Улады прызналі «экстрэмісцкім» дакументальны фільм пра сталінскія рэпрэсіі. Хронікі рэпрэсій 30 студзеня
Улады прызналі «экстрэмісцкім» дакументальны фільм пра сталінскія рэпрэсіі, а таксама TikTok-акаўнты двух незалежных СМІ: mogilevnews і pozirk_online. А ў асяроддзі палітвязняў адбылося шмат цікавага. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 30 студзеня.
Супраць актывіста Ігара Случака завялі крымінальную справу. Пра гэта сам Ігар Случак паведаміў у Facebook. Папулярызатару беларускай мовы прад'яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Крымінальная справа была распачатая яшчэ 22 траўня 2024 года. 24 снежня матэрыялы былі перададзеныя ў Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэта.
* * *
Палітвязня Мікалая Статкевіча вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру. Вылучэнне Мікалая Статкевіча на Нобелеўскую прэмію зрабіў літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус. Пра гэта распавялі ў прэс-службе партыі «Народная Грамада».
«Дэпутат Еўрапейскага парламента Пятрас Аўштравічус зарэгістраваў лідара беларускай апазіцыі Статкевіча кандыдатам на прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру. Шалёная праца ў авральным парадку па зборы матэрыялаў была праведзена камандай Народнай Грамады. І мы паспелі да заканчэння тэрміну прыёму заявак», — заявілі ў прэс-службе партыі.
* * *
30 студзеня ў Першамайскім судзе Мінска будзе слухацца справа Алены Шарафановіч, паведамляе «Вясна». Жанчыне інкрымінуюць артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Алена Шарафановіч з'яўляецца адным з лепшых дзіцячых анколагаў Беларусі. Яна 13 гадоў прапрацавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах і яшчэ 3 гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Паралельна вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі «HappyDerm», стажыравалася ў Германіі і ЗША.
Судзіць лекарку будзе намесніца старшыні Першамайскага раённага суда Наталля Дзядкова.
* * *
У Шуміліне за «экстрэмізм» будуць судзіць загадчыка хірургічнага аддзялення мясцовай бальніцы. Пасяджэнне па справе Ігара Гудкова адбудзецца 31 студзеня, заўважыў тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю». Ігару Гудкову ставяць у віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ. Судзіць яго будзе суддзя Іна Грабоўская.
Паведамлялася, што летам мінулага года медык атрымаў за добрую працу падзяку ад міністра аховы здароўя.
* * *
30 студзеня палітвязню Эдуарду Бабарыку споўнілася 35 гадоў. Гэта пяты дзень нараджэння палітвязня ў турме.
Інфармацыі пра Эдуарда Бабарыку вельмі мала. Мяркуецца, што ён па-ранейшаму знаходзіцца ў папраўчай калоніі №2 у Бабруйску, куды яго этапавалі не пазней за красавік 2024 года.
Эдуарда прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў ліпені 2023 года. Пры гэтым у тэрмін не быў уключаны час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачванні — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
У калоніі на яго ўвесь час аказваўся ціск з боку адміністрацыі. 1 красавіка Эдуарда змясцілі ў ПКТ. А 12 ліпеня зноў асудзілі ў Бабруйску, прызнаўшы вінаватым паводле ч.2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Павел Картынін дадаў палітвязню яшчэ 2 гады пазбаўлення волі.
У верасні 2024 года апеляцыя на новы прысуд была адхіленая. Фактычна з тых часоў, паводле звестак праваабаронцаў, ніякай новай інфармацыі пра Эдуарда Бабарыку не паступала.
* * *
Палітзняволеная блогерка Вікторыя Гусарава пасля суда выйшла на волю. Як піша «Гомельская вясна», блогерка паведаміла на сваёй старонцы ў Інстаграме, што знаходзіцца дома.
Судовы працэс у дачыненні да Вікторыі пачаўся ў Гомельскім абласным судзе 17 студзеня. Ёй была інкрымінаваная ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Справу разглядала суддзя Алеся Осіпава. Які прысуд яна вынесла Гусаравай — невядома.
Вікторыя — вядомая беларуская блогерка «gusarev_ka», яна мае больш за 32 тысячы падпісчыкаў у Інстаграме і больш за 17 тысяч — у ТыкТоку. Апошнія допісы дзяўчыны былі датаваныя вераснем — пад імі людзі пісалі, што яна знаходзіцца ў СІЗА. Пра яе затрыманне ўпершыню напісалі ў пачатку гэтага года. 21 студзеня праваабарончая супольнасць Беларусі вызнала Гусараву палітычнай зняволенай.
* * *
Праваабаронцы атрымалі пацвярджэнне, што сёння вызвалены з-пад адміністрацыйнага арышту вядомы мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун. Яго зняволілі 15 студзеня, а 17 студзеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы, у якой яго вінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і судзілі паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ролю суддзі выконвала Марына Буглак.
Мяркуючы з тэрміну вызвалення, яна прысудзіла яму арышт на 15 сутак. Гэта максімальнае пакаранне, якое дазваляе ўжыць загаданы артыкул. Роўна паўмесяца карныя структуры пратрымалі 69-гадовага праваабаронцу ў вязніцы.
У сувязі з немагчымасцю звязацца з самім Уладзімірам Целяпуном пакуль невядомая сутнасць выстаўленых яму абвінавачванняў, але відавочна, што яго ўлады ізалявалі на перыяд правядзення галасавання ў так званых «выбарах» прэзідэнта, якое адбывалася цягам мінулага тыдня.
* * *
Улады прызналі «экстрэмісцкім» дакументальны фільм пра сталінскія рэпрэсіі. Гаворка пра фільм «Лес», які быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» судом Цэнтральнага раёну Гомеля 29 студзеня, заўважыла «Вясна».
У дакументальным фільме «Лес» паказана некалькі рэальных гісторый 1930-х гадоў пра сталінскія рэпрэсіі. Адна з іх — пра гомельскага чыноўніка, які перажыў расстрэл у сумнавядомым Навабеліцкім лесе пад Гомелем.
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:
- тэлеграм-каналы і чаты «Херсон партизаны, Kherson partisans, FUCK VGA», «АТЕШ», «Легион ГУР МО | DIU Legion»;
- інстаграм-старонкі belarus_files, by2020art, zuivoilena;
- старонкі ў сацсетках «МОВА ПОБАЧ»;
- старонкі ва «Укантакце» «Протестное кино», «Зробiм Беларусь лепей»;
- старонкі ў тыктоку mogilevnews, «Павло», pozirk_online.