Шрайбман: Асноўная мэта змен у Крымінальны кодэкс — стрымліванне

Палітычны аналітык не чакае асаблівага ўсплёску рэпрэсій праз прынятыя змены ў крымінальнае заканадаўства Беларусі. На яго думку, такім чынам улада сігналізуе грамадству і чыноўнікам, што рабіць можна, а ад чаго варта ўстрымацца.

За што могуць пакараць смерцю? Глядзіце папраўкі ў КК. Ілюстрацыйнае фота.

За што могуць пакараць смерцю? Глядзіце папраўкі ў КК. Ілюстрацыйнае фота.


На Нацыянальным прававым партале 14 сакавіка апублікавалі закон «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», згодна з якім Крымінальны кодэкс, у прыватнасці, дапаўняецца такімі артыкуламі, як «прапаганда тэрарызму» (арт. 289-1), «дыверсія» (дадатак да арт. 360) і «дыскрэдытацыя Узброеных сіл РБ» (дадатак да арт. 369-1).

Апроч таго, журналісты заўважылі, што па артыкулах за дзяржздраду і акты тэрарызму пажыццёвае зняволенне не можа прымяняцца як альтэрнатыва смяротнага пакарання.

Ці чакаць новага вітка рэпрэсій у Беларусі ў сувязі з новымі артыкуламі ў Крымінальным кодэксе? І на каго могуць распаўсюджвацца гэтыя папраўкі? «Салідарнасць» спытала пра гэта ў палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана.

— Я думаю, што любыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўносяцца з 2020 года, не варта разглядаць як тое, што ўлада рыхтуецца кагосьці па іх саджаць, — зазначыў эксперт. — Дагэтуль улады маглі знайсці з дзясятак іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса, паводле якіх людзей можна было прыцягнуць як і за «прапаганду тэрарызму», так і за «дыскрэдытацыю Узброеных сіл».

У Беларусі ўжо даўно існуе артыкул «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», і пры вялікім жаданні можна сюды ўпісаць і «дыскрэдытацыю арміі» і без таго, каб дадаваць нейкія папраўкі ці новыя артыкулы. Тое ж тычыцца «прапаганды тэрарызму» — заўсёды можна падвесці гэта пад «распальванне варожасці» або «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».

Шрайбман падкрэслівае: новыя фармулёўкі ў Крымінальным кодэксе не азначаюць новай хвалі рэпрэсій у Беларусі.

— Гэта ўсяго толькі сігналы з боку ўлады аб тым, што канкрэтна ў гэты бок цяпер казаць небяспечна. Небяспечна крытыкаваць войска, бо ўлада за гэтым назірае. То-бок гэта такі стрымлівальны фактар.

Тое ж самае тычыцца смяротнага пакарання для чыноўнікаў.

Не думаю, што чыноўнікаў, якія нешта скінулі ў «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал, будуць цяпер павальна караць смерцю. Гэта ў першую чаргу стрымлівальны фактар, каб людзі баяліся нават думаць у гэты бок.

У гэтым сэнсе ўсё збольшага зроблена як пад капірку з законаў у Расіі (там цяпер шырока ўжываецца закон аб дыскрэдытацыі арміі). Там таксама гэта рабілася ў першую чаргу, каб паўплываць на грамадства і прастымуляваць людзей маўчаць.

Гэта значыць, мэты гэтых законаў, можна сказаць, «выхаваўчыя», яны накіраваны на тое, каб прымусіць грамадства паводзіць ці не паводзіць сябе пэўным чынам, — заключае аналітык.