Улады ліквідуюць «Полацкі яўрэйскі культурны цэнтр». Ён дзейнічаў 30 гадоў
Віцебскі абласны суд 14 чэрвеня прыняў рашэнне ліквідаваць грамадскае аб'яднанне «Полацкі яўрэйскі культурны цэнтр». Без малога 30 гадоў сябры гэтай арганізацыі садзейнічалі развіццю яўрэйскай культуры, паведамляюць праваабаронцы.
Ініцыятарам закрыцця грамадскай арганізацыі стала кіраўніцтва Упраўлення юстыцыі па Віцебскай вобласці. Праваабаронцы не выключаюць, што ўладамі дадзены старт працэсу разгрому яўрэйскага сацыяльна-культурнага асяроддзя на Віцебшчыне.
У 1992 годзе на тэрыторыі Беларусі пачалі аднаўляць сваю
дзейнасць міжнародныя яўрэйскія арганізацыі. Дзякуючы іх дапамозе ў Полацкім
рэгіёне ўзніклі яўрэйскія арганізацыі.
Асноўная роля ў фінансаванні адраджэння яўрэйскага жыцця належала Амерыканскаму яўрэйскаму аб'яднанаму размеркавальнаму камітэту «Джойнт» і Сусветнаму яўрэйскаму агенцтву для Ізраіля «Сахнут».