Сяргея Ціханоўскага зноў пачнуць судзіць 14 лютага
Супраць блогера і прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы завялі новую справу паводле ч.2 арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы.
Як мяркуе следства, палітвязень падчас адбыцця тэрміну «сістэматычна дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі. За гэта неаднаразова падвяргаўся спагнанням».
Справу яго пачнуць разглядаць ужо 14 лютага ў судзе горада Жодзіна. Працэс будзе весці суддзя Іван Грынкевіч.
Сяргей Ціханоўскі — блогер, аўтар і вядоўца YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцця», апазіцыйны палітык, прадпрымальнік, палітычны зняволены. Лаўрэат прэміі імя Сахарава. Муж Святланы Ціханоўскай. У сакавіку 2019 года блогер стварыў YouTube-канал пад назвай «Краіна для жыцця», дзе распавядаў пра сацыяльныя праблемы.
На выбарах 2020 года ён вылучаўся ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла Сяргею ў рэгістрацыі, і яго жонка, Святлана Ціханоўская, незадоўга да закрыцця прыёму заявак падала свае дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты. Пасля таго, як Ціханоўскага адпусцілі са следчага ізалятара, ён узначаліў ініцыятыўную групу сваёй жонкі.
29 траўня 2020 года ў Гродне супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі Ціханоўскага на перадвыбарчым пікеце.
Сяргея Ціханоўскага асудзілі 14 снежня 2021 да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пастанавіў спагнаць з яго, а таксама з іншых пяцярых абвінавачаных па справе кампенсацыю шкоды ў памеры каля аднаго мільёна долараў. Палітычна матываваны прысуд асудзілі ў ЗША і ЕС.
КДБ унёс Сяргея ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
У жніўні Ціханоўскаму ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў Жодзіна на турэмны рэжым. Там яго бесперапынна змяшчалі ў ШІЗА.
Падтрымаць Сяргея лістамі салідарнасці і паштоўкамі:
Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А,
Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі