«Беларускі чытач цэніць якасную літаратуру». Топ-5 кніг — лідараў продажаў у «Кнігаўцы»

Лепш за ўсё, калі людзі галасуюць за прадукт рублём. Выдавец Андрэй Янушкевіч падлічыў, якія кнігі карыстаюцца папулярнасцю як у анлайн-продажах, так і ўжывую ў краме «Кнігаўка», што не так даўно адкрылася ў Варшаве. І гэтыя вынікі з аднаго боку, у нечым дзіўныя, а з іншага — абнадзейваюць.

Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

«Продажы — гэта вельмі важны індыкатар. Шмат ад каго можна пачуць думку, што ўсё гэта рэклама, раскрутка, трэба ў іх укласціся, і людзі будуць купляць адпаведны твор. Але не трэба забывацца, што людзі, якія чытаюць кнігі — далёка не дурныя, яны шмат у чым разбіраюцца, і чытаюць добрую, я б сказаў нават выдатную літаратуру. І калі кніга карыстаецца папулярнасцю сярод вялікага кола чытачоў, гэта азначае, што яна сапраўды моцная», — кажа выдавец.

Такім чынам, спадар Андрэй называе топ выданняў, якія карыстаюцца ў беларусаў найбольшай папулярнасцю, па выніках першага паўгоддзя гэтага года.

Узначальвае Топ-5 беларускі пераклад першай часткі з трылогіі Джона Р. Толкіна «Валадар пярсцёнкаў»«Брацтва пярсцёнка». «Гэта самае вядомае фэнтэзі за ўсю гісторыю сусветнай літаратуры. Мы плануем у гэтым годзе выдаць дзве астатнія часткі трылогіі», — паведаміў выдавец.

Па яго словах, на гэты твор былі вельмі добрыя папярэднія замовы, што дазволіла яму выбіцца ў лідары продажаў. «Можна сказаць, што з яго выхадам кніжная прастора проста выбухнула. І гэты том, выдадзены ў снежні мінулага года, добра прадаецца па сёння», — адзначыў спадар Андрэй.

На другім месцы таксама фэнтэзі: чарговая, выдадзеная «Янушкевічам» кніга Анджэя Сапкоўскага з цыклу «Вядзьмар»частка чацвёртая, «Час ганьбы».

«У Беларусі мы паспелі выдаць тры часткі, тут мы выдалі чацьвёртую. Я ўпэўнены, што продажы былі б яшчэ лепшыя, каб мы мелі ў наяўнасці першыя тры кнігі. Але іх наклад у нас скончыўся, апошні год мы займаліся пераафармленнем правоў на выданне “Вядзьмара”. У адрозненне ад “Гары Потэра” нам удалося гэта зрабіць, так што неўзабаве, цягам месяца-паўтара, першыя тры часткі “Вядзмара” будуць дадрукаваныя. Адпаведна, нашы чытачы будуць мець магчымасць набыць адразу чатыры тамы з васьмі. Можна сказаць, што мы перайшлі экватар у выданні гэтай серыі», — распавядае Андрэй.

Трэцяе месца па продажах займае вялікі і знакаміты раман беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча«Сабакі Еўропы». Варта адзначыць, што яшчэ ў Беларусі выдавецтва «Янушкевіч» друкавала гэты твор накладам у тысячу экзэмпляраў, і ён паспяхова разышоўся. Цяпер, знаходзячыся ўжо ў Польшчы, адбылося новае выданне, бо попыт на «Сабак» стабільна захоўваецца

Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

А ўпершыню «Сабакі Еўропы» былі надрукаваныя ўвогуле ў 2017 годзе. То-бок, выданне нельга назваць навінкай, але яно захоўвае актуальнасць і па сёння.

«Гэта вельмі радуе. Гэта няпростая рэч, кніга, якую не возьмеш сходу, без падрыхтоўкі, без трэніроўкі, і яна карыстаецца такой вялікай папулярнасцю. Гэта азначае, што беларускі чытач цэніць якасную літаратуру і абазнаны ў ёй», — кажа выдавец.

«Увогуле трэба сказаць, што ў нас у наяўнасці некалькі найменняў твораў Альгерда, і ўсе яны карыстаюцца стабільным попытам. Гэта вельмі добры паказчык, такога не было ў беларускі перыяд нашага існавання, і гэта наўпроставае сведчанне, што людзі цягнуцца да сваёй літаратуры, ім цікавая рэфлексія над нашымі людзьмі, кантэкстам у якім жыве Беларусь сёння», — кажа Андрэй Янушкевіч.

Чацвёртае месца па продажах займае Ева Вежнавец з аповесцю «Па што ідзеш, воўча», якая выдадзеная выдавецтвам «Пфляўмбаўм». Таксама не скажаш, што гэта навінка, першы наклад быў выдадзены ў 2019 годзе, праз пяць гадоў з’явілася перавыданне — ужо на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза, якое стала даступнае для «Кнігаўкі», і мае вельмі добрыя продажы.

«Гэта сведчыць і пра якасць літаратуры, і пра актуальнасць тэмаў, але для мяне самае важнае тое, што беларусы, чытаючы кнігі, бачаць там саміх сябе. Такія кнігі людзі будуць купляць заўсёды. Тое ж самае можна сказаць пра нашую навінку, якая выйшла ў кастрычніку 2023 года, гэта кніга вядомай літаратаркі, але для яе гэта дэбют у прозе. Я кажу пра твор Ганны Янкуты«Час пустазелля». Яна на пятым месцы па продажах», — адзначае спадар Андрэй.

Па яго словах, адметнасць гэтага раману ў тым, што гэта аўтафікшн — твор на мяжы мастацкай і дакументальнай літаратуры, і гэта адна з нешматлікіх спроб рэфлексій над нашым жыццём пасля 2020 года, літаратурнае разважанне пра тое, у якой сітуацыі аказаліся беларускія эмігранты, як паўплывала на нас вайна ва Украіне… Адкрытасць аўтаркі, тое, што яна падымае такія важныя, злабадзённыя, жывыя тэмы, — гэта мае водгук у чытачоў, пра што сведчаць і продажы.

Набыць гэтыя і іншыя кнігі можна як у «жывой» кнігарні, так і ў інтэрнэт-краме «Кнігаўка». Апроч таго, выдавецтва «Янушкевіч» мае свае пляцоўкі на такіх маркетплэйсах, як Allegro і Amazon. Пры гэтым кнігі можна замовіць і ў Беларусь, яны дастаўляюцца польскай поштай. «Адзіная праблема, што дастаўка дарагая, але ў прынцыпе магчымасць набыць кнігі ў Беларусі ёсць », — зазначыў Андрэй Янушкевіч.

«Жывая» кнігарня знаходзіцца ў Варшаве, на вуліцы Клапатоўскага 4 (Kłopotowskiego 4). Працуе яна ўсе дні акрамя панядзелка. З аўторка па чацвер — з 11 да 18, пятніца-субота з 11 да 19, нядзеля — лайтовы дзень з 12 па 18.

«Краму мы рабілі, як прастору. У нас можна спакойна пасядзець, пачытаць кнігу, мы частуем нашых пакупцоў кавай. Мы хочам зрабіць не проста краму, а такую прастору, куды б хацелася прыйсці, і не хацелася б сыходзіць. Прыкладна тое самае мы планавалі зрабіць і ў беларускай «Кнігаўцы» ў Мінску, якая прапрацавала толькі адзін дзень, 17 траўня 2022 года, і была закрытая з дапамогай прапагандыстаў і ГУБАЗіКу», — кажа Андрэй Янушкевіч.

Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

Тое, што тры з пяці галоўных месцы па продажах займаюць беларускія аўтары, вельмі ўсцешвае і абнадзейвае. Гэта азначае, што беларуская літаратура — жывая, папулярная і мае свайго сталага чытача.