Веласіпедыстам, затрыманым на Цнянскім вадасховішчы, прысудзілі па 10-15 сутак арышту
«Маюцца прыкметы масавага мерапрыемства». Як судзілі удзельнікаў велагонкі "Toure de Tsna", якая так і не адбылася.
17 траўня асудзілі дзесяцерых раварыстаў, якія вырашылі адкрыць веласезон на Цнянскім вадасховішчы. Усе ўдзельнікі арыштаваныя на 10-15 сутак па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, распавядае «Вясна».
Справы раварыстаў разглядалі суддзі Савецкага раёна Алена
Жуковіч і Сяргей Шаціла.
Усе раварысты пацвярджаюць паказанні адно аднаго: збіраліся
адкрыць веласезон, праінфармавалі ўдзельнікаў праз групу ў сацсетках, на
Цнянскім вадасховішчы не ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, лозунгі не
выкрыквалі і сімволікі пры сабе не было.
Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў што нёс службу каля
Цнянскага вадасховішча і ўбачыў масавае мерапрыемства на адлегласці 10 метраў.
Асабіста чуў, як выкрыквалі лозунгі. Аднак на кожным судзе паказанні сведкі
былі супярэчлівыя, а апісаць затрыманых ён не мог.
18-гадовы студэнт БНТУ Мацвей Лазар у пратаколе быў
пазначаны алоўкам як арганізатар. У вопісе яго рэчаў быў толькі ровар, але
адсутнічаў заплечнік з прызамі для гонкі і сертыфікатамі для пераможцаў.
24-гадовы Уладзіслаў Кутас на судзе заявіў, што агулам былі затрыманы 24 раварысты. Некаторыя з іх цяпер знаходзяцца ў 6-меснай камеры
сярод 18 чалавек.
Паводле слоў 22-гадовага Георгія Гашко, супрацоўнікі АМАПа,
якія атачылі раварыстаў, агучылі прычыну затрымання: «Маюцца прыкметы
масавага мерапрыемства».
Па рашэнні суддзі Сяргея Шацілы былі арыштаваныя:
️28-гадовы Аляксей Матусевіч — 11 сутак;
️28-гадовы Дзяніс Парамонаў — 13 сутак;
24-гадовы Уладзіслаў Кутас — 12 сутак;
️18-гадовы Мацвей Лазар — 15 сутак;
20-гадовы Бахціяр Муратаў — 11 сутак;
18-гадовы Раман Лапіч — 12 сутак.
Суддзёй Аленай Жуковіч былі
асуджаныя:
️22-гадовы Георгій Гашко — 11 сутак;
21-гадовы Міхаіл Кушнер — 10 сутак;
25-гадовы Дзяніс Рудкоўскі — 11 сутак;
25-гадовы Артур Чумак — 10 сутак.