Хронікі рэпрэсій. Масавыя аблавы не спыняюцца — цяпер у Баранавічах і Фаніпалі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 3 лютага.
Анкахвораму беларусу, затрыманаму пасля вяртання з-за мяжы, адмовілі ў змене ўтрымання пад вартай.
У сярэдзіне снежня ў Баранавічах быў затрыманы 28-гадовы Анатоль Пугач. Затрыманне адбылося практычна адразу пасля вяртання мужчыны з Польшчы. Анатоль прыехаў у Беларусь на абследаванне: у яго выявілі рак.
Але мужчыну прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса за абразу Лукашэнкі і заключылі пад варту. Абарона прасіла змяніць меру стрымання. Аргументам супраць гэтага стаў польскі від на жыхарства, суддзя Ірына Паўлоўская адмовілася змяніць меру стрымання на хатні арышт.
* * *
У Гомелі затрыманы вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка Вікторыя. Па словах актывіста Іллі Міронава, затрыманне адбылося ў мінулую пятніцу, 27 студзеня. Актывіст не ведае, дзе цяпер трымаюць Гаўрыліных — Дзмітрыя няма ў СІЗА-3.
* * *
МУС у чарговы раз абнавіла «спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У яго дадалі яшчэ 18 чалавек. Сярод іх — муж і жонка журналісты Сняжана Інанец і Аляксандр Лычаўка, асуджаныя на «хатнюю хімію» за ўдзел у маршах, палітвязень Уладзіслаў Война, асуджаны на два гады калоніі за відэа самалётаў у Жлобіне, Яўген Батура, асуджаны на «хатнюю хімію» за ўдзел у маршы МТЗ, палітвязень, кіраўнік незалежнага прафсаюза на «Беларуськаліі» Аляксандр Мішук.
На сёння ў «спісе экстрэмістаў» 2388 чалавек.
* * *
Сілавікі зацікавіліся работнікамі рэгіянальнага філіяла завода «Атлант» — Баранавіцкага станкабудаўнічага завода. Як распавёў супрацоўнік прадпрыемства, днямі адтуль звольнілі пяць чалавек. Кажуць, гэта яшчэ не канец. Падставай стала фатаграфія ля прахадной з плакатамі і паднятымі ўверх рукамі ў жэсце «Вікторыі».
* * *
У горадзе Фаніпаль Дзяржынскага раёна сілавікі затрымліваюць людзей за ўдзел у мітынгах у жніўні 2020 года. Па звестках праваабаронцаў, жыхароў горада затрымліваюць у рамках крымінальнай справы па артыкуле 324 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Высветлілася, што супрацоўнікі ГУБАЗіК ідэнтыфікуюць людзей па відэа, на якім зафіксаваны мітынг. На запіс трапіў цэлы натоўп — больш за 600 чалавек.
* * *
У Баранавічах 2 лютага, прыкладна ў 6.00, да дома Мікалая Чарнавуса-малодшагапрыехалі дзесяць сілавікоў у бронекамізэльках са зброяй. Яны акружылі дом, пералезлі праз плот і сталі гучна грукаць у вокны, патрабуючы адчыніць дзверы. Пасля ператрусу Мікалая вывелі ў кайданках.
Мікалай Чарнавус-малодшы — сын вядомага актывіста прадпрымальніцкага руху Мікалая Чарнавуса. Чарнавус-малодшы быў сябрам АГП, спрабаваў стаць дэпутатам парламента ў 2016 годзе і аблсавета ў 2018-м.
Чарнавуса павінны былі судзіць 3 лютага па адміністрацыйнай справе. У чым яго абвінавачваюць, ці быў суд, і які вырак, пакуль невядома.
* * *
* * *
У судзе Савецкага раёна Мінска 24 студзеня вынесены прысуд 18-гадовай Дар'і Ганіч і 19-гадовай Кацярыне Снігіровай, якіх абвінавацілі ў здзеках над дзяржаўнымі сімваламі. Паводле абвінавачання, сяброўкі 22 лістапада 2022 года, знаходзячыся каля інтэрната КТУП «Мінскі Камароўскі рынак», сарвалі з фасада гэтага будынка дзяржаўны сцяг. Затым дэманстратыўна махалі ім, ідучы па вуліцы Беламорскай, пасля чаго кінулі яго на зямлю.
Пры гэтым свае дзеянні яны здымалі на камеру мабільнага тэлефона, а фота- і відэафайлы выкладвалі ў групу ў сацыяльнай сетцы, чым нібыта публічна здзекаваліся з дзяржаўнай сімволікі.
Дзяўчыны прызналі віну ў поўным аб'ёме. Суд пастанавіў прызначыць Кацярыне Снігіровай абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін паўтара года, а Дар'і Ганіч — арышт на тэрмін тры месяцы.
* * *
Галоўную рэдактарку інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Ірыну Леўшыну перавялі ў гомельскую калонію. Як паведамляе «Позірк», яе этапавалі туды пасля разгляду апеляцыі. Да гэтага Ірына Леўшына знаходзілася ў гомельскім СІЗА.
Нагадаем, 6 кастрычніка 2022 года Мінскі абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву, ягонай жонцы Ірыне Злобінай, былому дырэктару агенцтва Дзмітрыю Наважылаву і галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай. Ірына атрымала чатыры гады зняволення.
Вярхоўны Суд пакінуў без задавальнення апеляцыйную скаргу Леўшынай і іншых асуджаных па «справе БелаПАН» 6 студзеня гэтага года.
* * *
Чарговай ахвярай правакатара Ігара Канюшыка стаў 22-гадовы хлопец з Бабруйска Яўген Драздоў. Ён вучыцца ў Лідскім каледжы на будаўнічым аддзяленні. Відэа з ім выклалі на каналах ГУБАЗіКа. У чат-рулетцы хлопец нібыта сказаў, што трэба «забіваць ябацек». Пасля ён патлумачыў, што ўспрымаў размову як жарт.
Нагадаем, Ігар Канюшык — ветэран Афганскай вайны, які шукае і здае іншадумцаў у чат-рулетцы. Вядома таксама, што ён быў сведкам у судах па палітычных справах, калі людзей затрымлівалі па ягоных даносах.