Падчас хапуна ў Іванаве сілавікі застрэлілі сабаку затрыманай настаўніцы
Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці масавага хапуна ў Іванаве, які адбываецца апошнія два дні. Ён санкцыяваны пракурорам Сяргеем Жуковічам. Ператрусы праходзілі ў актывістаў і ў тых, каго раней прыцягвалі па палітычных справах — паведамляецца, што некаторым людзям разграмілі кватэры.
Пацвердзілася інфармацыя пра тое, што міліцыянты застрэлілі
сабаку настаўніцы Алены Пуцыковіч, якая адбывае
«хатнюю хіміі» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Яны пагражалі
зрабіць гэта ўжо не аднойчы і ўчора мэтанакіравана застрэлілі хатняга
гадаванца. Міліцыянты хацелі таксама застрэліць сабаку Марыны Кіявец, але тая
змагла яе абараніць.
Таксама стала вядома, што сёння адбыліся суды над
затрыманымі: Тамара Падымка — 30 базавых штрафу, Марына Кіявец — 29 базавых
штрафу, Дзіяна Міховіч — 15 сутак арышту. Тамару і Марыну судзілі паводле арт.
19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), Дзіяну — паводле арт. 24.3
КаАП РБ (непадпарадкаванне міліцыянтам).
У Марыны трое непаўнагадовых дзяцей, аднак яе дагэтуль не
вызвалілі пасля ўчорашняга затрымання (па законе, яе павінны былі адпусціць
праз 3 гадзіны). Паведамляецца, што на яе склалі тры пратаколы, таму могуць
судзіць некалькі разоў запар — пасля сённяшняга суда жанчыну адразу
перазатрымалі.
Таксама вядома, што сярод затрыманых мужчына па прозвішчы Савіцкі, а таксама Дзмітрый
Сянчук і Аляксандр Юшкевіч.
Затрыманні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і «Алмазу». У
адным з РАУСаў мужчыне павязалі на шыю БЧБ-сцяг і пагражалі задушыць. У кішэні
яму таксама засунулі БЧБ-сцягі — так з ім запісвалі «пакаяльнае відэа».