Пасля Фаніпаля сілавікі ўчынілі хапун у Лепелі

Сілавікі наведаліся дадому мінімум як да шасці жыхароў Лепеля Віцебскай вобласці. У некаторых былі праведзеныя ператрусы. Частка людзей была дастаўленая ў мясцовы РАУС і з імі былі праведзеныя прафілактычныя гутаркі. Але, як пішуць сілавікі ў сваім ТГ-канале, дадому вярнуліся ў той дзень не ўсе, камусьці прыйшлося застацца ў Лепельскім ІЧУ, на іх завялі адміністрацыйныя справы.

387367_original.jpg

Як стала вядома праваабаронцам, сярод затрыманых у Лепелі аказаўся хлопец чалавека з інваліднасцю. Яго аштрафаваў Лепельскі суд на 720 беларускіх рублёў быццам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яго маці на суд не пусцілі, сказалі, што суд будзе на наступны дзень, але пасяджэнне адбылося ў той жа дзень. Такая практыка ў судзе стала ўжо даволі частай. Так падманвалі родных і ў іншых раённых судах Віцебскай вобласці.

Паводле родных аштрафаванага, малады чалавек ні ў якіх акцыях не ўдзельнічаў, не посціў і не лайкаў навіны з так званых экстрэмісцкіх каналаў. А проста ў сваім сяброўскім асяродку выказваўся супраць вайны, якую развязала Расея ва Украіне і якую падтрымліваюць улады Беларусі.

Раней паведамлялася пра аблаву ў Фаніпалі, што пад Мінскам. Мясцовых жыхароў сілавікі тэрарызуюць праз удзел у акцыях пратэсту 2020 года. Зазначалася, што затрыманыя трапілі на фота з мітынгу 12 жніўня 2020 года, які сабраў 600 чалавек.

Як паведамлялі праваабаронцы, апошняя аблава адбылася 24 студзеня 2023 года. Падчас яе затрымалі каля 20 чалавек. Сярод іх — жонка палітзняволенага Ігара Пастухова Таццяна, Рабчэня, Вайтовіч, Гайдукевіч, Таццяна Залатар, Мікалай і Наталля Губіны, Максім Самброс, Ладарыя Кузняцова, паведамляюць праваабаронцы.

Мясцовыя налічылі 15 затрыманых знаёмых, але ў міліцыі сказалі, што затрымана 20 чалавек. Супраць іх завялі крымінальныя справы. У дачыненні да жанчын абралі меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі, іх вызвалілі з падпіскамі аб нявыездзе, паручальніцтвамі, пад заклад.

«Адну дзяўчыну затрымалі з грудным дзіцем. Трэба сказаць, што чалавечны ў нас ГУБАЗіК — не кінулі грудное дзіця адно дома, а прывезлі з маці ў Дзяржынскі РАУС», — распавядаюць мясцовыя жыхары.

Паводле мясцовых, жонка аднаго з затрыманых 24 студзеня была моцна збітая.

Частку затрыманых адвезлі адразу ў ІЧУ на Акрэсціна, а частку пакінулі ў ІЧУ Дзяржынскага РАУСа.

«У нас сядзелі, як і ўсюды сядзяць: ні пасцельнай бялізны, ні матрацаў. У нашым ІЧУ няма гарачай вады — толькі халодная. Натуральна, ніякага душа. Прагулак у нашым ІЧУ ў нас ніколі не было», — кажуць мясцовыя пра ўмовы ўтрымання.

Жыхары Фаніпаля распавядаюць, што ў мясцовым тэлеграм-чаце супрацоўнікі міліцыі заклікаюць мясцовых пісаць яўкі з павіннай.

Як сцвярджаюць мясцовыя, супрацоўнікі ГУБАЗіКа працягваюць ідэнтыфікаваць людзей па відэа, якое зафіксавала мітынг 12 жніўня 2020 года. На яго патрапіў увесь натоўп — больш за 600 чалавек. Таму жыхары заклікаюць паклапаціцца пра сваю бяспеку, калі ёсць пэўныя рызыкі.

«Раён застаецца пратэсным дагэтуль: сцяжкі на дрэвах, пікеты і г. д. перад Новым годам сабралі больш за 2 000 рублёў на падарункі дзецям палітвязняў. Мы нават заданацілі 200 даляраў на полк Каліноўскага, а тыя ў адказ ад Койданава снарад падпісалі», — адзначаюць жыхары Фаніпаля.