Выяўлены шлях перакідвання прарасійскіх баявікоў у Беларусь
У Беларусі ўзмазняецца грамадзкі рэзананс з нагоды частага выяўлення замежных баявікоў незаконных збройных фармаванняў (НЗФ) так званых «Л/ДНР» на тэрыторыі дзяржавы. Міжнародная валанцёрская супольнасць InformNapalm вырашыла здзейсніць выведку адкрытых крыніцаў інфармацыі, каб вызначыць асноўныя каналы перакідвання баявікоў расійска-тэрарыстычных войскаў у Беларусь і акцэнтаваць увагу грамадскасці, а таксама прабеларускай часткі сілавікоў і наменклатуры на наяўнай пагрозе нацыянальнай бяспекі.
Адразу варта зазначыць, што колькасць баявікоў прарасійскіх збройных фармаванняў, якія праніклі на тэрыторыю Беларусі, дакладна невядомая. З пачаткам расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны ў Беларусь накіраваліся дзясяткі тысячаў так званых уцекачоў з акупаванай тэрыторыі, сярод якіх маюцца і тыя, хто з зброяй у рукох забяспечваў прыход «новага дзівоснага рускага свету», а цяпер, разбурыўшы ўласны дом, вымушаныя бадзяцца ў пошуках лепшай долі. Улічваючы адсутнасць памежнага кантролю на беларуска-расійскай мяжы, баявікоў НЗФ на тэрыторыі Беларусі можа быць дастатковая колькасць для ажыццяўлення любога з падрыхтаваных спецслужбамі РФ сцэнараў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Мы будзем разглядаць толькі спраўжданыя і перавераныя факты.
У выніку здзейсненага OSINT было вызначанае, што адным з асноўных каналаў перакідвання баявікоў у Беларусь з’яўляюцца так званыя валанцёрскія арганізацыі. Адной з цэнтральных падобных арганізацый ёсць Фонд дапамогі “наваросіі” “Спаси Донбасс” (рус.), які мае разгалінаванае сеціва сваіх філіяў ва ўсёй РФ, а таксама прадстаўніцтва ў Беларусі (архіў). Адным з стваральнікаў і кіраўнікоў фонду з’яўляецца Глеб Карнілаў, 02.11.1985 г.н., г. Масква, які фігуруе ў базе дадзеных цэнтра “Міратворац” як памагаты баявікоў НЗФ (архіў на фота).
Фонд ажыццяўляе пастаўкі гуманітарнай дапамогі насельніцтву акупаванай тэрыторыі Украіны, а таксама медыкаментаў, амуніцыі, бронекамізэлек — шматлікім тэрарыстычным падраздзяленнем так званай “наваросіі”. Дастаткова актыўным з’яўляецца і беларускае аддзяленне фонду, якое ачольвае Аляксандар Базюкоў.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Базюкоў Аляксандар Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Тальяці, РСФСР, жыве ў Горадні (архіў профілю ў «VK», фотаальбомаў 1, 2, кантактаў; архіўпрофілю ў «ОК», фотаальбому; архіў профілю ў «FB», архіў профілю на Гарадзенскім форуме). З’яўляецца адным з арганізатараў штогадовага мотафэсту ў Горадні «Хавайся ў бульбу».
Падчас раследавання быў вызначаны службовы спіс фігуранту. Было высветлена, што ў 1990 годзе ён пачаў праходзіць тэрміновую службу ва Унутраных войсках МУС паводле месца свайго нараджэння, у г. Тальяці, в/ч 6622 (сяржанцкая школа), затым быў пераведзены ў канвойныя войскі МУС РФ у в/ч 6667 (Рэспубліка Комі), якія ажыццяўлялі да 90-х гадоў ахову ППК Вятлага, аднаго з найбуйнейшых папраўча-працоўных лягераў, які ўваходзіў у сыстэму ГУЛАГ. З 1993 па 1996 год служыў у 49-й АбрАН УВ МУС РФ, знанай як уладзікаўказскі АМАП і, цалкам магчыма, у складзе падраздзяленняў брыгады прымаў удзел у Першай чачэнскай вайне. Меркавана быў наймітам Французскага замежнага легіёну.
Каардынуе дзейнасць фонду «Спаси Донбасс» у Мінску Павал Альшэўскі.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Альшэўскі Павал Сяргеевіч, нарадзіўся ў 1988 годзе ў г. Сімферопалі, УССР, жыве ў Мінску (архіў профілю ў “VK”, кантактаў, фотаальбому; архіўпрофілю ў “FB”, кантактаў). У базе дадзеных цэнтра «Міратворац» фігуруе як памагаты баявікоў, займаецца зборам і дастаўкай матар’яльнай дапамогі незаконным збройным фармаванням на Данбасе.
Падчас далейшага раследавання было вызначана й пацверджана, што Базюкоў і Альшэўскі ажыццяўляюць дастаўку грузаў бандфармаванняў «ДНР». Гэтак, напачатку лютага 2015 году ў пабліку фонду ў сацсеціве «VK» была размешчана інфармацыя пра фармаванне прадуктовых набораў, пра неабходныя медыкаменты й амуніцыю для баявікоў расійска-тэрарыстычных войскаў. У спісе былі пазначаныя радыёстанцыі, разгрузкі, бронекамізэлькі, далямеры, аптычныя і каліматарныя прыцэлы для аўтаматаў і снайперскіх вінтовак.
Далей былі вызначаныя і атрымальнікі грузу, для якіх гэтак эфектыўна пачала сваю працу новая «гуманітарная» місія. Імі апынуліся баявікі бандфармавання «Пятнашка», якое спярша ўваходзіла ў групоўку «Оплот» (рас.), затым вылучылася ў самастойную адзінку і ўвайшло затым у так званую «рэспубліканскую гвардыю ДНР». Групоўка была створаная пятнаццаццю наймітамі з кантраляванай Расіяй Абхазіі, прымала ўдзел у штурме Данецкага аэрапорту, у баёх на Дэбальцаўскім пляцдарме і спробе захопу Мар’нкі. Вядомая праз марадзёрства сваіх байцоў, якія захапілі крамы, кватэры і незлічоную колькасць аўтатранспарту ў мясцовага насельніцтва.
Дастаўка грузаў баявікам групоўкі ажыцьцяўляецца на асабістым аўтамабілі Базюкова — пазашляхавіку Hyundai Galloper, рэг. нумар 7778 АТ-4. Характэрна, што гэты аўтамабіль прыцягнуў увагу гарадзенскіх журналістаў праз сваю правакацыйную, досыць рэдкую для заходнебеларускай Горадні, атрыбутыку ў студзені 2016 году (архіў). На фота ніжэй ён зафіксаваны зь сцягам “ДНР” і, як ні дзіўна, сцягам бандфармавання “Пятнашка” пад ветравым шклом.
У профілі сацсеціва Альшэўскага быў знойдзены запіс, які сведчыць пра першую здзейсненую дастаўку грузаў у другой палове лютага 2015 году і падзяку баявіка бандфармавання «Пятнашка» Валерыя Васюкова, грамадзяніна РФ, ураджэнца г. Жалезнагорск Курскай вобласці (архіў).
Было выяўленае і фота, якое сведчыць пра перадачу Базюковым дапамогі бандфармаванню, прымаў якую усё той жа Васюкоў (архіў).
Далей усё пайшло па накатанай. Вызначанае, што з лютага 2015 году па цяперашні час фігуранты здзейснілі ня менш за адзінаццаць даставак грузаў на тэрыторыю, падкантрольную тэрарыстычнаму ўтварэнню «ДНР». «Данбаскі экспрэс» мае досыць стракаты маршрут: Горадня – Мінск – Магілеў – Бранск – Арол – Варонеж – Растоў-на-Доне – КПП Успенка – Макееўка – Данецк і працягласць звыш 2 тысяч км. Пры гэтым след зазначыць, што фігуранты дастаўляюць таксама адрасную гуманітарную дапамогу мірнаму насельніцтву, хаця яе значна прасцей і больш лягічна было б везці найкарацейшым шляхам з Беларусі ва Украіну, які складае ля 1200 км, спакойна праходзіць украінскія пункты пропуску і законна ўязджаць на часова акупаваную тэрыторыю, ашчаджаючы пры гэтым значныя сродкі на паліве і скараціўшы час, неабходны для дастаўкі гуманітарнай дапамогі людзям. Што да так званай блакады акупаваных тэрыторыяў Данбаса, то яна існуе толькі й выключна ў хворым розуме крамлёўскіх прапагандыстаў.
Аднак матэрыяльнае забеспячэнне байцоў бандфармаванняў харчаваннем, мэдыкамэнтамі і іншымі сродкамі, як паводле беларускіх, гэтак і паводле ўкраінскіх законаў, цягне крымінальную адказнасць (арт. 132 КК РБ, арт. 447 КК Украіны). Менавіта таму «данбаскі экспрэс» з’яўляецца вельмі доўгім, лагістычна складаным, абсалютна невыгодным і незаконным. Гуманітарная ж дапамога выкарыстоўваецца як прыкрыццё для дастаўкі харчавання, неабходных медыкаментаў і амуніцыі баявікам бандфармаванняў. Апроч гэтага, дзеянні фігурантаў раследавання падпадаюць пад артыкулы 332, 3321 КК Украіны (незаконнае перасоўванне людзей праз дзяржмяжу, а таксама парушэнне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і выезду з яе).
“Гуманітарная” місія Базюкова і Альшэўскага была належным чынам адзначаная як правадырамі тэрарыстычнага ўтварэння «ДНР», гэтак і бандфармавання «Пятнашка». Ніжэй можна пабачыць граматы, выдадзеныя ім адным з архітэктараў «рускай вясны» і заснавальнікам сепаратысцкага руху «Данецкая рэспубліка» А. Пургіным (1, 2, 3). Таксама ў фота зафіксаваны ліст падзякі, выдадзены Базюкову так званым начальнікам штабу групоўкі «Пятнашка».
Мы, з свайго боку, таксама выказваем ім сваю ўдзячнасць за дапамогу ў ідэнтыфікацыі як мінімум двух яшчэ не ўлічаных баявікоў расійска-тэрарыстычных войскаў, якія адсутнічаюць у базе дадзеных «Міратворца». На фота ніжэй Базюкоў фігуруе разам з камандзірам аднаго з падраздзяленняў бандфармавання «Пятнашка» Уладзімірам Карташовым (пазыўны «Каспер») на тле «Данбас Арэны» ў Данецку.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Карташоў Уладзімер Віталевіч, нарадзіўся 22.06.1973 г. у г. Цурупінск Херсонскае вобл., УССР. Жыў у Адэсе, на вул. Гагарына, 10-2 (архіў профіля ў «VK»,кантактаў, фотаальбому; профіля №2, архіў профіля ў «ОК»; профіля №2, фотаальбому).
На ніжэйпададзеных фота Карташоў і ягоныя байцы фігуруюць з харчаваннем, дастаўленым ягонаму падраздзяленню Базюковым і Альшэўскім (архіў: 1, 2).
Стаяць злева направа: 1 – Іван Сямёнаў (грамадзянін РФ), 2 – Валеры Васюкоў (грамадзянін РФ, пазыўны «Дэльфін»), 3 – Рыгор Губскі (грамадзянін РФ, пазыўны «Барс»), 4 – н/д, 5 – Уладзімір Карташоў, 6 – Вікторыя Сафронава (пазыўны «Сава», снайпэр), 7 – н/д; сядзяць: 1 – Яўген Воранаў, 2 – н/д.
Як было высветлена далей, Базюкоў і Карташоў – шчырыя сябры, якія падтрымліваюць блізкія прыязныя адносіны. На фота ніжэй Базюкоў зафіксаваны разам з парай Карташовых, на вяселлі якіх ён быў сведкам. Як бачым, Карташоў мае нават баявыя ўзнагароды «ДНР».
Базюкоў вельмі шануе й ганарыцца сваім сяброўствам з баявым камандзірам аднаго з самых вядомых бандфармаванняў вырачанай “ДНР”. Каб пахваліцца гэтым, ён не грэбуе нават тым, каб “засвяціць” свайго сябра і баявога таварыша на пазіцыях дзесці непадалёк Мар’інкі. Праўда, усвядоміўшы затым, што зрабіў, хутка выдаліў фота з свайго профілю (архіў).
На гэтым жа фатаздымку леваруч Карташова зафіксаваны яшчэ адзін баявік «Пятнашкі», які пакуль адсутнічае ў базе дадзеных “Міратворца” Мікіта Несцярэнка.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Несцярэнка Мікіта Валер’евіч, нарадзіўся 03.07.1993 г., жыве ў г. Макееўка, мкр-н Сонечны, 10-66 (архіў профілю ў «VK», кантактаў, фота; архіў профілю ў «ОК», кантактаў, фота; профілю №2). Выявілася, што ён – сын жонкі Карташова Аляксандры ад папярэдняга шлюбу. Як бачым, за змрочную будучыню «наваросіі» ваююць цэлымі сямейнымі падрадамі.
А вось і супольнае фота Базюкова і Альшэўскага з баявікамі «Пятнашкі» – забойцамі ўкраінцаў і іхнымі памагатымі (архіў):
Стаяць (злева направа): 1 – н/д, 2, 3 – Яўген Воранаў з сваёй каханай Юляй Санлінавай, 4 – Руслан Грынчанка, 5 – н/д, 6 – Павел Альшэўскі; сядзяць (злева направа): 1, 2 – н д, 3 – Мікіта Несцярэнка, 4 – Уладзімір Карташоў, 5 – Аляксандар Базюкоў.
Падчас далейшага раследавання было вызначанае, што “данбаскі экспрэс” не толькі забяспечвае тэрарыстычную групоўку, але й з’яўляецца адным з каналаў пастаўкі баявікоў і наймітаў у Беларусь. Дакладна вядома, што Аляксандар Базюкоў асабіста даставіў з “ДНР” у Беларусь баявіка Ігара Каляду, ураджэнца г. Тарэза.
Баявік Ігар Каляда праваруч
Характэрна, што, паводле запэўненняў Каляды, Базюкоў гэтак жа, як і ён, прымаў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе. Мы вырашылі раследаваць гэта і выявілі некаторыя ўскосныя пацверджанні. У лютым 2015 году ў групе «VK» бандфармавання «Призрак» (рас.) Базюкоў пакінуў наступнае паведамленне (архіў):
Пазначаны ім досвед вядзення баявых дзеянняў (БД) ён мог атрымаць і ў Чачэніі, і у Французскім замежным батальёне. Таксама ў Сеціве было выяўленае вельмі характэрнае віншаванне Базюковым міжнароднага тэрарыста, дывэрсанта ГРУ ГШ ЗС РФ Ігара Безлера з нагоды ягонага 50-годддзя (архіў):
Апроч гэтага, на Гарадзенскім форуме было знойдзенае паведамленне Базюкова пра продаж ім у снежні 2014 году разгрузкі і бронекамізэлькі (архіў). Зыходзячы з усяго вышэйпералічанага, можна меркаваць, што Аляксандар Базюкоў, атрымаўшы досвед баявых дзеянняў у Чачэніі, мог быць прыцягнуты ў 2014 годзе для здзяйснення дыверсійных дзеянняў на Усходзе Украіны тэрарыстычнай групоўкай, кіраванай Безлерам. Гэта з'яўляецца ўсяго толькі здагадкай, даказаць ці абвергнуць якую – кампетэнцыя следчых ворганаў Беларусі.
Наступны фігурант нашага раследавання, які актыўна дапамагае функцыянаванню між Беларуссю і акупаванай часткаю Украіны так званага данбаскага экспрэсу, – Міхаіл Малаш.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Малаш Міхаіл, нарадзіўся ў 1977 годзе ў г. Томску, РСФСР. Напрыканцы 1990-х гадоў пераехаў у Беларусь, пражывае ў г. Мінску (архіў профілю ў «VK»,кантактаў, фота; архіў профілю ў «ОК», кантактаў, фота). Для таго каб азнаёміцца з палітычнымі і ідэалагічнымі поглядамі Малаша, дастаткова пагледзець ягоную асабістую інфармацыю, якую ён падаў у сваім профілі ў сацсеціве і спіс групаў, у якіх ён ўдзельнічае. Гэтага цалкам дастаткова:
Пазіцыянуе сябе палітычным аналітыкам. З’яўляецца чальцом праектаў «Номас» і «Цытадэль», якія маюць шчыльныя сувязі з прапагандысцкімі і аналітычнымі цэнтрамі РФ. Актыўны прыхільнік так званага Міжнароднага Еўразійскага руху, які ачольвае адыёзны імперац і чарнасоценец А. Дугін. На фота ніжэй Малаш зафіксаваны з расійскімі актывістамі моладзевага крыла гэтага, па сутнасці, прафашысцкага расійскага руху, дэвіз якога: “Слава Империи! Русский, вставай!” (архіў):
Міхаіл Малаш падтрымлівае таксама сяброўскія адносіны з гучным фігурантам нашых мінулых раследаванняў [1, 2], лідэрам казачай групоўкі «Казачы Спас» Пятром Шапко, які асабіста ажыцьцяўляў пастаўкі гуманітарнай дапамогі руху «наваросія» Ігара Гіркіна-Стралкова ў г. Растове-на-Доне.
Было вызначанае, што, апроч здзяйснення дапамогі фонду “Спаси Донбасс”, Міхаіл Малаш працяглы час хаваў у сваім уласным доме ў Мінску баявіка бандфармавання «Оплот» (рас.) Сяргея Кузьму.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Кузьма Сяргей Пятровіч, нарадзіўся 21.12.1976 г. у г. Тарэцку (былы Дзяржынск) Данецкае вобласці (архіў профілю №1 у «VK», кантактаў, фота; архіўпрофілю №2, кантактаў, фота; архіў профілю ў «ОК», кантактаў).
Напрыканцы ліпеня 2014 году, падчас вызвалення ўкраінскай арміяй г. Тарэцку, Сяргей Кузьма быў паранены і пакінуты сваім бандфармаваннем, якое спешна адыходзіла з гораду. Як ні дзіўна, але памагатыя тэрарыстычных груповак змаглі пераправіць яго ў Беларус, дапамаглі яму матар’яльна і нават знайшлі ў Мінску працу. Як ужо было зазначанае, Міхаіл Малаш досыць працяглы час хаваў баявіка ў сваім уласным доме і ствараў праз гэта патэнцыйную небяспеку для ўсіх жыхароў раёну, у якім ён жыве. Бо невядома, што ў галаве ў гэтага галаварэза і забойцы, вартасць чалавечага жыцця для якога значна зьніжаная.
Пасля таго як Кузьма залячыў свае раны, Малаш дапамог яму вярнуцца ў красавіку 2015 году ў «ДНР», дзе той далучыўшыся да тэрарыстычнай групоўкі, так званага 9-га палку “АК НА МА ДНР”, дыслакаванага ў н.п. Безыменае і удзельнічаў у баявых дзеяннях у Наваазоўскім раёне. Перад адпраўкай баявіка, які прагнуў далей забіваць украінцаў, Малаш вырашыў сфатаграфаваць яго на памяць на тле свайго дому. Рэкамендуем азнаёміцца з вельмі цікавымі каментарамі да гэтага кранальнага моманту, клапатліва занесенымі ў архіў.
У перапынках між боесутыкненнямі Кузьма зьдзяйсняў актыўную дапамогу «данбаскаму экспрэсу», дастаўляючы супольна з Малашам і іншымі фігурантамі раследавання з Беларусі неабходныя грузы, сярод якіх была і гуманітарка мірнаму насельніцтву, і прадукты харчавання, амуніцыя і мэдыкамэнты для бандфармавання, у якое ён цяпер уваходзіў (1, 2, 3). На фота ніжэй яны абодва зафіксаваныя ля пункту пропуску Вясёла-Вазнесенка, перад уездам у акупаваны расійска-тэрарыстычнымі войскамі Наваазовскі раён Украіны (архіў).
Сваім новым таварышам з «данбаскага экспрэса» на знак пашаны і ўдзячнасці Кузьма прапаноўваў вельмі дзіўныя забавы, у параўнанні з якімі праступкі расійскага прапагандыста і проста паскудніка Парэчанкава з’яўляюцца звычайным блазенствам (архіў):
Досыць гучны грамадскі рэзананс у Беларусі справакаваў наступны фігурант нашага раследавання, Раман Джумаеў, які быў баявіком бандфармавання «Пятнашка» і нават паспеў даць інтэрвію пра свае «подзвігі» беларускай службе «Радыё Свабода». Улічваючы матчыну апеку і клопат, якія беларускае аддзяленне фонду «Спаси Донбасс» праяўляе ў адносінах да гэтага бандфармавання, можна меркаваць, што і гэты галаварэз патрапіў у Беларус менавіта дзякуючы дапамозе валанцёраў фонду.
Баявік Р. Джумаеў другі леваруч
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Джумаеў Раман Барысавіч, нарадзіўся 17.03.1991 г. у г. Марыўпалі (архіў профілю ў «VK», кантактаў; skype: zaebca4; e-mail: n1menka@mail.ru; выкарыстоўваў тэлефон: +375 33 6061865, апэратар МТС). Баявік тэрарыстычнай групоўкі «Пятнашка», удзельнічаў у штурме Данецкага аэрапорту. З чэрвеня 2015 года хаваецца ў Беларусі. Было вызначанае, што да нядаўняга часу працаваў у ПВГУП “Метаграфторг”, г.Мар’іна Горка Пухавіцкага раёну Мінскай вобласці.
У згаданым інтэрвію Джумаеў, не баючыся і не хаваючы сваёй асобы, распавёў усе падрабязнасці свайго знаходжання ў «апалчэнні», распавёў пра тое, як абараняў “русский мир” і забіваў украінцаў. Распавёў і пра тое, што сустракаўся ў Беларусі з шматлікімі сваімі суайчыннікамі і патэнцыйнымі заўтрашнямі баявікамі, якія цалкам могуць працягнуць рабаваць і забіваць, але ўжо на вуліцах беларускіх гарадоў (пакідаем у арыгінале): «Я тут уже много людей встретил, которые были и в «ДНР», и в «ЛНР». Наших тут на самом деле много. Очень много людей я просто случайно встретил. Я встретил человека (сам он из казаков), с которым мы вместе помогали раненым, когда железнодорожный вокзал разбомбили в Донецке… Так что отправлять запрос (на экстрадыцыю. – Заўв. аўт.)придется на многих».
З усяго вышэйпададзенага вынікае, што ў Беларус разам з так званымі ўцекачамі з Усходу Украіны патрапляе значная колькасць баявікоў, якія маюць досвед вядзення баявых дзеянняў. Розныя фонды дапамогі і «валанцёрскія» ініцыятывы граюць тут далёка не апошнюю ролю. Апроч гэтага, выкарыстоўваючы дастаўку гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву як прыкрыццё, яны забяспечваюць бандфармаванні расійска-тэрарыстычных войскаў харчаваннем, амуніцыяй і медыкаментамі. Можна спрагназаваць, што ў звязку з пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча акупаваных рэгіёнаў Украіны колькасць баявікоў і наймітаў, якія пранікаюць на тэрыторыю Беларусі, значна павялічыцца, што максымальна спросціць, у выпадку неабходнасці, любы з падрыхтаваных спэцслужбамі РФ сцэнараў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне.
Як заявіў 25 сакавіка 2016 г. начальнік Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў, «важна не прапусціць у Беларус замежных баявікоў-наймітаў, радыкальных мусульманаў, удзельнікаў вайсковых апэрацыяў ва Украіне, на Блізкім Усходзе». «Трэба стварыць аддзел, які будзе займацца спыненнем дзейнасці крымінальных аўтарытэтаў транспамежнай арганізаванай злачыннасці, выяўляць дзейнасць баявікоў і наймітаў». Хацелася б, каб гэта не заставалася пустой дэмагогіяй чыноўнікаў, якія дзеля захавання так званых саюзніцкіх адносінаў з Расіяй праяўляюць, насамрэч, абсалютную незацікаўленасць у дачыненні да замежных баявікоў і наймітаў, якія ня толькі бесперашкодна пранікаюць на тэрыторыю дзяржавы, але й атрымліваюць ад яе дапамогу ў працаўладкаванні і пошуку жылля і практычна маюць роўныя з беларусамі правы. Праблема яшчэ больш ускладняецца праз тое, што праз значны ўзровень карупцыі ў памежных структурах РФ і падкантрольных ёй «ДНР» і «ЛНР», а таксама праз адсутнасць мяжы з Расіяй Беларус драматычна насычаецца зброяй з тэрыторыі акупаванай часткі Украіны і, па сутнасці, ператвараецца на тэрарыстычную Вандэю Еўропы.
Толькі праява палітычнае волі і спрыянне кансалідацыі нацыі можа пазбавіць Беларус ад паўтарэння лёсу ўкраінскага Данбаса. Для гэтага важна аднавіць памежны кантроль на мяжы з РФ, паставіць магутны заслон на шляху тэрарыстаў, зброі і наркотыкаў, якія патрапляюць у краіну. Таксама больш рашучыя захады ў экстрадыцыі і прыцягненні да адказнасці баявікоў, наймітаў, іхных памагатых і дэзерціраў, якія хаваюцца ад правасудздзя ў Беларусі, мае зрабіць і Украіна. У адносінах да заўтрашніх магчымых герояў расійскіх рэпартажаў пра вайну ў Беларусі след праяўляць не гасціннасць, але выконваць дэклараваныя мэты і задачы што да забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы.
Матэрыял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускай службы міжнароднай супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстання матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і праект абавязковая.