Суд адмовіў Паўлоўскаму ў іску да Магілёўскага ДБК

13 мая суддзя Кастрычніцкага суда Магілёва Аляксандр Раманаў адмовіў у задавальненні іску муляра Аляксея Паўлоўскага да начальніка аддзела кадраў Магілёўскага домабудаўнічага камбіната Іны Загурскай. Паўлоўскі абвінавачваў яе ў знявазе гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.



bb8c5817cf40e7a0edcd5a0605cf7d2e.jpg

А можа яна і не такая сляпая?

У лістападзе 2011 года суд Ленінскага раёна горада разглядаў іск Паўлоўскага да Магілёўскага ДБК, які адмаўляўся прыняць яго на працу па накіраванні службы занятасці. Тады ісцец палічыў, што парушаны яго працоўныя правы і ён дыскрымінуецца за сваю актыўную грамадскую і прафсаюзную дзейнасць. Бок адказчыка прадстаўляла Іна Загурская. Яна заявіла, што Паўлоўскі 80% працоўнага часу праводзіў у размовах, ёй вядомы негатыўныя наступствы прыёмаў яго на працу і адмова заяўніку ў працаўладкаванні была абумоўлена, у прыватнасці, недапушчэннем дэстабілізацыі абстаноўкі на прадпрыемстве. Тады суд Ленінскага раёна прызнаў, што адказчык мае рацыю, і адмовіў Паўлоўскаму ў задавальненні іску.
 

Заяўнік жа ўгледзеў у словах Загурскай знявагу і падаў на яе ў суд Кастрычніцкага раёна. Выступаючы сёння на судовым пасяджэнні, Паўлоўскі адзначыў, што з'яўляецца мулярам 5-га разраду, пераможцам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па сваёй спецыяльнасці, шмат гадоў перадаваў будаўнічае майстэрства маладому пакаленню, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці краіны. Ён патрабаваў прадставіць доказы аб 80-працэнтнай страце ім працоўнага часу ў размовах, а таксама факты негатыўных наступстваў яго прыёмаў на працу, дэстабілізацыі абстаноўкі ў працоўных калектывах.
 

На судзе Загурская пацвердзіла, што гаварыла пра 80% страт Паўлоўскім працоўнага часу ў размовах, аднак не змагла растлумачыць, адкуль яна ўзяла гэтыя лічбы. Яна таксама заявіла, што сваімі выказваннямі не зневажала яго. Па астатніх пазіцыях Загурская адмовілася ад сваіх слоў, нягледзячы на тое што яны занесены ў пратакол судовага пасяджэння, да якога з яе боку не было заўваг.
 

Як расказаў БелаПАН Паўлоўскі, выносячы рашэнне аб адмове ў задавальненні іску, суддзя Раманаў растлумачыў гэта тым, што на пасяджэнні суда Ленінскага раёна Загурская прадстаўляла не сябе, а юрыдычную асобу, гэта значыць гаварыла не ад свайго імя, а ад імя Магілёўскага ДБК.
 

"Суддзя Раманаў у іску адмовіў па палітычных матывах. Калі б ён вынес рашэнне на маю карысць, то паказаў бы, што чыноўнікам і ўсялякім ідэолагам нельга паліваць брудам апанентаў. Цяпер жа, паводле яго логікі, атрымліваецца, што калі чалавек прадстаўляе нейкую арганізацыю або прадпрыемства, то ён можа зневажаць каго заўгодна і не несці за гэта персанальнай адказнасці", — заявіў Паўлоўскі, паабяцаўшы абскардзіць рашэнне з мэтай прыцягнення да адказнасці і Загурскай, і Магілёўскага ДБК.
 

"Наяўнасць даверанасці выступаць ад імя наймальніка не дае права прыніжаць і ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю каго б там ні было", — пракаментаваў рашэнне суддзі Раманава магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН