Кнігі, экстрэмізм і «відавочнасць выказванняў»
Каб знайсці экстрэмізм, чальцы камісіі выкарыстоўвалі «лінгвакагнітыўны, інфарматыўна-мэтавы і інтэнцыяльны метады». А кіраўніку ГУБАЗіКу такія метады і не спатрэбіліся — ён можа ўбачыць экстрэмізм і без экспертызы.
Суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ўжо другую кнігу пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Апошняя кніга Пана А», якая выйшла ў 2020 годзе.
Учора, 14 сакавіка, стала вядома пра прызнанне шэрагу кніг і часопісаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Новыя ў спісе — яшчэ адна кніга Альгерда Бахарэвіча, нумары часопісаў «Arche Пачатак» і «Наша гісторыя» і каляндар «Не маўчы па-беларуску» за 2021 год.
Альгерд Бахарэвіч учора адрэагаваў на прызнанне чарговай кнігі экстрэмісцкай: «Што ж, тое, што яны называюць «экстрэмізмам», у кнізе і праўда ёсць. Мая свабода».
«М*дыязона» атрымала дакумент, на аснове якога адбываецца гэтае «прызнанне» літаратуры.
«Апошняя кніга пана А.» складаецца з 30 казак, якія распавядае купцу-выдаўцу пісьменнік, які трапіў у доўг. Кніга была выдадзена ў 2020 годзе, у 2022 годзе выйшла перавыданне.
Прыкметы экстрэмізму
9 лютага 2023 года ў суд Цэнтральнага раёна Мінска прыйшоў ліст ад начальніка галоўнай управы ГУБАЗіК Андрэя Ананенкі з заявай «аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Каб вынесці сваё заключэнне, члены камісіі чыталі кніжку казак пра пісьменніка, выкарыстоўваючы «лінгвакагнітыўны, інфарматыўна-мэтавы і інтэнцыяльны метады». Калектыву давялося, як паведамляе гэтая заява, улічыць «дыферэнцыяцыю базавых інфармацыйных слаёў тэксту». Пасля гэтых працэдур 29 жніўня 2022 года камісія вызначыла, што ў кнізе Бахарэвіча «змяшчаюцца прыкметы, якія можна ідэнтыфікаваць як экстрэмісцкія».
15 абзацаў супрацьдзеяння
Пасля заключэння ў дакуменце цытуецца 15 абзацаў першага артыкула з закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». У іх пералічана, што ўваходзіць у «экстрэмісцкую дзейнасць». Дакумент таксама нагадвае, што экстрэмізм — гэта «дзейнасць грамадзян па планаванні і здзяйсненні замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку».
Экспертыза не патрэбная, экстрэмізм відавочны
Вокладка кнігі «Апошняя кніга Пана А»
Затым ідзе выснова: «Правядзенне экспертызы па матэрыялах немэтазгодна ў сувязі з відавочнасцю выказванняў».
Далей ідзе спасылка на некалькі абзацаў з артыкула 19 «Супрацьдзеянне прапагандзе экстрэмізму і распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў» таго ж закона.
У іх пазначана, што публічная дэманстрацыя, захоўванне і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў забароненыя, а сілавікі могуць адбіраць або накладваць на «інфармацыйную прадукцыю» арышт.
Суд абавязаны разгледзець заяву ў парадку асобай вытворчасці, а рашэнне суда, якое ўступіла ў сілу, з’яўляецца абгрунтаваннем для знішчэння інфармацыйнай прадукцыі, то бок кніг.
«Прашу прызнаць экстрэмісцкім матэрыялам»
Ананенка робіць выснову, што названыя матэрыялы «падпадаюць пад вызначэнне экстрэмісцкай дзейнасці» і просіць суд прызнаць кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і даручыць Міністэрству інфармацыі ўнесці яе ў «Рэспубліканскі спіс».
6 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў раман пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Апошняя кніга Пана А» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў выданне з’явіліся праз восем дзён, разам з дзевяццю нумарамі часопіса «Наша Гісторыя», трыма нумарамі часопіса Arche і календаром «Не маўчы па-беларуску» за 2021 год.
Паводле «М*дыязоны»