Выдавецтва «Янушкевіч» выдае «Гары Потэра» па-беларуску. Але без дастаўкі ў Беларусь
Пасля працяглых і цяжкіх перамоў, выдавецтва «Янушкевіч» усё ж атрымала права на выданне серыі кніг пра Гары Потэра па-беларуску. Але з жорсткімі ўмовамі ў адносінах да Беларусі як Вялікабрытаніі, так і самой Джоан Роўлінг.
Раней брытанскія праваўладальнікі серыі пра Гары Потэра адмовілі ў падаўжэнні правоў на беларускае выданне, спасылаючыся на жорсткія санкцыі Вялікабрытаніі ў адносінах да Беларусі як краіны-суагрэсаркі ў вайне Расіі супраць Украіны, і прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні самой Роўлінг, нагадвае Reform.news.
Аднак цяпер сітуацыя змянілася.
«Пасля працяглых і плённых перамоў, — паведамляе выдавецтва, — з дапамогай калег і сяброў, нам удалося прабіць сцяну непаразумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і святло, чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове».
8 лютага 2025 года пабачыць свет кніга «Гары Потэр і Келіх агню», чацвёртая кніга са знакамітай серыі Джоан Роўлінг пра хлопчыка, які выжыў.
Будуць дадрукаваныя ў цвёрдай вокладцы і тры папярэднія кнігі серыі.
Таму выдавецтва абвяшчае папярэдні заказ:
- асобна на кнігу «Гары Потэр і Келіх агню»
- на 4 кнігі разам
Кантаркт заключаны на даволі жорсткіх умовах. Кнігі Дж. К. Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на пляцоўках выдавецтва: у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве, інтэрнэт-краме knihauka.com, маркетплейсах Allegro і Amazon.
Іх забаронена прадаваць на тэрыторыі Беларусі і Расіі, а таму выдавецтва не зможа дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь.
Амаль усе фінанасавыя рэсурсы пойдуць на друк новых накладаў кніг пра Гары Потэра. Іншыя праекты, сярод якіх творы Рэя Брэдберы, Хорхе Луіса Борхеса, Рэбекі Кван, Айн Рэнд, Фрэнка Герберта і іншыя, адкладаюцца да лепшых часоў, паведамляе выдавецтва.