Кандыдат на прэмію Дарвіна? Беларус, уключаны ў «экстрэмісцкае фармаванне», вярнуўся з Польшчы і «прысеў»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 29 студзеня.

hroniki_represij2_4_1.webp

Праваабаронцам стала вядома, што 4 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска адбудзецца судовы працэс па трэцяй крымінальнай справе супраць ураджэнца Украіны Сяргея Белага. Гэтым разам яго будуць судзіць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суд будзе весці суддзя Жана Хвайніцкая.

Сяргей Белы родам з Херсона, але амаль усё сваё жыццё пражыў у Беларусі. У яго двое непаўналетніх дзяцей. Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 года. Першы раз яго асудзілі за «ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт. 130 КК). Наступны суд над Сяргеем Белым адбыўся 27 верасня 2024 года. Яму было прад'яўленае абвінавачванне па 4 артыкулах: «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч.3 арт. 361-1 КК), «узбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Вынік судовага разбору невядомы.

* * *

3 лютага суд Першамайскага раёна Мінска плануе разгледзець адміністрацыйную справу ў дачыненні да Багдана Літванава паводле арт. 10.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Справу даручана разглядаць суддзі Аляксандру Сяргею.

Таксама вядома, што на наступны дзень, 4 лютага, справа па аналагічным артыкуле будзе разглядацца ў судзе Ленінскага раёна Мінска супраць Максіма Біткова. Судовае разбіральніцтва будзе весці суддзя Марына Клімчук.

Агулам праваабаронцам вядома як мінімум пра шэсць судовых пасяджэнняў паводле артыкула аб «парушэннях на выбарах».

* * *

У Віцебскім абласным судзе 29 студзеня пачаўся працэс над палітвязнем Міхаілам Лабанем. Яго судзяць за данаты паводле арт.361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Справу разглядае суддзя Аляксандр Абашын.

Міхаіл — гаспадар ювелірнай майстэрні «Самародак», які займаўся вырабам упрыгожванняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх супольнасцяў, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Яго абвінавацілі ў «паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» (ч.1 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

У траўні 2022 года суддзя Віталь Лапко асудзіў палітычнага зняволенага на 4 гады калоніі і штраф у памеры 100 базавых велічынь. Тэрмін Міхаіл адбываў у івацэвіцкай калоніі № 22. Але ў траўні 2024 года яму зрабілі больш жорсткім пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

* * *

Жыхара Навабеліцкага раёна Гомеля Андрэя Цімашэнку 3 лютага чакае суд, паведамляе Гомельская Вясна. Яму ставіцца артыкул 10.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Якія дзеянні інкрымінуюцца гамяльчаніну, пакуль невядома. Верагодна, яго будуць судзіць за спробу вынесці бюлетэнь з участку, сфатаграфаваць або сапсаваць, мяркуюць праваабаронцы. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 15 базавых велічынь штрафу (630 рублёў).

* * *

Беларус пасля ўключэння ў «экстрэмісцкае фармаванне» вярнуўся з Польшчы дадому і цяпер яму пагражае да 6 гадоў калоніі.

Руслану Зубкову 26 гадоў. Ён родам з горада Высокае Камянецкага раёна. Пасля школы вучыўся на слесара-зваршчыка ў аграрным каледжы ў родным горадзе, затым пераехаў у Брэст, у 2019 годзе некаторы час працаваў рабочым у Расіі.

Мяркуючы па сацсетках, Руслан у апошнія гады жыў і працаваў у Польшчы, у ліпені 2023 шукаў працу рознарабочым у Кракаве ці яго ваколіцах. У снежні 2023 года Зубкова ўнеслі ў спіс удзельнікаў экстрэмісцкага фармавання «Расія — гэта зло». Гэта невялікі тэлеграм-чат на 135 чалавек, дзе актыўныя цяпер толькі тры чалавекі.

У лютым 2024 года Руслана абвясцілі ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі — гэта значыць, што на той момант ён яшчэ быў на волі. Калі і чаму Зубкоў вярнуўся ў Беларусь, калі Руслана затрымалі-невядома. У першы раз яго судзілі ў чэрвені 2024 года за «абразу Лукашэнкі» ў Камянецкім раённым судзе. Прысуд невядомы.

Цяпер Зубкова пачынаюць судзіць зноў. Працэс пачнецца 10 лютага 2025 года ў Брэсцкім абласным судзе. Хлопца абвінавачваюць паводле двух артыкулаў — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт. 361-4 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).

* * *

У Маларыце затрымалі мужчыну, які зняў дзяржаўны сцяг з фасада аптэкі. Яго вылічылі па камерах і хутка затрымалі. Канал сілавікоў паведамляе, што затрыманаму 39 гадоў. Па іх версіі, у дзве гадзіны ночы ён ехаў па горадзе і раптам заўважыў сцяг. Мужчына спыніўся, зняў палотнішча і паехаў дадому. На відэа, апублікаваным міліцыяй, відаць, як мужчына здымае дрэўка, згортвае сцяг і адыходзіць.

Пасля затрымання ён патлумачыў, што хацеў павесіць сцяг на лецішчы. Цяпер сілавікі пагражаюць яму «ўсёй строгасцю закона».