Праца як пакаранне
Даследчыкі вылучаюць пяць асноўных грамадскіх функцый працы: спажывецкая, сацыяльная, стваральная, чалавекатворная і свабодатворная. Як думаеце, якой адпавядае праца беларускіх зняволеных?
Крыху тэорыі. Спажывецкая функцыя працы лічыцца найважнейшай: праца трэба чалавеку для задавальнення яго патрэбаў у ежы, вопратцы, забавах. Праца служыць таксама для вызначэння і павышэння сацыяльнага статусу чалавека, для фарміравання сацыяльных слаёў у грамадстве і іх узаемаадносінаў. У гэтым — сацыяльная функцыя. Стваральная функцыя выяўляецца ў тым, што, працуючы, чалавек стварае каштоўнасці, якімі можа карыстацца ўсё грамадства. Працуючы, чалавек развіваецца, павышае сваю кваліфікацыю, узровень ведаў, узрастае яго самаацэнка і павага да яго з боку іншых людзей — у гэтым чалавекатворная функцыя працы. Свабодатворная функцыя: менавіта ў працы чалавек адкрывае і спазнае законы развіцця прыроды, людзей і грамадства, што дазваляе яму, з аднаго боку, прагназаваць наступствы сваёй дзейнасці, а з другога — адкрывае новыя магчымасці для самавыяўлення.
Кожны, хто трохі знаёмы з арганізацыяй працоўнага працэсу ў айчынных пенітэнцыярных установах, будзе ў разгубленасці: складана суаднесці высокія паняцці і працоўныя будні нашых зняволеных.
Вязні са стажам і ветэраны крымінальна-выканаўчай сістэмы памятаюць часы СССР, калі прадпрыемствы пры калоніях грымелі кругласутачна, а ля прахадных стаялі чэргі аўтамабіляў у чаканні прадукцыі. Гістарычна гэтая традыцыя бярэ свой пачатак з часоў ГУЛАГу, калі правадырам Савецкага Саюза прыйшла ідэя выкарыстаць дармавую і нямую працоўную сілу для максімальнага паскарэння індустрыялізацыі.
З невялікімі касметычнымі зменамі гэтая сістэма праіснавала да развалу СССР. Планава-размеркавальная эканоміка дазваляла не надта затлумляцца асартыментам і якасцю прадукцыі, а спажывец і не ўяўляў, што значная частка тэлевізара «Гарызонт», які пастаянна ламаецца, сабрана ў Ваўкавыскай папраўча-працоўнай калоніі №11. А легендарнае «вядро з гайкамі» — матацыкл «Днепр» з каляскай — амаль цалкам сабраны ў калоніі непадалёк ад Кіева. Ды што там тэлевізар — самі калоніі часцяком і ствараліся пры буйных прадпрыемствах, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць хай некваліфікаваную, але танную працоўную сілу. ПК-9 у Горках першапачаткова будавалася пры цагляным заводзе, ПК-2 у Бабруйску — пры «Белшыне», ПК-20 (тады — ЛПП) — пры НПЗ, і гэтак далей.
Сацыяльна-эканамічныя змены ў грамадстве, што адбыліся пасля распаду СССР, адбіліся і на пенітэнцыярнай сістэме, у тым ліку на яе вытворчым комплексе. Прадукцыя папраўчых устаноў, якая ва ўмовах татальнага дэфіцыту прадавалася без праблем, хутка стала не канкурэнтаздольнай. Як вынік, рэзка скарацілася колькасць працоўных месцаў на прадпрыемствах гэтай сістэмы. А задачу 100-працэнтнага «працавыкарыстання» (слова ж якое!) спецкантынгенту ніхто не адмяняў! Вось і атрымліваецца, што нават у тых нешматлікіх установах, дзе захавалася больш-менш моцная вытворчасць, на адно працоўнае месца выводзяць па два-тры чалавекі. У большасці ж папраўчых устаноў працоўны працэс палягае ў «здабыцці каляровых металаў» спосабам ачысткі электрадроту ад ізаляцыі, ва ўтылізацыі адпрацаваных або бракаваных аўтапакрышак, і таму падобнай «грамадска-карыснай» дзейнасці.
Яно б і нічога, калі б такая некваліфікаваная, цяжкая, брудная праца адбывалася ў чалавечых умовах і, галоўнае, адэкватна аплачвалася! Але… Прывядзем копію даведкі аб заробку аднаго з такіх работнікаў.
Паводле часткі 1 артыкула 100 Крымінальна-выканаўчага кодэкса (КВК), «асуджаныя да пазбаўлення волі маюць права на аплату працы ў адпаведнасці з заканадаўствам». Што ж гэта за заканадаўства, калі чалавек, які адпрацаваў 23 дні (161 гадзіну), зарабіў за месяц крыху больш за адзін долар, а асноўны яго «даход» у гэтым месяцы — аж 16,25 рублёў, — паўстаў толькі дзякуючы «грамадска-карыснай» працы ў начны час?
Дзеля справядлівасці адзначым, што ў некаторых установах ёсць кваліфікаваныя працоўныя месцы, і, калі накіраваны ў калонію асуджаны мае неабходную спецыяльнасць, у яго, пры жаданні, ёсць шанцы атрымаць месца, якое будзе дастаткова высокааплатным (па мерках пенітэнцыярнай сістэмы, зразумела). Разам з тым мы не закранаем праблему ўтрыманняў з асуджаных за харчаванне, адзенне, камунальна-бытавыя паслугі. Толькі памер такіх утрыманняў здольны звесці да мінімуму імкненне асуджанага працаваць нават на нядрэнным месцы.
КВК Беларусі вызначае абавязковасць працы для кожнага асуджанага. Многія юрысты расцэньваюць гэта як прамое парушэнне правоў чалавека — прымусовую працу. Забарона прымусовай працы ўтрымліваецца ў шэрагу ратыфікаваных, а значыць, абавязковых для выканання нашай краінай міжнародных дакументаў: Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыі №29 і 105 Міжнароднай арганізацыі працы. Зрэшты, прымусовая праца забароненая і артыкулам 41 Канстытуцыі Беларусі, і артыкулам 13 Працоўнага Кодэксу.
Але нават калі чалавек працуе не па сваёй добрай волі, а па прымусе, не мае права абіраць ні месца працы, ні прафесію, ні графік працы, ні іншыя ўмовы, зарабляе пры гэтым ад аднаго да дзесяці долараў у месяц — што гэта, як не рабская праца?
Як піша Вікіпедыя, рабства — гэта «ў сучасных умовах сацыяльная з’ява, якая характарызуецца татальным абмежаваннем правоў чалавека (асобы або групы асоб), яго свабоды, асабістай недатыкальнасці, прымусам да паднявольнай працы, да выканання працы, не абмежаванай па часе або нявызначанай па характары, да сексуальнай несвабоды, а таксама эксплуатацыі асобы ў якасці аб’екта права ўласнасці (шляхам продажу, здачы ў наём і іншае)».
Што ў гэтым вызначэнні не адпавядае сённяшняму становішчу беларускага асуджанага? Пра выпадкі продажу зняволеных мы пакуль не чулі, але ў арэнду іх здаюць напоўніцу, і, зразумела, згоды «суб’екта арэнды» ніхто не пытае.
Можа ўзнікнуць пытанне: няўжо будзе справядліва, калі чалавек, што здзейсніў злачынства, будзе гультаіць, а яго ўтрыманне ў месцах зняволення цалкам возьме на сябе і так ужо абрабаваны ім пацярпелы? Зразумела, не. Бяздзеянне — з’ява ненармальная ні на волі, ні ў месцах зняволення. Каб годна жыць, быць паўнавартасным чальцом грамадства, працаздольны чалавек павінен працаваць: менавіта прадаючы сваю працоўную сілу, грамадзянін атрымлівае сродкі для задавальнення сваіх патрэбаў. Чалавек, які не мае такіх сродкаў, нярэдка абірае злачынныя спосабы іх атрымання. Паводле афіцыйнай статыстыкі, амаль дзве траціны ўсіх злачынстваў у Беларусі здзяйсняюцца людзьмі, якія не працуюць і не вучацца. Таму важна, каб да моманту вызвалення чалавека з месца пазбаўлення волі ў яго было сфарміраванае свядомае імкненне працаваць.
Але калі з дня на дзень, з году на год (сярэдні тэрмін пазбаўлення волі ў Беларусі перавышае шэсць гадоў!) чалавек пад прымусам займаецца зневажальнай, некваліфікаванай, практычна не аплачваемай, па-сутнасці, рабскай працай — няўжо ў яго сфармуецца імкненне да працы? Ці выйдзе на волю ён з жаданнем сумленна працаваць? За такі доўгі тэрмін і з такім падыходам да арганізацыі працы пенітэнцыярная сістэма, хутчэй, сфармуе прыстасаванцаў з грэблівым стаўленнем да працы і накіраванасцю на паразітычны лад жыцця.
Вернемся ў пачатак артыкула. Якія з пяці пералічаных функцый можна знайсці ў працы зняволенага? Ці дапамагае праца асуджанага задаволіць яго патрэбы ў ежы, вопратцы, забавах (спажывецкая функцыя)? Якія каштоўнасці, якімі магло б карыстацца грамадства, стварае небарака, голымі рукамі ачышчаючы ізаляцыю з дроту (стваральная)? Ці здольная такая праца павысіць статус работніка (сацыяльная)? Ці будзе асуджаны для выканання падобнай працы вывучаць спецыяльную літаратуру, імкнуцца павышаць кваліфікацыю, у выніку чаго ўзрасце яго самаацэнка і павага да яго з боку іншых людзей (чалавекатворная)? Ці служыць такая праца мэтам самавыяўлення (свабодатворная)?
Пытанні, вядома, рытарычныя. Ці існуе канструктыўнае рашэнне праблемы неэфектыўнай, прымусовай, рабскай працы зняволеных?
У гэтай сферы наспела кардынальная рэформа. Яе сутнасцю павінна стаць карэннае змяненне задач прамысловых падраздзяленняў сістэмы выканання пакаранняў: замест атрымання прыбытку — укараненне сістэмы фарміравання пазітыўнай матывацыі да працы. Неабходна ствараць умовы, пры якіх зняволены будзе прымаць рашэнне працаваць добраахвотна, самастойна, свядома, а не пад прымусам ці ў выніку запалохвання. Верагодна, працоўную дзейнасць, добрасумленнае выкананне працоўных абавязкаў можна разглядаць у якасці аднаго з крытэраў для заахвочвання асуджаных, у тым ліку — для замены пакарання больш мяккім, умоўна-датэрміновым вызваленнем. Маюцца і іншыя, больш канкрэтныя прапановы па гэтай тэме, і праваабаронцы гатовыя прадставіць іх зацікаўленым.
«Калі б захацелі цалкам раздушыць, знішчыць чалавека, пакараць яго самым жахлівым пакараннем, то варта было б толькі надаць працы характар дасканалай, поўнай бескарыснасці і бессэнсоўнасці», — гэтыя словы Фёдар Дастаеўскі напісаў больш за 150 гадоў таму. Глядзіце самі, наколькі актуальныя яны сёння.