўсіх і не дзіўлюся, што многія з іх здаюцца, паддаюцца песімізму і паніцы. А ўсім, хто лічыць барацьбу за лепшы свет сваім прызначэннем, трэба проста набрацца цярпення і ўспрыняць тое, што адбываецца, як заканамерны этап у жыцці. Я думаю, варта натхняцца як прыкладамі з мінулага, так і прыкладамі барацьбы ў іншых аўтарытарных краінах — Іран, Венесуэла, М'янма.
Яшчэ я імкнуся не забываць, што турма — гэта ідэальнае месца для працы над сабой. Тут можна бесперашкодна вывучаць сябе, сваю псіхіку, пазнаваць людзей, з якімі ніколі б не сышоўся на волі. Гэтым я і стараюся займацца: выхоўваць сябе, займацца самаадукацыяй і адточваць валявыя якасці кожны дзень. Тады нават знаходжанне ў ізаляцыі набывае сэнс.