Беларусь, якая чакае. Нарачанскія сцежкі (ФОТА)

Літаральна праз пару гадзін пасля публікацыі пра вандроўку на Браслаўшчыну мы атрымалі адразу некалькі лістоў з адной і той жа замовай, якая была дакладна чаканай і прадказальнай. Таму неадкладна выправіліся ў наступнае падарожжа ў чарговы прыгожы куток Беларусі, што таксама вабіць турыстаў і вядомы аніяк не менш за Браслаў. Напэўна, вы ўжо здагадаліся — нас чакае Нарачанскі край! Паехалі!

_belarus_naracz_pasjolak_pracjah_2024_fota_novy_czas.jpg

Адразу падкрэслім, што гэтая наша вандроўка была спланаваная менавіта як шпацыр і адпачынак для вачэй і душы, бо працяглая спёка не надта спрыяе наведванню гістарычных месцаў і знаёмствам са скарбамі мінуўшчыны. Месцаў, прызначаных для адпачынку і кемпінгаў, на Нарачы хапае, але ж прыязджаць знянацку ў спадзевах знайсці добры куток пад соснамі мы не раім — лепш паклапаціцца аб усім загадзя. Затое якая прыгажосць вас чакае!

Аматары Нарачы добра ведаюць, што апроч самога возера адной з галоўных мясцовых каштоўнасцей з’яўляюцца лясы, якія падыходзяць амаль да самой вады. Практычна па ўсім беразе пракладзены турыстычныя сцежкі з месцамі для адпачынку і цікавосткамі, так што хадзіць можна даволі працяглы час. Водар летніх соснаў натуральна можна есці лыжкай!

Калі будзеце вандраваць па гэтым маляўнічым краі, асабліва, калі ў вас ёсць не адзін дзень, не забывайцеся збочваць з шашы пры любой магчымасці — шмат чаго можна пабачыць толькі так. Нагадваем, што гэта нацыянальны парк, і намёты можна ставіць толькі ў спецыяльна прызначаных месцах, якіх тут хапае. 

Згадзіцеся, бачыць такі лес і не пахадзіць па ім — справа невыканальная. Спёка тут амаль не адчуваецца, з Нарачы троху падзьмувае ветрык, сухія галінкі не ламаюцца, а мякка тонуць у зялёным моху. І што самае дзівоснае — аніводнага камара ці авадня! Аб чароўным водары мы ўжо прыгадвалі, але тут нават прыйшла думка здабыць недзе слоік з крышкай, набраць да верху гэтага паху, надзейна схаваць і ўзімку патрошачку насалоджвацца ўспамінамі.

Вядома, не ўсім да спадобы лясная рамантыка ў намёце ля вогнішча і шмат хто абірае больш «цывілізаваны» характар адпачынку. Дзеля такіх гасцей на Нарачы маецца больш за дзясятак рознага кшталту санаторыяў, невялікіх гатэляў ды і проста ўтульных домікаў пасярод лесу, а яшчэ здымныя пакоі ў курортным пасёлку, які носіць досыць непрадказальную і дзівосную назву Нарач. 

Упершыню мы зараз будзем выбачацца! Па дарозе ў курортны пасёлак Нарач мы даволі скептычна ставіліся да таго, што ўбачым, і не планавалі рабіць шмат фота. Ну, што там можа быць цікавага? Напаўсоннае ціхае правінцыяльнае мястэчка... Выбачаемся! Пагуляўшы ля берагу, можам дакладна сказаць, што месцамі  прыляталі моцныя флэшбэкі з Балгарыі ці нават Грэцыі. Чыста, прыгожа, хочацца тут застацца на некалькі дзён мінімум. Такая вось неспадзяванка! Глядзіце самі.

Праз пасёлак праходзіць месцамі незаўважная, але досыць працяглая экалагічна-турыстычная сцежка амаль да самага Антанізбергу — вось дзе можна насалодзіцца вечаровымі пешымі шпацырамі напоўніцу. Удзень летам тут троху спякотна, але ж таксама можна добра пабавіць час у актыўным адпачынку. Не забудзьцеся на фотаапарат ці смартфон!

Надышоў час накіравацца на паўночна-ўсходнюю частку возера, дзе месціцца сапраўдны і вельмі цікавы дэндрапарк. На адносна невялікай тэрыторыі сабрана шмат раслінаў з самых розных куткоў свету і нават ёсць музей лесу. Шкада толькі, што шапік з прахаладжальнымі напоямі няўмольна і даўно закрыты, хаця зараз вось самы час для бойкага гандлю. Тым не менш, дэндрапарк — абавязкова да наведвання!

Гэты абзац мы настойліва раім прапусціць аматарам рыбалкі! Справа ў тым, што зараз гутарка пойдзе аб адной вельмі нечаканай цікавостцы, якую мы бачылі на свае вочы. І вы гэты таксама ўбачыце. У глыбіні нарачанскага дэндрапарку ёсць досыць прыгожая стылёвая сажалка з невялікім мосцікам. Але ж яе галоўная адметнасць не ў маляўнічым пейзажы і інстаграмным мосціку. Тут жывуць дрэсіраваныя карасі! Так, гэта не абдрукоўка і не памылка. Калі толькі чалавек заходзіць на мосцік — да яго адразу з усіх бакоў нясуцца статкі карасёў самых розных памераў. Рыбы прызвычаіліся да пачастункаў з боку наведвальнікаў і не прапускаюць аніводнай магчымасці атрымаць нешта смачнае. Вядома ж, рыбалка тут забаронена. Будзеце планаваць наведванне — не забудзьцеся ўзяць батон-другі! 

У чарговы раз зірнуўшы на мапу, заўважылі яшчэ адное адметнае месца зусім недалёка, якое спачатку прапусцілі. Такіх цікавостак зусім няшмат на Беларусі, таму хутка выпраўляемся туды. Мусульманскія могілкі ў некалькіх сотнях крокаў ад берага Нарачы мы абмінуць не здолелі. Ціхае, прыбранае і дагледжанае месца, дзе яшчэ раз усведамляеш роўнасць людзей перад непазбежным і неістотнасць колеру скуры ды рэлігіі.

Ля Нарачы яшчэ ёсць некалькі азераў — Мястра, Белае, трошкі далей месцяцца Вялікія і Малыя Швакшты. Ёсць сярод чаго абраць месца для адпачынку ды перазагрузкі, і мы спадзяемся, што раней ці пазней вы таксама наведаеце гэты цудоўны край. А нам час збірацца ў адваротны шлях.

Вечаровыя палі змяняюцца лясамі, часам дзесьці срэбрам мільгане невялічкая рачулка ці сажалка. Між волі прыгадваецца верш Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край», і мы хуценька знаходзім у сваім плэй-лісце адпаведны спеў Тодара Вайцюшкевіча. Паспрабуйце зрабіць неяк невялікі аўтапрабег надвячоркам па летняй дарозе ў беларускай глыбінцы з такім аўдыёсуправаджэннем. Пачуцці проста неверагодныя! А на апошніх нотах спева мы ўбачылі вось такую чароўную прыгажосць. Сапраўды выдатны фінал цудоўнага дня на Беларусі! Пішыце нам і мы хутка зноў убачымся!


Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па роднаму краю. Распавядзіце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.