Сябры і калегі Бушлякова: Юрася нам вельмі не хапае
4 чэрвеня мінае год пасля смерці беларускага журналіста і філолага Юрася Бушлякова. Пра маштаб страты гавораць ягоныя сябры і калегі.
Глеб Лабадзенка, журналіст, сябра і паслядоўнік Юрася Бушлякова:
«Гэты год, які мінуў, мне вельмі не хапала Юрася ў двух розных аспектах. Па-першае, як сябра, як блізкага і любімага чалавека, як чалавека
ўнікальна мяккай душы, як чалавека, ад якога я ніколі не чуў крыку альбо брыдкага слова. І, па-другое, як аднаго з найлепшых беларускіх філолагаў,
лінгвістаў, якому я найбольш у гэтым свеце давяраў у справе беларускай мовы. Як не раз казалі іншыя яго сябры, здараюцца моманты, калі
ты думаеш — а што б сказаў Юрась пра гэта, як тут правільна напісаць, як тут слушна зрабіць?..
На курсах „Мова нанова“, што мы вядзем з Алесяй Літвіноўскай, якая, дарэчы, вучылася разам з Юрасём Бушляковым, мы вельмі часта прыгадваем яго як публічна — рэкламуючы кнігу „Жывая мова“, якую выдала Радыё Свабода, уключаючы голас Юрася, захаваны на электронных носьбітах дзякуючы Радыё Свабода, — так і непублічна, калі, абмяркоўваючы заняткі з Алесяй, кажам, што Юрась бы парадаваўся, што мы ўключылі нейкае ягонае любімае слова ці ўзялі для заняткаў ягоную любімую тэму. Я цягам гэтага году шматкроць прыходзіў на магілу да Юрася, таму што па суседству пахаваны мой дзед, і хоць бы так стараўся наблізіцца да сябра».
Зміцер Саўка, філолаг, сябра і калега Юрася Бушлякова:
«Юрась Бушлякоў для мяне, найперш, вялікі сябар. У нас была агульнасць не проста душэўная, чалавечая, а агульнасць ідэйная, якая ўсё мацавала, робячы Юрася першым
сярод маіх сяброў. Гэтая агульнасць — у разуменні таго, што такое мова, якое яна мае значэнне, і якія яе будучыя шляхі, і таго, як мова зможа
перамагчы, вярнуцца да грамадства.
Вядома, мы з ім спрачаліся, былі моманты, калі мы абсалютна не пагаджаліся, але ягоная нязгода са мною заўсёды схіляла мяне па-новаму зірнуць
на нейкія з'явы. Я спадзяюся, што і мая нязгода заўсёды глыбока западала яму і прымушала таксама штосьці перааналізаваць, яшчэ раз перагледзець, яшчэ раз
звярнуцца да аргументацыі і ацаніць, ці дастаткова яна моцная. Мы падчас спрэчак вельмі часта прыходзілі да высновы, што як апаненты мелі рацыю. Юрась
Бушлякоў — чалавек, з якім заўсёды можна было сумерыць сваю рацыю ці сваю нярацыю.
Я павінен прызнаць, што чалавека, які б так глыбока ведаў, з аднаго боку, народную мову, і з іншага — беларусазнаўчую, лінгвістычную літаратуру, я не сустракаў сярод маладых. Я ведаю, што ў Юрася не было вёскі, і ён не мог чэрпаць мову беспасярэдне. Тое, што Юрась быў чалавекам, які прыйшоў да гэтай веды праз кнігу, назіранні, пільнае ўслухоўванне ў мову людзей, дало мне надзею на тое, што без вёскі можа выгадавацца новае пакаленне беларускіх мовазнаўцаў, якія не мелі такога шчасця — гадамі чуць жывую мову. Здольнасць і адоранасць Бушлякова ў тым, што ён умеў аддзяліць праўдзівае ад непраўдзівага. Для лінгвіста гэта асабліва важная якасць. Ён даваў надзею на тое, што ў нас будзе цэлае пакаленне людзей, пазбаўленых жывой крыніцы мовы, аднак людзей, якім можна перадаверыць далейшы лёс мовы, бо яны захаваюць, данясуць, разаўюць тое, што было закладзена натураю мовы».