Віцебскія актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

Напярэдадні Радаўніцы сябры грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» наведалі ў ваколіцах Віцебску месцы расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

5_146.jpg


Ля крыжоў памяці і на магілы, у якіх ляжаць знойдзеныя ў часе пошукавых экспедыцыяў парэшткі рэпрэсаваных, актывісты ўсклалі кветкі, запалілі памінальныя знічкі.

Грамадзянскія могілкі ля вёскі Мазалава

У жніўні 2018 году на ўскрайку мазалаўскіх могілак амаль патаемна ад грамадскасці былі пахаваныя парэшткі 302-х чалавек, знойдзеныя годам раней вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну ў лесе пад Хайсамі.
Шыльда на драўляным крыжы не паведамляе ані пра пахаваных у магіле, ані пра тое, хто забіў столькі людзей.

2_181.jpg

Ян Дзяржаўцаў запальвае зьнічкі на могілках у Мазалаве 
Абураныя гэткім стаўленнем да мінулага побач з афіцыйным крыжом грамадcкія актывісты летась усталявалі свой. На шыльдзе напісана: “Ахвярам сталінскага тэрору, расстраляным каля вёскі Хайсы ў 1937-39 гадах і перапахаваным тут у 2018 годзе”.
“Тут ляжаць грамадзяне, забітыя сталінскім рэжымам. Родныя гэтых людзей дасюль ня ведаюць пра месцы іх пахаванняў. Яны не могуць наведаць іх магілы, прынесці кветкі, памаліцца. Гэтую справу за іх робім мы, бо разумеем важнасць гэтай справы, бо мы – людзі…” – сказаў старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзржаўцаў.

Мэмарыял каля станцыі Лосвіда

На вайсковым мемарыяле ля ст. Лосвіда у 2016 годзе ўлады ўціхую пахавалі за масіўным бетонным помнікам савецкім вайскоўцам парэшткі 172 рэпрэсаваных.
Паводле падлікаў актывістаў, колькасць пахаваных мусіць быць большай. Ніякіх афіцыйных згадак пра тое зусім няма. На магіле стаіць адзіны крыж з шыльдай. Яго таксама паставілі сябры ініцыятывы “Хайсы”. Надпіс на шыльдзе такі самы, як і ў Мазалаве.

Ля крыжоў пад станцыяй Лосвіда

Ля крыжоў пад станцыяй Лосвіда


На думку Яна Дзяржаўцава, у СМІ трэба шырэй паведамляць пра месцы пахаванняў рэпрэсаваных, каб людзі мелі магчымасць даведацца пра імаверныя месцы апошняга спачыну сваякоў.
“Мы ня ведаем канкрэтна, хто тут ляжыць, але агульны спіс расстраляных у Віцебскай турме паступова складаецца з розных базаў дадзеных, якія ёсць у адкрытым доступе”, – кажа Дзяржаўцаў.  

Народны емарыял “Хайсы”

У сувязі з забаронай уладаў наведваць лясы грамадскія актывісты абмежаваліся гэтым разам ускладаннем кветак ля крыжоў, што стаяць на ўскрайку ляснога масіву ля вёскі Хайсы.

4_158.jpg


С. Горкі. фота аўтара, vitebskspring.org