Раскіданае гняздо Беларусі

За сваё жыццё Янка Купала напісаў нямала значных — і знакавых для беларускай літаратуры твораў. Але «Раскіданае гняздо» стаіць асобным у гэтым шэрагу. Сям'я класіка зведала на сабе выгнанне і беспрытульніцтва, і ў яе лёсе Купала ўвасобіў гісторыю ўсёй Беларусі.

Акно хаты на радзіме Купалы ў Вязынцы. Фота «НЧ»

Акно хаты на радзіме Купалы ў Вязынцы. Фота «НЧ»

Студэнтам на філфаку, бывала, мне дастаткова было сказаць, што ў тым ці іншым творы адлюстраваны лёс Беларусі — і палова адзнакі была ў кішэні. Фраза гэтая — пра Беларусь у творах — стала настолькі зацяганай, што набіла аскоміну не аднаму пакаленню выпускнікоў філфакаў краіны, літаратуразнаўцаў і крытыкаў. Пераплюнуць яе, бадай што, можа толькі «аўтар хацеў сказаць...».

Я не ведаю дакладна, што хацеў сказаць сваімі творамі Янка Купала — я не жыў у тую эпоху, не піў з ім гарбаты ці чаго памацней, не чуў ягоных думак на гэты конт. Але пра лёс Беларусі — гэта да бабкі не хадзі, ёсць там, канешне, і болей за тое — менавіта болем за родную зямлю і сваіх людзей пранізана ўся ягоная творчасць. Гэта адтуль пайшлі «тутэйшыя», адтуль «а хто там ідзе — беларусы», адтуль — «людзьмі звацца»... Дзіўна, як гэта сённяшнія «ўлады» яшчэ Купалу не забаранілі.


Глядзіце таксама

І ў школе, і ва ўніверы, і па-за імі з Купалам носяцца як з пісанай торбай — маўляў, народны паэт, «наша ўсё». І ніхто дакладна, даходліва не можа патлумачыць, чым Купала круты і за што мы яго любім. 

Школьнікі чытаюць «Курган» і «Магілу льва», «Бандароўну», «Паўлінку», «Раскіданае гняздо», вучаць вершы на памяць, завучваюць да аўтаматызму біяграфію паэта, каб атрымаць высокі бал за стараннасць і паслухмянасць, і з ведамі пра «сялянскага паэта» і «песняра беларускай вёскі» ідуць далей па жыцці. А потым здараецца нешта — скажам, 2020 год, — і вось ужо ў хаце тваёй шэрыя быкі танчаць карагоды, а потым скачуць па краіне і топчуць ручнікі, сцягі, усё, што было для цябе святым, тваім, родным. Азірніся — а нікога больш няма вакол, раз'ехаліся-разбегліся ад пажарышча, дзе засталося толькі гора. Толькі гора, якое душыць людзей.

Настаўнік пра гэта не скажа. Ды і выкладчыка за такое па галоўцы не пагладзяць. А даросламу самому давядзецца даўмецца, чаму Купалавы творы так лёгка кладуцца на сённяшні дзень. Нікуды не падзеліся ні імперыя з яе крывавай ненажэрнасцю, ні прадажныя халуі, з якімі праўды не знойдзеш нават у судзе, ні пустыя, фанабэрыстыя «панічы», якія, як галінкі ў дрэў, праз калена ламаюць чужыя лёсы з-за сваёй прыхамаці. Не зніклі і тыя, што за адно слова беларускае гатовыя нявечыць. Сто гадоў прайшло, гісторыя зрабіла кола — і вось мы зноў у раскіданым гняздзе, не можам дамагчыся праўды і вар'яцеем ад болю і несправядлівасці.

Купала асабліва не хаваўся, прамаўляючы патрэбнае яму назвамі, імёнамі, характарамі — і наўпрост праз вусны сваіх герояў. І ў гэтым сэнсе п'еса «Раскіданае гняздо» — мабыць, самая гаваркая з усіх. Народны паэт уявіў беларусаў зяблікамі — гэтымі маленькімі прыгожымі птушкамі, чые хаткі і жыцці так лёгка разбурыць пры адным толькі жаданні таго, хто мае больш сілы і ўлады. І вось мы бачым, як сабраны з тысяч партрэтаў Лявон ад адчаю накладае на сябе рукі, а такая блізкая і знаёмая нам усім Марыля пасля гэтага вымушаная пераступаць праз уласны боль і хваробы, каб «падняць» дзяцей. 


Глядзіце таксама

«Служыць і жабраваць! Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зямелькі. Вечна думалі жыць, а цяпер! Цяпер сын і ўнукі служыць і жабраваць... гаспадарскія сын і ўнукі», — прамаўляе Лявон перад тым, як засіліцца. І гэта адзін з самых трагічных і яркіх момантаў у п'есе, дзе кожнае слова працуе на тое, каб зрабіць аб'ёмнай, жывой і адчайна блізкай нам гісторыю, якая з незайздросным пастаянствам паўтаралася на Беларусі не адно стагоддзе. «Служыць і жабраваць» гучыць як наканаванне, як праклён, насланы невядомай злой вядзьмаркай да моманту, пакуль мы не выкупім свой грэх.

«Што за грэх?» — спытаеце вы. І на гэта Купала меў свой адказ. Ён ужо не аднойчы лунаў у беларускім паветры, гучаў на нашых вуліцах, рабіўся сімвалам таго, за што раней беларусы браліся за сякеры і косы, а цяпер рызыкуюць жыццямі з голымі рукамі. 


Хто ты гэткі?

— Свой, тутэйшы.

Чаго хочаш?

— Долі лепшай.

Якой долі?

— Хлеба, солі.

А што болей?

— Зямлі, волі.

Дзе радзіўся?

— Ў сваёй вёсцы.

Дзе хрысціўся?

— Пры дарожцы.

Чым асвенчан?

— Кроўю, потам.

Чым быць хочаш?

— Не быць скотам...


«Не быць скотам», «людзьмі звацца», жыць на сваёй зямлі, мець свой кут. «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне». Бадай што гэта нам цяперашнім знаёма як ніколі — у часы, калі краіну паглынае імперская пашча, а памагатыя д'ябла выганяюць нас з уласных хат і гоняць на чужыну. І вось мы ўжо, як тая Марыля з дзецьмі, беспрытульныя бадзяемся па свеце ў пошуках лепшай долі, што, можа, для кагосьці і магчымая — і хай, дай божа, знойдзецца тым, хто шукае, — але ў большасці сваёй немагчымая без родных дарог, вуліц, рэк і бяскрайняга беларускага неба, якое самае сіняе, безумоўна, толькі тут, самае прыгожае і самае незабыўнае.


Глядзіце таксама

І пакуль хлопец з апостальскім імем Сымон прамаўляе важныя для ўсіх нас рэчы і ідзе на змаганне за Бацькаўшчыну, іншым, тым, хто застаўся, дапамагае адвечная жыццёвая мудрасць, увасобленая ў вобразе Старца: «Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі не трэба здавацца. Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе». Здаецца, банальна, але факт: злое рана ці позна заканчваецца, чорная паласа змяняецца белай, пасля буры вызірае сонца, пасля ночы наступае дзень. І хоць Купала не дае асабліва надзеі і аптымізму ў сваім творы, але ў фінальных радках можна пабачыць прыхаваны спадзеў на тое, што заклік будзе пачуты — і змаганне за Бацькаўшчыну скончыцца перамогай. Бо калі не, тады беларусам, як тым будыстам, наканавана адвечна хадзіць па коле Сансары і шукаць выйсця ў жаданую выратавальнасць.