У рускай Вікіпедыі могуць перайменаваць «Белоруссию» ў «Беларусь»

Рэдактар Вікіпедыі Марк Берштэйн паведаміў у фэйсбуку, што спецыяльная рабочая група рэкамендавала перайменаваць артыкул «Белоруссия» ў «Беларусь».

Пакуль назва артыкула пра Беларусь у рускай Вікіпедыі выглядае так

Пакуль назва артыкула пра Беларусь у рускай Вікіпедыі выглядае так

Праблеме наймення гэтага артыкула прысвечана больш абмеркаванняў, чым любому іншаму канкрэтнаму пытанню ў гісторыі рускага раздзелу. Ён пераймяноўваўся ў 2006, 2009 і 2011 гадах, пытанне разглядалася ў некалькіх заяўках у Арбітражным камітэце, для дэталёвага аналізу стваралася тры спецыяльных рабочых групы. 

Рабочая група вывучыла тры катэгорыі крыніц:

масівы тэкстаў навуковых прац на рускай мове;

масівы матэрыялаў СМІ на рускай мове;

масівы тэкстаў апублікаванай літаратуры на рускай мове.

Азнаёміцца з даследаваннем можна тут.

Паводле правілаў Вікіпедыі адносна наймення артыкулаў, «прыярытэт у назвах артыкулаў варта, як правіла, аддаваць такой пацверджанай аўтарытэтнай крыніцай назве, якая для большасці рускамоўных чытачоў з'яўляецца найбольш вядомай і, па магчымасці, найменш неадназначнай». А такой па выніках маштабнага аналізу, праведзенага рабочай групай, з'яўляецца назва Беларусь. 

Гэта яшчэ не канчатковае рашэнне і не рашэнне ўсіх звязаных пытанняў, паколькі канчатковы вынік рабочай групы будзе праз два тыдні, рашэнне арбітражу на яго аснове яшчэ праз нейкі час, адзначае Берштэйн.