Віктара Бабарыку ў калоніі абмяжоўваюць у чытанні

Палітвязень Віктар Бабарыка, які знаходзіцца ў наваполацкай калоніі, у лісце да сваёй дачкі напісаў, што яго абмяжоўваюць у чытанні і не дазваляюць чытаць нават стоячы.

Віктару Бабарыку ў калоніі не даюць чытаць

Віктару Бабарыку ў калоніі не даюць чытаць


«Поспехаў у чытанні ў мяне не вельмі шмат. З апошняга: мяне нават стоячы спрабуюць абмежаваць у чытанні. Раней можна было хоць пад дахам стаяць, а цяпер патрабуюць выходзіць на вуліцу, і калі ідзе дождж або снег, не пачытаеш нават у становішчы "ламавога каня". Так што яшчэ мінус хвілін па 15 з магчымасці чытання. Але ж дождж і снег не кожны дзень ідуць. Таму чытаю :)
Паспяваю пакуль толькі газеты і часопісы. Кнігі не вельмі заходзяць. З апошняга прачытаў "Сабакі Еўропы". Выдатна, што ў Беларусі сталі з'яўляцца такія аўтары і таксама трэндавыя творы.
"Архіпелаг ГУЛАГ" — цяжкаватая для чытання кніга, хоць Макс Знак і мае рацыю ў яе ацэнцы датычна нашых умоў. Прыбраўшы жорсткі фізічны гвалт і дадаўшы больш дасканалыя спосабы барацьбы з разумовым і інтэлектуальным развіццём, атрымліваем дзеючую сістэму».
Нагадаем, экс-банкіра і прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкуасудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, палітык застаўся без адвакатаў: усіх яго абаронцаў пазбавілі ліцэнзіі. Раней ён пісаў, што яму забаранілі выконваць фізічныя практыкаванні падчас 10-хвілінных перапынкаў на працы, людзям, якія знаходзяцца ў калоніі, забараняюць з ім мець зносіны, а напярэдадні Новага года ў яго рэчах правялі ператрус у яго адсутнасць.