“Справаводства па-беларуску!” за мову судовай вытворчасці
Грамадзянская ініцыятыва “Справаводства па-беларуску!” пачала кампанію па пашырэнню беларускамоўнага справаводства ў грамадзянскай судовай вытворчасці.
Яна ладзіцца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”, зазначыў старшыня ініцыятывы Ігар Случак. Актывісты прапануюць грамадскасці прыклады асноўных іскавых заяў па-беларуску.
Такім чынам, лічыць Ігар Случак, будзе пашырана выкарыстанне беларускай мовы ў судовых інстанцыях:
— Галоўны падтэкст у тым, каб паказаць людзям, што беларускую мову можна выкарыстоўваць ва ўсіх сферах — у афіцыйнай і дзелавой сферы ў першую чаргу. Будуць прыклады іскавых зваротаў, якія з'явяцца ў вольным доступе. Я думаю, што кожны чалавек зможа знайсці і раздрукаваць іх.
У бліжэйшы час актывісты грамадзянскай ініцыятывы плануюць прадставіць да 50-ці прыкладаў іскавых заяў па-беларуску. Яны будуць выкладзеныя ў інтэрнэт для свабоднага карыстання.
Першыя беларускамоўныя іскавыя заявы ўжо падрыхтаваныя для спампоўвання, паведаміў Ігар Случак. Праз некаторы час плануецца запусціць спецыяльны сайт.
Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя