Польскія ўніверсітэты прапануюць бясплатнае навучанне для беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі

Універсітэты ў Варшаве, Любліне, Познані і іншых польскіх гарадоў прымаюць заяўкі ад беларусаў, якія жадаюць прадоўжыць навучанне ў Польшчы.

jahelonski_univer.jpg


Польскія ўніверсітэты прапануюць вучыцца ў іх беларусам, якія пацярпелі падчас акцый пратэстаў у Беларусі і былі пазбаўлены магчымасці працягваць адукацыю на бацькаўшчыне.

У сувязі з рэпрэсіямі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі маладыя людзі, якія не змогуць працягваць у 2020/2021 навучальным годзе адукацыю ў Беларусі, атрымаюць такую магчымасць у Польшчы. Колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы ўвесь час павялічваецца, за апошнія пяць гадоў — удвая.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі адзначыў:

— У Польшчы ўжо цяпер вучыцца больш за 10 тысяч беларускіх студэнтаў. Але мы хочам, каб іх было больш. Мы хочам, каб нашы ВНУ сталі гадавальнікамі польска-беларускага сяброўства. Вядома, што маладыя людзі з Беларусі, якія пазнаюць жыццё ў Польшчы, потым едуць назад у Беларусь і нясуць з сабой вестку пра тое, што Польшча — гэта прыязная да Беларусі краіна, што мы хочам жыць у вялікай дружбе і супрацоўніцтве. У будучыні мы хацелі б мець вельмі глыбокае эканамічнае, навуковае, культурнае супрацоўніцтва з Беларуссю. У нас ёсць цудоўная агульная гісторыя і мы моцна паважаем беларускі народ і яго дасягненні. І таму хацелася б адзначыць, што наша дапамога будзе накіравана не толькі рэпрэсіраваным асобам, хаця тыя, хто быў рэпрэсіраваны, праследаваўся рэжымам Лукашэнкі, могуць спадзявацца на асаблівую дапамогу з боку польскай дзяржавы і таксама з боку Еўрапейскага саюза.

Частка студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы, вяртаюцца ў Беларусь і спадзяюцца, што на гэты раз ім удасца адстаяць свабоду ў сваёй краіне.

Яшчэ 21 жніўня, у знак салідарнасці з беларусамі, рэпрэсіраванымі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, у Варшаўскім універсітэце, перад Казіміраўскім палацам былі выстаўлены беларускія бела-чырвона-белыя сцягі. Рэктар Варшаўскага ўніверсітэта праф. Марцін Палыс адзначыў у сваёй заяве: «Наша акадэмічная супольнасць падтрымлівае ўсіх, хто прагне свабоднай, дэмакратычнай, грамадзянскай і законапаслухмянай Беларусі. Мы хочам выказаць гэтым людзям удзячнасць і салідарнасць. Вы з'яўляецеся прыкладам для пераймання».

Марцін Палыс адзначыў, што Варшаўскі ўніверсітэт працягне і пашырыць дзейнасць па падтрымцы людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў улад Рэспублікі Беларусь.

Паводле www.polskieradio.pl