«Беларусь, якая чакае». Вясна на радзіме Купалы (фота)

«Новы Час» працягвае падарожжы па роднай краіне ў межах праекта «Беларусь, якая чакае». У мінулыя выходныя мы вырашылі не марнаваць час сярод каменных «чалавейнікаў» і праклалі чарговы маршрут да радзімы нашага таленавітага земляка паэта Янкі Купалы. Вязынка, сустракай!

_belarus_vjazynka_mjasciny_2023__fota_novy_czas__1__logo.jpg

Сёлета надвор’е не надта цешыць беларусаў, але на гэтыя дні прырода не запланавала для нас дажджоў ці снега, хаця ранак сустрэў прахалодай. У Вязынцы сонца ўжо клапатліва падвышала тэмпературу паветра — для аматараў пешых шпацыраў самае тое! Пераходзім мост праз канал і рушым да сядзібы.


Гэтае месца вельмі пазнавальнае для вялікай колькасці беларусаў, шмат хто бываў тут і неаднаразова. Але кожны раз яно абуджае нейкія новыя, дагэтуль невядомыя, пачуцці. Асабліва ўвесну, як сёння, калі прырода прачынаецца пасля доўгай зімы.


Крочым уздоўж берага і насалоджваемся чысцюткім паветрам, слухаем рознагалоссе птушак. І неяк адразу ўсведамляецца, што нідзе ў іншым месцы Купала нарадзіцца проста не мог. У Беларусі шмат прыгожых мясцін, але ж толькі Вязынка магла стаць калыскай Купалы-паэта.


Яблыневы сад пакуль толькі рыхтуецца заззяць бела-ружовым кіпнем, але ўжо зусім хутка тут будзе вельмі прыгожа. Хто ведае, можа і атрымаецца вярнуцца сюды яшчэ раз на белую травеньскую завіруху... Глядзім і ўяўляем!


Канечне, немагчыма быць у Вязынцы і не завітаць на знакамітае Вязынскае гарадзішча. 18 стагоддзяў таму тут ужо жылі людзі. Здаецца, нягледзячы на тое, што ў 1952 годзе тут адбываліся невялікія археалагічныя даследаванні, гэтыя месцы яшчэ надзейна хаваюць свае тайны.


У гэтых мясцінах час нібыта запавольваецца. Хочацца бясконца хадзіць па шматлікіх сцежачках, сядзець на старажытных валунах, проста глядзець на ваду і дыхаць, дыхаць вольным паветрам. Некаторыя сцвярджаюць, што для іх тут сапраўднае «месца сілы».


Нягледзячы на выходны дзень людзей тут амаль няма. З аднаго боку, трохі крыўдна, што лецішчы і шашлыкі пакуль больш прывабныя для большасці гараджан, але ж з іншага боку, — нам пашанцавала вольна і спакойна наведаць такі прыгожы куток, пашаптацца з наваколлем, паназіраць за птушкамі. Насамрэч Вязынка — улюбёнае месца для людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю. Тут шмат гадоў ладзяць Купалле, Багач, Гуканне Вясны, і вось падчас гэтых святаў тут натуральна яблыку няма дзе ўпасці.


Але ўсё добрае (і нядобрае) калісьці скончваецца і надыходзіць час развітвацца. Вязынка — гэта не чарговая птушачка «я тут быў». Вязынка — гэта «я сюды яшчэ вярнуся! І не аднойчы...»


На шляху дадому немагчыма было не спыніцца і не сфатаграфаваць такую прыгажосць. З гэтым краем немагчыма развітацца!


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.