Варшаўскае паўстанне 1830 г. супраць царскай Расіі
29 лістапада 1830 года пачалося Варшаўскае паўстанне супраць царскай Расіі. Галоўнай прычынай і мэтай паўстання было аднаўленне Рэчы Паспалітай.
Панарама Марціна Залескага «Узяцьце варшаўскага арсэналу».
Нягледзячы на тое, што пасьля Венскага кангрэсу 1815 году было створана Польскае Каралеўства, яно ня мела дзяржаўнай незалежнасьці й было зьвязана пэрсанальнай уніяй з Расеяй. Расейскі імпэратар прызначаў польскага караля, якім станавіўся сябра імпэратарскай сям’і. Падчас паўстаньня каралём Польшчы быў вялікі князь Канстантын.
Ідэйным натхненьнем для польскіх патрыётаў была рэвалюцыя ў Францыі, якая адбылася ў ліпені 1830 году й атрымала назву Другой Францускай рэвалюцыі. Мэтай яе было аднаўленьне лібэральных ідэяў рэвалюцыі 1789 году.
Больш за тое, у лістападзе стала вядома, што расейскі імпэратара Мікалай І мае намер выкарыстаць польскае войска дзеля падаўленьня Бэльгійскага паўстанья, што стала матывам для пачатку польскага, ядром якога былі менавіта польскія афіцэры.
Гэтае паўстанне пачалося ў ноч з 29 на 30 лістапада ў Варшаве. Як сыгнал, было выкарыстана падпаленьне бравару ў раёне Солец у Варшаве.
Арганізавалі гэтае паўстаньне 24 чалавекі, якія напачатку захапілі Бэльвэдэр, дзе разьмяшчалася сядзіба вялікага князя Канстантына, яле сам вялікі князь пасьпеў зьбегчы. Потым быў захоплены Арсэнал, а ўжо на наступны дзень пры патрымцы жыхароў Варшавы ўвесь горад быў у руках паўстанцаў. Празь некалькі дзён быў сфарміраваны Часовы Ўрад, на чале з Адамам Чартарыйскім, а правадыром паўстаньня быў прызначаны генэрал Юзэф Хлапіцкі. Вельмі хутка паўстаньне стала разыходзіцца па ўсёй тырэторыі Каралеўства Варшаўскага ды набыло рысы антырасейскага, мэтай якога было адбудаваньне Фэдэрацыі Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.
На падаўленьне паўстаньня на тэрыторыю Каралеўства Варшаўскага было накіравана расейскае войска ў колькасьці 115 тысячаў чалавек, пад кіраўніцтвам Івана Дыбіча.
Паўстаньне ў Варшаве найшло водгукі ў беларускай інтэлгенцыі, якая на той момант была моцна аслабленая рэпрэсіямі царскага рэжыму пасьля паўстаньня дэкабрыстаў 1825 году. Тым ня менш, такія дзеячы тагачаснай Беларусі, як кампазытар Міхал Агінскі, які прысьвеціў гэтаму паўстаньню свой вядомы “Палянэз” (Разьвітаньне з Радзімаю), вучоныя Балінскі ды Ігнат Дамэйка, літаратары Ходзька й Гарэцкі, мастакі Сухадольскі й Дмахоўскі ўзялі актыўны ўдзел у паўстаньні на Віленшчыне.
Мала хто ведае, што адной зь гераіняў гэтага паўстаньня была графіня Эмілія Плятэр, 25-гадовая маладая жанчына, якая нарадзілася ў Вільні й доўгі час жыла на Віцебшчыне, займаючыся зборам беларускага народнага фальклёру. Калі інфармацыя пра паўстаньне ў Варшаве дайшла да Вільні, Плятэр сталася лідарам вызваленчага руху ў Вільні. У хуткім часе яна ўзначаліла 1 літоўскі полк. Пасьля бітвы з расейскімі войскамі пад Шауляем адзін з польска-ліцьвінскіх паэтаў Антоні Адзінец напісаў такія словы: “Тваё імя ў польскай і літоўскай гісторыі будзе гучаць вечна, як песьня сярод бітваў”. А Адам Міцкевіч у сваім вершы “Сьмерць палкоўніка” напісаў: “Ах, гэта была дзяўчына? Гэта была ліцьвінка, дзяўчына-змагарка, правадырка паўстанцаў Эмілія Плятэр”. На жаль, беларусы ня ведаюць і не намагаюцца даведацца аб сваіх героях. Але ў Варшаве адзін з цэнтральных пляцаў носіць імя Эміліі Плятэр.
У большасьці беларускіх губэрняў паўстаньне не атрымала шырокай падтрымкі, бо для сялян і большасьці насельніцтва былі незразумелыя высокія матывы й ідэі польскай, літоўска-беларускай інтэлігенцыі, якія змагаліся за вольнасьць. Яны былі далёка ад простага народу.
Не падтрымалі гэтага паўстаньня й замежныя эўрапейскія дзяржавы, нават рымскі Папа Грыгорый XVI у сваёй энцыкліцы акрэсьліў паўстанцаў як “нехрыстаў”, якія здрадзілі й змагаюцца супраць правамоцнай улады. Гэта было зьвязана з агульнымі антырэвалюцыйнымі настроямі эўрапейскіх элітаў.
Паўстаньне было патоплена ў крыві. Палітычныя правы Каралеўства Польскага былі абмежаваны, таксама была адменена Канстытуцыя. Пашырылася і ўзмоцнілася русыфікацыя далучаных да Расеі земляў ВКЛ. Быў таксама зачынены Віленскі ўнівэрсытэт, які доўгі час быў цэнтрам фарміраваньня беларускай нацыянальнай эліты.