Рудкоўскі: Ва ўлады няма нават кароткатэрміновай стратэгіі самавыжывання
Дубінкай не распрацуеш праграмныя забеспячэнні і не народзіш якасны менеджмент, адзначае Пётр Рудкоўскі.
Лукашэнка зноў загаварыў пра магчымасць вяртання “беглых” і прапанаваў для кантролю над працэсам стварыць спецгрупу на чале з генпракурорам. Такі своеасаблівы “загрядотряд”, які будзе вырашаць — каго і на якіх умовах дапускаць у Беларусь.
Навошта раз за разам уздымаецца праблема “беглых” і адначасова нарошчваюцца рэпрэсіі ўнутры краіны? СНплюс пагутарыла з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
— Калі мы разважаем пра ментальны стан правіцеля краіны, то за пункт аднясення варта заўзятага азартнага гульца і гульні, дзе стаўкай з’яўляюцца палітычны ўплыў, улада і ў нейкім сэнсе жыццё. Такія людзі ўзалежненыя ад гэтага напружання і азарту, і, можна сказаць, не зацікаўлены ў знікненні ўсіх магчымых рызыкаў.
Але ўсё гэта не змяняе факту, што прывід 2020 года лунае ў паветры і ўтварае для рэжыму сур’ёзную праблему. Дакладней, наступствы 2020-га. Адным з наступстваў ёсць адток кадраў і выезд з краіны здольных і таленавітых людзей, якія маглі б папаўняць бюджэт сваімі буйнымі падаткамі і дапамагаць сістэме дапасоўвацца да новых выклікаў.
— Ці стваралі б спецкамісію на чале з генпракурорам, калі б сапраўды хацелі вяртання беларусаў з эміграцыі?
— Пра тое, што «беглыя» мусяць «паўзці на каленях», казалася год таму. Цяпер рыторыка іншая. Маўляў, там могуць быць і харошыя людзі, якія трошкі памыліліся, маўляў, мо варта падумаць пра хрысціянскую міласэрнасць.
Ідэя з камісіяй паказвае, наколькі сур’ёзна рэжым пачаў задумвацца над вяртаннем хаця б часткі эмігрантаў. І няцяжка здагадацца, чаму. Па падліках dev.by, за два апошнія гады з Беларусі з’ехала ад 16 да 23 тысяч айцішнікаў, і гэты трэнд працягваецца. А яшчэ ж ёсць і бізнесмены, і дактары, артысты, журналісты, вучоныя, і рознага роду спецыялісты. Усё гэта азначае адчувальную страту падатковых паступленняў.
Такі складаны працэс спараджае і праблемы з тэхнічна-менеджарскім абслугоўваннем сістэмы. Бо дубінкай не распрацуеш праграмныя забеспячэнні для дзяржустаноў і не народзіш якасны менеджмент для суб’ектаў гаспадарання.
Тое, што рэжым хацеў бы спыніць адток чалавечага капіталу і вярнуць хаця б частку страчанага — гэта, бадай, відавочна. Іншая справа: як зрабіць, каб «беглыя» вярнуліся, але не нарабілі новых клопатаў. Вось у гэтым месцы і нараджаецца ідэя нейкага «фільтру»: для тых, хто будзе вяртацца.
Гэта калі казаць пра матывы стварэння камісіі, дакладней, яе анонсу. Наколькі такая мера можа быць эфектыўнай — ужо іншае пытанне.
— “Мы ніколі не дапусцім гэтага шатання 2020 года”, — гучыць пагроза і канстатуецца, што будзе “жорсткая праца” супраць палітычных апанентаў унутры краіны. То-бок, маем прызнанне, што пратэсныя настроі ў беларускім грамадстве нікуды не зніклі? А значыць, рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца (“рэакцыя на вось гэтую ўнутраную не апазіцыю, а экстрэмістаў — вылезлі з-пад плінтуса, не вылезлі — будзе жорсткая. І няхай не крыўдзяцца: мы папярэджвалі”)?
— Калі браць гэтае канкрэтнае выказванне, то тут перадусім ішла гаворка ішла аб прафілактыцы, прадухіленні «шатанняў». Але ўскосна, бадай, так — яно сведчыць пра тое, што рэжым усведамляе наяўнасць пратэсных настрояў. Прыгадаюць адно красамоўнае выказванне ў красавіку мінулага года на нарадзе з топ-чыноўнікамі. Вось яно: «Вы что, забыли, что в 2020 году было? Или здесь три четверти людей сидит, которые рады тому, что произошло в 2020 году, и хотят повторения пройденного?». Гэтая фраза пра «тры чвэрці» з’явілася, хутчэй за ўсё, як прадукт нейкіх унутраных абмеркаванняў настрояў унутры дзяржапарату. Але і сам факт пастаяннага згадвання «шатанняў 2020», як ужо было сказана, ускосна сведчыць пра адчуванне пастаяннай прысутнасці рызыкі пратэстаў.
Ці будуць узмацняцца рэпрэсіі — тут цяжка сказаць. Ёсць сімптомы, якія сведчаць пра ўсведамленне неабходнасці нейкага перазапуску сацыяльнага кантракту, нармалізацыі адносінаў з грамадствам. Намёкі на стварэнне ўмоваў для вяртання з’яўляюцца адным з сімптомаў. Але дзеля гэтага рэпрэсіўная машына мусіла б спыніцца. Рэжым тое ўсведамляе, але адначасова баіцца, што гэта можа быць успрынята як праява яго слабасці.
— Ці прапануецца выхад з тупіка, у які загналі і краіну, і народ?
— «Выхад» можа быць стратэгічны, доўгатэрміновы, у якасці бачання аддаленай будучыні краіны, а можа быць кароткатэрміновым, тыпу «як дажыць да заўтра». Пра стратэгічнае бачанне зараз і казаць не прыходзіцца. Рэжым заняты праблемай самавыжывання — і гэта асноўны яго клопат. Можна хіба што ставіць пытанне: ці ў рамках кароткатэрміновай перспектывы прапануецца нейкі выхад? Напрыклад: спыненне рэпрэсій, перазапуск сацыяльнага кантракту і захаванне ўлады шляхам задобрывання грамадства з элементамі кропкавых рэпрэсій. Або: інтэнсіфікацыя рэпрэсій і забяспечванне стабільнасці сваёй улады паводле ўзору Паўночнай Карэі або сталінскага СССР. Ані першае, ані другое. Нават кароткатэрміновай стратэгіі самавыжывання не праглядаецца. Чыста сітуацыйнае манеўраванне.
Паводле www.sn-plus.com