«Чую ў цішы, як расце трава». 15 вершаў пра непаўторнае беларускае лета

Ужо прайшла першая палова лета, мы пражылі і спёку, і навальніцы, і нават ураганы. Але наперадзе — яшчэ паўтара месяца гэтай яркай і жаданай пары года, пра якую шмат прыгожых слоў напісалі беларускія паэты і паэткі.

img_9242_2_logo.jpg

Якуб Колас

Летам

Ну ж і волі, волі

У гаі за вёскай!

А цяплынь, цяплынь!

Весела на полі,

Слаўна пад бярозкай,

Хоць ты сядзь спачынь.


Пчолкі, матылёчкі,

Як сняжынкі тыя,

Мільгацяць вакол.

Жоўтыя пясочкі  

Крупкі залатыя,

Хоць бяры ў прыпол.


img_3028_edited.jpg

У летні адпачынак


На століку маім ляжаць паперы,

Чарнільніца, як мачыха, стаіць...

А мне так хочацца зірнуць за дзверы,

На двор пайсці ды неба даль праверыць,

Агледзець хмар каралавую ніць.

Люблю я іх, люблю іх узнікненне

I вольны рух па сонечным шляху,

Іх шпаркі рост, купчастае адзенне,

Люблю глядзець, як неба сутарэнне

Узносіць іх кудлатую страху.

Чарнільніца мая глядзіць з дакорам

I думае, напэўна: «Ох, гультай!»

А я тады адказваю з пакорай:

«Я толькі пакурыць, вярнуся скора,

Хвіліначку, галубка, пачакай!»

I я за дзверы шусь!  I я на волі.

Такі табе навокала прастор!

Кучматы лес, утульны луг і поле...

Гляджу, што дзеецца ў блакітным доле,

I бачу  хмара ціснецца на бор.

Іду ў лясок сачыць за хмарай гэтай.

Між сосен дзвюх калышацца гамак.

I чую я  гром глуха грымнуў дзе-та.

Я ў гамаку, — п'ю чары, слодыч лета,

Чарнільніца ж мне кажа там:  Лайдак!


img_3090_edited.jpg

Пятрусь Броўка

Замалёўка


Спявае лета над барамі,

Сасёнкі струнамі звіняць,

Гамоніць поле каласамі,

Шапоча ў кветках сенажаць.


Шумяць вятры ў гаях напеўна.

Адна рачулка ў чаратах

Бурчыць, варочаецца гнеўна,

Бы мулка спаць на камянях.


А можа, з навіны ў ахвоту,

Пакуль міне плацінаў строй,

Так напрацуецца да поту,

Што пара раніцой над ёй.


img_3013_edited.jpg

Янка Купала

Летам


Выйду, сяду каля саду

У зацішнай старане

I дзівіцца буду цуду,

Што цуднее ўкруг мяне.


Як для света грае лета

Песню спеўную быцця;

Бласлаўленне небам, хлебам

Шле сам бог, сама зямля.


Звоніць поле доляй, воляй,

Звоніць поле ў каласкі;

Ў буйным лузе ззяюць, граюць

Кветкі, мошкі, матылькі.


Рэчка ўецца і смяецца

Да зялёных лоз і вольх,

А ў вадзіцы шыбка рыбка

Шмыгаціць на паплаўкох.


Лес адвечны бесканечны

Цягне, цягне гоман свой;

Між хвой скачуць птушкі-ўюшкі

I пяюць, што моцы той.


А на небе след цярэбе

Сабе сонца залаты,

Свеціць, грэе долы, горы,

Ў сэрцы шле агонь святы.


Так для света грае лета

Песню спеўную быцця...

Чаму ж мне ў ім стала мала

I пацехі, і жыцця?


img_3068_edited.jpg

Улетку


Соладка ўлетку ў дзень ройны

Ў зелені, ў кветках купацца,

З ветрам гуляць неспакойным,

З сонцам гуляць, цалавацца!


Слухаць лясное гамонкі,

Зважных, няўцямлівых шумаў,

Як гэта хвойкі-сасонкі

Гойдаюць ласкава думы.


Слухаць, як міла ля ўзмежку

Гутарыць з коласам колас,

Як льецца ў сэрца з усмешкай

Нівы спагадлівы голас.


Музыка зычная ў свеце,

Моўкнуць нягоды напасці...

Хочацца думаць, як дзеці,

Верыць, як дзеці, у шчасце.


img_9292__2.jpg


Анатоль Вялюгін

Летнік


Скочыць палахліва

з-пад калёсаў заяц,

забубніць над грывай

у падлеску заедзь.


He трашчы, сарока, 

возчык не паверне:

на лугах шырока

размахнуўся чэрвень.


Люты чмель віецца

над чупрынай русай.

Шлях паўзе пад вецце

ў сеннай пацярусе...


Апаўдні шчаслівы,

пачарнелы, потны

сенакос з абрыву

бухне ў вір дрымотны.


Зарагоча нема,

сонцам паліваны.

Аблачынка з неба

на ручнік сарвана.


Эх, дарога лета,

ціхі крок туману...

Колькі песень спета

і недаспявана!


Там, дзе ў лузе з любай

мёд пілі чмяліны,

закусілі губы

да крыві каліны.


Луг  стаптаны кветнік

пасівеў, завяўшы:

снег ляціць на летнік

і на песні нашы.


photo_2024_05_29_06_36_02__3_.jpg


Данута Бічэль-Загнетава

Раніца


Раней за сонца ўстану рана я.

Крылаты золак не прасплю.

Прайдуся сцежкамі крамянымі

ўлюбёная ў сваю зямлю.


Прамчуся за вятрамі гонкімі

па бальшаках зялёных...

Сустрэне луг мяне рамонкамі,

прастор  блакітам лёну.


Барок грыбамі запалоніць:

лісіц  грабі ў ахапку.

Грыб шчыры ў ветлівым паклоне

скідае долу шапку.


Паміж чарніцамі-насмешкамі

згубілася ў гушчэчы.

Унізе пахне сыраежкамі,

а зверху птах шчабеча.


Паабтрасаю росы з голля 

абудзіцца рака.

Абсыпана буйное поле

званочкам жаўрука.


Ліецца песня з-пад блакіту

на маладое жыта,

жывое серабро нібыта,

густой расой абмыта...


Зямля шчырэе і смяецца,

спявае радасць лету.

I можна абысці, здаецца,

за сонейкам паўсвету.


img_3021_edited.jpg


Анатоль Грачанікаў

Ліпень


Ha глухіх выжарынах лясных

Пахнуць пераспелыя суніцы.

Разамлела хмеляць медуніцы

На глухіх выжарынах лясных.


Сочыцца жывіца з-пад кары,

Па ігліцы на траву страсецца.

Сонна сойка ўскрыкне ў гушчары,

Поблізу ёй дзяцел адгукнецца.


Зварухне і перагорне ліст

На асінцы сытая спякота.

Дрэмле заяц.

Дрэмле дзік і ліс,

Дрэмлюць і ласі сярод балота.


Я і сам, згрызот сваіх пастух,

Чарамі ляснымі разагрэты,

Ад лянотнай млявасці распух

Пасярод суквецістага лета.


Тут, у сховах дрэў, кустоў і траў,

Свет сябе выспельваў і пладзіўся,

Нібы я не жыў, не бедаваў,

Нібы я яшчэ не нарадзіўся.


Быў я свой між соснаў і ялін,

Родзічам табе, мураш рухавы.

Нібы той далёкі славянін,

Што яшчэ не знаў пакут і славы —


Неба і зямлі слухмяны сын.

I яму, пад бок паслаўшы травы,

Мяккі ліпень лашчыў зрок і слых

На глухіх выжарынах лясных.


img_9356_2.jpg

* * *


Ад спёкі летняй

Дол ачах.

Буслы спачылі

За ракою

На цёплых

Жнівеньскіх стагах

У насцярожаным

Спакоі.

Туман,

Асмужаны ледзь-ледзь,

Плыве

На поплаў і балота…

I трэба

Ногі адагрэць

Перад вялікім

Пералётам.

А мо надыхацца

Ім трэба

Настоем траў

Пад родным небам,

Каб водар гэты

Іх прывёў

З далёкай далечы

Дамоў.


img_3017_edited.jpg


Аркадзь Куляшоў

Сланечнік


Сланечнік нам у твары дыхаў цветам,

Мы прыкмячалі летняю парой,

Што ён штодня за сонцам водзіць следам

Сваёй агністай, жаркай галавой.


Што першым ён прыход яго вітае,

I апаўдні стаіць з ім твар у твар,

I першым долу галаву схіляе,

Як коціцца за лес агністы шар.


Ён так стамляўся, наш сланечнік мілы,

Так шчыра сустракаў ён ночы цень,

Як быццам два крутыя небасхілы

Ён разам з сонцам абышоў за дзень.


У сінь нябёсаў просіцца нямала

Сланечнікаў. I верыць я гатоў,

Што гэта сонца так параскідала

Па ўсёй зямлі малых сваіх братоў.


img_1787_1.jpg


Пятро Глебка

На рэчцы


На небе ані хмары...

Такой часінай дня

Густая, быццам пара,

Стаіць гарачыня.


Замерлі дрэў макушкі,

Не зварухнецца ліст;

Пявучай самай птушкі

Замоўк апошні свіст.


Адно пярэстым роем

Ля самае зямлі

У каляровых строях

Лятаюць матылі.


Ды трапяткія хвалі

Вясёлай чарадой

Спяваюць, як спявалі,

Гамоняць з асакой.


І вее прахалодай

Ад чыстае ракі,

І па жывыя воды

Спяшаюць хлапчукі.


Ад променяў пякучых

У глыб вады рачной

Яны з высокай кручы

Ныраюць з галавой.


Ляцяць навокал пырскі,

І жвавыя кругі

Бягуць і мыюць блізкі

І дальні берагі.


І ў дружны хор шчаслівы

Зліваецца шчыльней

І гоман хваль шумлівых,

І звонкі смех дзяцей.


photo_2024_05_29_06_36_05.jpg


Язэп Пушча

Лета


Люблю я радасць першых навальніц,

Калі пярун гартуе, вострыць стрэлы

І сыпле з горна іскры бліскавіц,

Каб мы і нашы сэрцы не старэлі.


Ад сонца шчокі лета загарэлі,

Запунсавеў на вуснах сок суніц.

У лузе васількі мяне сустрэлі,

З блакітнымі напіўся я з крыніц.


Пасцелены квяцістыя абрусы,

Збіраюць пчолы сонечны нектар,

Ляцяць з абножкам і нясуць нам дар.


Такога лета, як на Беларусі,

З такой ласкавай, цёплаю душой

Нястомна я ў жыцці шукаў і не знайшоў.


img_3089_edited.jpg


Максім Багдановіч

***


Вечар на захадзе ў попеле тушыць

Кучу чырвоных кавалкаў вугля;

Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,

Не скалыхнуцца ні траўкай паля;

Цёмныя цені даўжэй у лагчыне,

Птушкі прыстаўшай марудней палёт;

Сумна плыве маладзік бледна-сіні

Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд;

Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна,

Збожжа пакрылася шызай расой...

Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,

Хоць бы на момант спачынем душой!


img_2098_edited.jpg

***

Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,

Улажылі спаць мяне вы на зямлі.

Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,

Ў небе месяца праглянуў бледны рог,

Ў небе ціха зоркі расцвілі.


Знічка коціцца агністаю слязой,

Прашумела мякка скрыдламі сава;

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расце трава.


img_9420_2.jpg

Раіса Баравікова

***

Усцешна слізгане над жытам

маркотнай кнігаўкі крыло,

я не шукаю ў перажытым

загубленых надзей святло.

Яшчэ разгублена нямнога,

яшчэ растрачана няўзнак,

хоць і бяжыць мая дарога

не па прамой, а наўскасяк.

Яшчэ душа мая наросхліст

і, як знаёмую, здалёк

пад бесклапотны ветра посвіст

мяне вітае васілёк.

І нездарма! Я сэрцам рада

і гэтай кветцы, і граку,

што сочыць за маім паглядам,

прысеўшы на сухім суку.

Ах, камячок, жывы i пудкі!

Ты зразумей, я тут  не госць!

За кожнаю галінкай гнуткай

мая гуляе маладосць.

Я пакланюся сёння долі

ў парыве новым пачуцця:

вядзе мяне мой лёс па полі,

як маці па жыцці дзіця.