Палітвязня асудзілі да 5 гадоў па артыкуле «перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»
Што за журналіст — пакуль невядома. Сам палітвязень Глеб Гладкоўскі быў абвінавачаным па так званай «справе Зельцэра».
Як паведамляюць праваабаронцы, Мінскі гарадскі суд пасля доўгага перапынку 1 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага.
Вядома, што Глебу выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза Лукашэнкі»), арт. 198 КК («Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»), ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»).
Справу разглядала суддзя Святлана Чарапанава.
Глеб Гладкоўскі — вядомы арганізатар аэраздымак квадракоптарамі. Быў затрыманы 30 верасня 2021 года ў Брэсце паводле крымінальнай справы, распачатай за каментарыі ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Вядома, што Глеб пакінуў паведамленне «Димон ту-ду-ту» (паводле музыкі з фільма «Бумер»).
Напачатку Гладкоўскі ўтрымліваўся ў СТ-8 у Жодзіне, у сярэдзіне траўня 2022 года стала вядома аб пераводзе палітвязня ў СІЗА-1 Мінска. 8 лістапада распачаўся разгляд справы палітвязня.
Суд прызнаў Глеба Гладкоўскага вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на пяць гадоў.