«Раён застаецца пратэсным дагэтуль». Што вядома пра аблавы ў Фаніпалі

У жніўні 2022-га года сілавікі ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Фаніпалі. Лік фігурантаў гэтай справы ідзе ўжо на дзясяткі, распавядаюць праваабаронцы.

fanipal_zhniven_90_nz9gm.jpeg

Першаму затрыманаму прызначылі два гады калоніі, яшчэ некалькі чалавек у Дзяржынску асудзілі да «хатняй хіміі». Перыядычна супрацоўнікі ГУБАЗіКа ладзяць у Фаніпалі «хапуны», апошні з іх адбыўся 24 студзеня, падчас якога было затрымана каля 20 чалавек. Мясцовыя жыхары распавялі, што вядома пра «фаніпальскую справу» і пра храналогію пераследу ў гэтым гарадку.

Крымінальная справа па «народным» артыкуле і першыя суды

Затрыманні за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе пачаліся ў жніўні 2022 года. Першым быў затрыманы Міхаіл Кудлач. 12 жніўня 2022 года сілавікі апублікавалі «пакаяльныя» відэа з 34-гадовым Ігарам Пастуховым і 32-гадовым Юрыем Джэнжэрам. Мяркуючы па апублікаваным відэа, доказамі «блакіроўкі дарог» сталі сторысы аднаго з затрыманых у Instagram — на іх людзі ідуць па дарозе. Яны былі ў архіве профіля і знайшлі іх супрацоўнікі, хутчэй за ўсё, пасля «вывучэння» тэлефона мужчыны.

Затрыманых у жніўні 2022-га мужчын з Фаніпаля змясцілі ў СІЗА.

23 жніўня зноў адбыліся затрыманні. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа пры падтрымцы САХРа затрымалі трох мужчын за ўдзел у тых жа акцыях пратэсту ў 2020 годзе. З імі апублікавалі відэа. Сярод затрыманых — студэнт 4-га курса БДМУ Ягор Круглік.

22 лістапада 2022 года ў судзе Партызанскага раёну Мінска быў вынесены прысуд Міхаілу Кудлачу — першаму затрыманаму за фаніпальскія акцыі пратэсту — два гады калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса. Прысуд вынес Міхаіл Макарэвіч.

Наступныя суды над затрыманымі паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў Фаніпалі праходзілі ў судзе Дзяржынскага раёна. Студэнта 4-га курса БДМУ Ягора Кругліка суддзя Сяргей Крупец 20 студзеня асудзіў да двух гадоў «хатняй хіміі». У гэты ж дзень суддзя Раман Крыловіч прызначыў Дзмітрыю Бубену таксама два гады «хатняй хіміі». Вядома, што пракурор запрошваў ім па два гады калоніі.

У межах гэтай крымінальнай справы 1 лютага пачалі судзіць 32-гадовага Юрыя Джэнжэру. Справу разглядае суддзя суда Дзяржынскага раёна Таццяна Федчук. Яго абвінавачваюць у тым, што ў 2020 годзе ён перакрываў рух транспарту ў Фаніпалі — нібыта ішоў па дарозе падчас акцыі пратэсту. Па словах мясцовых жыхароў, на судзе няма іншых доказаў супраць яго, акрамя сведчанняў міліцыянтаў, якія праз два гады паказалі на яго, «нібыта акцыі пратэсту ў 2020 годзе былі ўчора». Пракурор запрасіў яму тры гады «хатняй хіміі».

2 лютага пачаўся судовы працэс у судзе Дзяржынскага раёна ў адносінах да 34-гадовага Ігара Пастухова. Справу разглядае зноў суддзя Таццяна Федчук. Доказамі па справе выступаюць два відэа: відэа N*xta, дзе нібы ён ідзе са сцягам, на другім — з рупарам пераходзіць дарогу. Наступнае пасяджэнне па справе прызначана на 15 лютага.

Затрымалі 60-гадовую жыхарку Фаніпаля за «экстрэмісцкія» рэпосты

4 снежня 2022 года стала вядома пра затрыманне 60-гадовай жыхаркі Фаніпаля. На прымусовым відэа Вольга Краўчук кажа аб тым, што яе затрымалі з-за таго, што ўбачылі на тэлефоне «рэпосты» з T*T.ВY, «В*сны» і іншых «экстрэмісцкіх» крыніц. Таксама жанчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых мітынгах — яна кажа, што гэта радасць і шчасце, што ў Беларусі былі такія мірныя акцыі пратэсту. Паводле сілавікоў, Вольгу арыштавалі на 15 сутак.

20 затрыманых, збіццё, нечалавечыя ўмовы ў ІЧУ: «хапун» 24 студзеня

Паралельна з судамі супрацоўнікі міліцыі да гэтага часу праглядаюць відэа з акцый пратэсту ў Фаніпалі, ідэнтыфікуюць і затрымліваюць мясцовых жыхароў. Так, паводле мясцовых, 24 студзеня 2023 года затрымалі каля 20 чалавек. Сярод іх — жонка палітзняволенага Ігара Пастухова Таццяна, Рабчэня, Вайтовіч, Гайдукевіч, Таццяна Залатар, Мікалай і Наталля Губіны, Максім Самброс, Ладарыя Кузняцова.

Мясцовыя налічылі 15 затрыманых знаёмых, але ў міліцыі сказалі, што затрымана 20 чалавек. Супраць іх узбудзілі крымінальныя справы. У адносінах да жанчын абралі меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі, іх вызвалілі з падпіскамі аб нявыездзе, паручальніцтвамі, пад заклад.

«Адну дзяўчыну затрымалі з грудным дзіцем. Трэба сказаць, што чалавечны ў нас ГУБАЗіК — не кінулі груднога дзіцяці аднаго дома, а прывезлі з маці ў Дзяржынскі РАУС», — распавядаюць мясцовыя жыхары.

Паводле мясцовых, жонка аднаго з затрыманых 24 студзеня была моцна збіта.

Частку затрыманых адвезлі адразу ў ІЧУ на Акрэсціна, а частку пакінулі ў ІЧУ Дзяржынскага РАУСа.

«У нас сядзелі, як і ўсюды сядзяць: ні пасцельнай бялізны, ні матрацаў. У нашым ІЧУ няма гарачай вады — толькі халодная. Натуральна, ніякага душа. Шпацыраў у нашым ІЧУ у нас ніколі не было», — кажуць мясцовыя пра ўмовы ўтрымання.

Жыхары Фаніпаля распавядаюць, што ў мясцовым тэлеграм-чаце супрацоўнікі міліцыі заклікаюць мясцовых пісаць яўкі з павіннай.

Як сцвярджаюць мясцовыя, супрацоўнікі ГУБАЗіКа працягваюць ідэнтыфікаваць людзей па відэа, якое зафіксавала мітынг 12 жніўня 2020 года. На яго патрапіў увесь натоўп — больш за 600 чалавек. Таму яны заклікаюць паклапаціцца пра сваю бяспеку, калі ёсць пэўныя рызыкі.

«Раён застаецца пратэсным дагэтуль: сцяжкі на дрэвах, пікеты і г. д. перад Новым годам сабралі больш за 2000 рублёў на падарункі дзецям палітвязняў. Мы нават заданацілі 200 даляраў на полк Каліноўскага, а тыя ў адказ ад Койданава снарад падпісалі», — адзначаюць жыхары Фаніпаля.