Віцебскія прадпрымальнікі гатовы “штурмаваць аблвыканкам” другі раз

Першы “штурм”, як назвалі паход віцебскіх прадпрымальнікаў да аблвыканкаму некаторыя СМІ, адбыўся 22 студзеня. Але чыноўнікі высокага рангу да людзей не выйшлі, і прадпрымальнікаў у будынак не дапусцілі таксама. Цяпер яны гавораць, што сітуацыя не мусіць паўтарыцца.



vicebsk_pradprymaln_1.jpg

Фота з сайта spring96.org

На 28 студзеня прадпрымальнікі прызначылі чарговы сход. І калі 22 студзеня яны збіраліся ў гандлёвым цэнтры “Эвіком”, і ўжо потым рушылі ў аблвыканкам, то гэтым разам яны плануюць сабрацца непасрэдна каля будынка, дзе працуе кіраўніцтва вобласці.

22 студзеня на ганках аблвыканкама сабралася больш за 200 чалавек, аднак выйшаў да іх толькі прадстаўнік абласнога дэпартамента па прадпрымальніцтве. Людзі ж патрабавалі сустрэчы калі не з кіраўніком вобласці, то хаця б з яго намеснікам.

Падчас перамоваў з чыноўнікамі, якія праводзіла дэлегацыя прадпрымальнікаў на чале са старшынёй аргкамітэта па стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў “Разам” Ірынай Яскевіч, прагучала шмат абяцанняў. Прыкладам, пра тое, што калектыўны ліст пра немагчымасць працаваць без адмены ўказа №222, абласное кіраўнцтва абавязкова перадасць у Мінск, у Савет Міністраў. Таксама было паабяцана, што 28 студзеня з прадпрымальнікамі будзе размаўляць намеснік старшыні аблвыканкаму, які курыруе гандаль і эканоміку.

Прадпрымальнікі гавораць, што не згодныя стаяць на марозе больш за дзве гадзіны, як было мінулым разам. Яны збіраюцца патрабаваць, каб іх пусцілі ў будынак і прадаставілі залу для афіцыйнай сустрэчы. Прадпрымальнікі лічаць прыніжаючым становішча, у якім апынуліся: яны плацяць грошы ў бюджэт, у адрозненне ад многіх заняпалых прадпрыемстваў, а чыноўнікі высокага рангу не ўважаюць іх за людзей і нібыта не чуюць пра іх праблемы. Нездарма 22 студзеня прадпрымальнікі скандавалі “Работу!” і “Адмену ўказа!”, спрабуючы прыцягнуць увагу кіраўніцтва вобласці. Пакуль адзнакаў таго, што іх занепакоенасць чыноўнікі заўважылі, у віцебскіх прадпрымальнікаў няма.

spring96.org