Беларускія студэнты адродзяць Задзіночанне
ЗБС мае займацца шмат чым, але галоўным застанецца абарона правоў студэнтаў.
Найстарэйшая студэнцкая арганізацыя Беларусі «Задзіночанне беларускіх студэнтаў» адновіць дзейнасць 5 траўня. Як заяўляюць удзельнікі, цяпер у Задзіночання «новая каманда, новыя мэты, свежыя ідэі і лепшыя традыцыі».
«Адраджэнне стала лагічным вынікам руху #студэнтысупраць, зімовых падзеяў, — распавядае Свабодзе актывістка ЗБС Алена Дзянішчыц. — Падчас акцыі выявіліся актыўныя студэнты, у якіх не было «даху», якім трэба было аб’яднацца, каб далей ісці разам і дасягаць мэтаў: змагацца за акадэмічныя свабоды, удасканальваць вышэйшую адукацыю з боку студэнтаў. Таму і быў патрэбны незалежны студэнцкі рух — а такая арганізацыя была, і яна была вельмі добрая, але калі яе пазбавілі рэгістрацыі, усё заціхла».
«Задзіночанне беларускіх студэнтаў» утварылася ў 1989 годзе і было зарэгістраванае ў 1992-м. Задзіночанне яднала суполкі, якія ўтвараліся пры наяўнасьці прынамсі трох сябраў ЗБС у месцы навучання, з’езд склікаўся раз на два гады. Уваходзіла ў Еўрапейскі звяз студэнтаў. Выдавала часопіс «Студэнцкая думка», «Студэнцкую газэту», вяло сайт student.by (цяпер — studentby.org), выдавала музычныя альбомы. У 2001 годзе было пазбаўлена рэгістрацыі Мін’юстам, але працягвала дзейнасць.
Рэгістрацыі ў ЗБС няма і цяпер, але актывісты рыхтуюць дакумэнты і будуць намагацца зарэгістравацца. Арганізацыя мае дзейнічаць у розных напрамках, але галоўнай мэтай будзе абарона правоў студэнтаў. Яшчэ адной важнай рысай арганізацыі стане нацыянальная ідэя — праекты будуць намагацца рабіць па-беларуску, галоўная вэрсія сайта будзе беларускамоўнай. Рускамоўных у ЗБС абяцаюць «не прыцясняць».
Ці рэальна ў Беларусі абараніць студэнта, якога можна проста выключыць з універсітэту?
«Ну трэба ж старацца, правільна? Не можам жа мы сядзець і нічога не рабіць, — тлумачыць Дзянішчыц. — Я прыядналася за ЗБС, бо ў мяне было разьмеркаванне і я баялася, што мне будуць помсціць за мае актыўнасьці. Можна было не баяцца — усё адно адпомсцілі.
Рабіць усё можна толькі знізу, бо зверху змяніць нічога немагчыма. На любыя пытанні ідзе аднолькавы адказ: усё зроблена згодна нарматыўным актам, ёсць такі кодэкс і такі акт. А ніякай дапамогі ад дзяржавы студэнту не дачакацца. Так што студэнты павінны аб’яднацца, каб саміх сябе абараняць».
Паводле «Радыё Свабода»